Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЕРНІКІ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ АДСЬВЯТКАВАЛІ ВАДОХРЫШЧА


Галіна Абакунчык, Менск

У царкве Пятра й Паўла, што на вуліцы Ракаўскай у Менску, сьвяточныя набажэнствы цягнуліся зь дзьвюх гадзінаў ночы. І амаль увесь гэты час царква была поўная людзей, якія прыходзілі, каб памаліцца й паспавядацца. Але на Вадохрышча бальшыня наведнікаў перадусім імкнулася набраць сьвянцонай вады. Чарга па яе ў Петрапаўлаўскай царкве стаяла на сотні мэтраў цягам усяго дня.

(Карэспандэнтка: ) “Што для вас паход па сьвянцоную ваду?”

(Спадар: ) “Вельмі прыгожае гэта сьвята Вадохрышча: у трыццаць тры гады хрысьціўся наш Ісус Хрыстос. І неабходна, каб сьвянцоная вада заўсёды была ў хаце на выпадак, калі дзеткі захварэюць, а ў мяне іх трое”.

(Спадарыня: ) “Нават не магу сказаць. Проста дома асьвеціш сьцены, і здаецца, што здаравей сябе адчуваеш”.

(Спадар: ) “Усе ідуць па ваду, і я іду. Калі дрэнна — пап’ю. Дапамагае”.

(Спадарыня: ) “Спрадвеку ходзяць па гэтую ваду. Можа, Бог і мне дапаможа. Стаяць было цяжка, але мне мой кіёчак дапамагае”.

(Карэспандэнтка: ) “Даўно стаіце?”

(Спадар: ) “Дзьве гадзіны, можа, нават боьш. Вунь ад таго рагу вуліцы”.

(Спадарыня: ) “Вада сьвянцоная ў царкве, і калі п’еш, то нейкі спакой на душы. І гэта ня проста рытуал, у гэта трэба верыць”.

(Спадарыня: ) “Веру ў моцную сілу сьвятой вады, і калі нехта захварэе, то абавязкова лекуемся пры яе дапамозе. Але для гэтага абавязкова патрэбна, каб нешта было яшчэ і ў душы”.

Некаторыя людзі, якія гадзінамі стаялі ў чэргах, не маглі сказаць нічога дакладнага ні пра сьвята Вадохрышча, ні пра значэньне сьвянцонай вады. Але некаторыя нават згадвалі даўняе хрысьціянскае вучэньне, што ў гэты дзень вада сьвянцоная ва ўсіх азёрах, рэках і нават вадаправодах.

(Спадар: ) “Рэч такая, што я не прыйшоў па ваду. Я бяру ваду з крана, бо яе Бог асьвяціў. І гэтая вада прайшла ўжо ўсе выпрабаваньні: яна цудоўная, тая ж самая ды й сьвятары пра гэта кажуць. І вось гэтыя вялікія чэргі кажуць пра тое, што гэтыя людзі царкоўныя, але не зусім. Для іх набраць сьвянцонай вады, важны гэты рытуал. У мяне вельмі шмат знаёмых, якія ніколі ня ходзяць у царкву, але ваду бяруць у розных храмах і што пабольш. Я прыйшоў сюды, каб наталіцца атмасфэрай сьвята і пайду на працу, але вярнуся сюды ізноў”.

Падчас аднаго зь сёняшніх набажэнстваў, асьвячаючы ваду, і вернікам і ўсім прысутным сьвятар падкрэсьліў: памятайце, што душу й цела лекуе ўсё ж не вада, а вера.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG