Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСТАК МІКОЛА КУПАВА ВЫЙГРАЎ СУДОВЫ ПРАЦЭС У ГОМЕЛЬСКАГА ЛІКЁРА-ГАРЭЛАЧНАГА ЗАВОДУ


Ганна Соусь, Менск

Судовы працэс супраць Гомельскага лікёра-гарэлачнага заводу доўжыўся больш за год і скончыўся на карысьць мастака Міколы Купавы. Ягоны твор — акварэль “Вялікі князь Вітаўт” цягам некалькіх гадоў выкарыстоўваўся ў якасьці налепкі на пляшках гарэлкі “Князь”, якую прадукавалі вялікімі партыямі. Твор быў напісаны ў 1990 годзе,і як мяркуе Мікола Купава, карціну хутчэй за ўсё сфатаграфавалі на выставе. Налепкі друкавалі мільённымі накладамі ў гомельскай друкарні “Сож”, а таксама ў адной зь менскіх друкарняў.

(Купава: ) “Канечне, я б і ня ведаў пра гэта. Прадукцыя там у Гомельскай вобласьці й застаецца. Прывёз мне бутэльку мастак Агуновіч. Я спачатку не зразумеў, што гэта такое, але калі ўбачыў, што там мой твор апублікаваны, тады я зразумеў, што трэба змагацца”.

Тады Мікола Купава зьвярнуўся ў суд з пазовам, патрабуючы кампэнсацыі за парушэньне яго аўтарскага права. Як тлумачыць Мікола Купава, паводле закону завод павінен быў выплачваць яму 5% ад рэалізацыі гарэлкі з налепкай зь ягоным творам. Але сума, якую ён запатрабаваў, была значна меншая. Судовая справа разглядалася даволі доўга й у судах розных інстанцыяў. Рашэньне на карысьць мастака прыняла калегія Вярхоўнага суду, якая разглядае пытаньні аўтарскага права. Мікола Купава ня хоча называць сумы, якую яму павінен выплаціць Гомельскі лікёра-гарэлачны завод у якасьці матэрыяльнай кампэнсацыі, да таго ж грошай ён яшчэ не атрымаў. Як, дарэчы, і словаў прабачэньня з боку адміністрацыі заводу.

Гэта ўжо ня першы судовы працэс у Беларусі, краіне зь вельмі невыразна дзейным аўтарскім заканадаўствам. Першым прэцэдэнтам быў пасьпяховы судовы працэс драматурга Аляксея Дударава з гарадзенскімі гарэлачнікамі, якія выкарысталі назву ягонага кінасцэнару “Белыя Росы”. Аляксей Дудараў віншуе Міколу Купаву з выйграным судовым працэсам.

(Дудараў: ) “Віншую. Ён слушна зрабіў. Я такіх судоў выйграў ужо тры. Гарадзенскі лікёра-гарэлачны завод выпускаў гарэлку “Белыя Росы”. А “Белыя Росы” — гэта аб’ект аўтарскага права. Суд прызнаў за мной аўтарства на назву твору. І выплацілі, праўда сымбалічна, але выплацілі грошы”.

(Карэспандэнтка: ) “А якія былі два другія суды, якія вы выйгралі?”

(Дудараў: ) “Зь першай менскай птушкафабрыкай, якая мела сетку фірмовых крамаў, якія таксама называліся “Белыя Росы”. Дамаўляцца законна яны са мной адмовілся, і цяпер такіх крамаў у Менску няма”.

Цяпер Аляксей Дудараў судзіцца з кінастудыяй “Беларусьфільм”, якая не выплачвае аўтарскіх за выкарыстаньне мастацкага твору — фільму “Белыя Росы”.

І Аляксей Дудараў і мастак Мікола Купава кажуць пра тое, што парушэньне аўтарскага права ў Беларусі пакуль ёсьць вельмі распаўсюджанай зьявай, і пасьпяховыя судовыя працэсы ў гэтай справе пакуль яшчэ рэдкія з той прычыны, што многія аўтары проста не зьвяртаюцца ў суд, каб абараніць свае аўтарскія правы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG