Абодва памежныя пераходы будуць мець турыстычны характар. Празь пераход у Белавежы беларускія і польскія турысты змогуць наведваць замежную частку Белавескай пушчы. Што да пераходу ў мясцовасьці Рудаўка на шлюзе Аўгустоўскага каналу, дык зь яго ў першую чаргу змогуць скарыстацца аматары паходаў на байдарках, якія атрымаюць магчымасьць плыць з Польшчы аж да Нёману.
Гэтыя два пераходы будуць працаваць удзень, і каб перайсьці празь іх, відаць, будзе патрэбная віза. Прэсавая сакратарка Падляскага аддзелу службы аховы межаў Польшчы Ганна Влошын-Врона, аднак, не выключыла, што ў будучым могуць быць дасягнутыя адпаведныя міжнародныя дамоўленасьці, на падставе якіх рэжым пераходу мяжы ў турыстычных мясьцінах будзе спрошчаны.
(Влошын-Врона) “Пакуль пляны адкрыцьця новых пераходаў прадугдледжваюць захаваньне візавага рэжыму, аднак яшчэ ня ўсе пытаньні ў сувязі з гэтым канчаткова вырашаныя. Для таго, каб арагнізаваць спрошчаны рух праз гэтыя пераходы, павінны быць дамоўленасьці на міжнародным узроўні”.
Паведаміла Ганна Влошын-Врона.
На міжнародным узроўні, гэта значыць паміж Менскам і Брусэлем, пытаньне спрошчанага парадку пераходу мяжы для жыхароў памежнай паласы і памеру самой гэтай паласы вырашае ўжо ня польскі ўрад, а Эўрапейская Камісія, бо менш чым праз тры месяцы ўсходняя мяжа Польшчы стане ўсходняй мяжой Эўрапейскага Зьвязу.