“Віцебскі пралетары”, 1934 год:
“На твары кітайца Лі Вана — ударніка калгасу “Маркавічы” зьзяе шырокая ўхмылка. Ад яе хударлявы жоўты твар маладзее, на імгненьне згладжваюцца яго шырокія маршчыны. Лі Ван стаіць ля дзьвярэй праўленьня калгасу і трымае ў руках дзьве маленькія разьліковыя кніжачкі. Адна — яго ўласная, а другая — жонкі. У кніжачках гэтых калгасны рахункавод падвёў вынік іх гадавой работы. Усяго ў Лі Вана і ў жонкі — 530 працадзён. Яны атрымоўваюць 90 пудоў збожжа, 135 пудоў бульбы, 80 пудоў гародніны, 116 кг розных бабовых і 560 руб. наяўнымі грашыма. Радасьць, аграмадная радасьць, якая хвалюе кроў і прымушае мацней біцца сэрца, ахоплівае Лі Вана, чытаючы гэтыя словы і лічбы, напісаныя ў маленькай кніжачцы”.
“Народная газета”, 1994 год:
“Учора ў маскоўскім Доме кінэматаграфістаў прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, дэмакратычных арганізацый, беларускага зямляцтва разьвіталіся зь пісьменьнікам Алесем Адамовічам. Масквічы добра яго ведалі ня толькі як майстра мастацкага і публіцыстычнага слова, але і як актыўнага змагара за абнаўленьне грамадзтва. Разьвітацца зь нябожчыкам прыйшлі М.Гарбачоў, Я.Гайдар, А.Якаўлеў, паэт А.Вазьнясенскі і іншыя палітычныя дзеячы, майстры культуры, работнікі амбасады Беларусі ў Маскве. Пасьля трызны труну зь целам нябожчыка адправілі ў Менск. Згодна пажаданьню пісьменьніка ён будзе пахаваны на радзіме, побач з магілай маці”.
“Бабруйскае жыццё”, 1994 год:
“Сродкі масавай інфармацыі прынесьлі жалобную вестку. На 67-м годзе жыцьця раптоўна памёр Алесь Адамовіч — беларускі пісьменьнік, публіцыст, літаратуразнаўца, кінасцэнарыст, актыўны грамадзкі дзеяч… Асаблівая заслуга Алеся Адамовіча ў тым, што ён адным зь першых прабіў сьцяну маўчаньня вакол Чарнобыльскай катастрофы, прыцягваў увагу сусьветнай грамадзкасьці да трагедыі, якая спасьцігла беларускі народ. Сьмерць Алеся Адамовіча — вялікая страта для айчыннай літаратуры, культуры, усяго беларускага народу, краін СНД. Згодна з завяшчаньнем Алесь Адамовіч будзе пахаваны ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёну, дзе прайшлі яго дзяцінства і юнацтва”.