Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЛАБЫ ДАЛЯР ШКОДЗІЦЬ ГЛЯБАЛЬНАМУ ЭКАНАМІЧНАМУ РОСТУ


Кастусь Бандарук, Прага

Дагэтуль амэрыканскія ўлады не зьвярталі ўвагі на зьніжэньне курсу даляра, аднак гэтым разам часткова прыслухаліся да думкі астатніх краінаў “вялікай сямёркі”. У прыватнасьці, абясцэньваньнем даляра і няспынным даражаньнем эўра занепакоеныя эўрапейскія краіны, якія лічаць гэта перашкодай ў выхадзе з эканамічнага крызісу. З 2002 году абменны курс амэрыканскага даляра зьнізіўся ў дачыненьні да эўра на 40%, а цягам апошніх пару месяцаў – на 10%. Сёньня за адзін эўра трэба было заплаціць 1,27 амэрыканскага даляра. На заканчэньне сустрэчы ў Флёрыдзе міністры падпісалі пагадненьне, у якім адзначылі, што “празьмерная зьменлівасьць і неўпарадкаванасьць абменнага курсу нявыгадныя для эканамічнага росту” і вырашылі прадпрыняць пэўныя крокі, каб падтрымаць амэрыканскую валюту. На думку міністра фінансаў Вялікабрытаніі Гордана Браўна, сумеснае камюніке пасьля сустрэчы зьяўляецца вынікам кансэнсусу і доказам аднадумнасьці “вялікай сямёркі” ў эканамічных пытаньнях.

(Браўн: ) “Я думаю, вельмі важна прызнаць, што такая была пазыцыя ўсіх тут прысутных. Важна ўлічваць, што мы робім гэты крок ва ўмовах умацаваньня эканомікі. Мы засяроджваемся на галінах, у якіх магчымы прагрэс – на гандлі і рэформах”.

Пакуль не вядома, як на практыцы спрацуе гэтае пагадненьне, тым болей, што міністар фінансаў ЗША Джон Сноў выказаў трохі іншую думку. Ён прызнаў, што нестабільнасьць абменнага курсу дрэнная, але адзначыў, што цэнтральным банкам не выпадае ўплываць на рынкавую вартасьць валюты.

(Сноў: ) “Моцны даляр – гэта палітыка ЗША цягам даўжэйшага часу. Гэта ў нашым нацыянальным інтарэсе. Але вартасьць валюты ў дачыненьні да іншых валютаў павінна быць вынікам рынкавага спаборніцтва. Калі штучна падпіраць валюту, гэта ня зробіць яе моцнай. Моц валюты вынікае з асноўных прынцыпаў: попыту і прапановы на свабодным рынку”.

Са слоў Джона Сноў аглядальнікі зрабілі выснову, што ЗША відавочна ня схільныя ўмешвацца ў правілы валютнага рынку, каб дапамагчы сваёй валюце. Справа ў тым, што нізкі або высокі абменны курс валюты мае свае і плюсы, і мінусы. Слабы даляр больш выгадны для амэрыканскага экспарту і стымулюе прамысловую вытворчасьць, што карыснае для прэзыдэнта Буша ў кантэксьце восеньскіх выбараў. З прычыны таннага даляра амэрыканцы меней купляюць тавараў за мяжою, а гэта дапамагае зьменшыць дэфіцыт ЗША ў замежным гандлі. З другога боку, танны даляр зьмяншае наплыў замежных крэдытаў і можа прымусьць ўрад ЗША да падвышэньня працэнтнай стаўкі на атрыманьне крэдытаў. У выніку прадпрыемствам будзе цяжка сплачваць крэдыты, што запаволіць эканамічны рост. Што тычыцца эўрапейцаў, дык моцны эўра зьмяншае іхны экспарт. Гэта, у прыватнасьці, вельмі шкодна для буйных экспартэраў Францыі і Нямеччыны і перашкаджае ім у выхадзе з эканамічнага крызісу. На думку аднаго з эканамістаў Цэнтральнага Эўрапейскага Банку, нават такая стрыманая заява міністраў фінансаў “вялікай сямёркі” павінна супакоіць фінансавыя рынкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG