Сёньня ў Беларусі пачынаюцца Каляды. Іх сьвяткуюць усе вернікі-хрысьціяне, апроч праваслаўных.
Біяграфічныя даты.
24 сьнежня ў 1491 годзе нарадзіўся Ігнат Лаёла, гішпанскі шляхціц, заснавальнік ордэна езуітаў. У расейскай традыцыі езуіты сталі назыўным імем, вобразам хітрасьці і каварства. Што да Беларусі, дык гэта не адпавядае гістарычнай праўдзе. Езуіты ў нас сталі галоўнымі арганізатарамі асьветы. Менавіта езуіцкія калегіюмы станавіліся ў нашых гарадах першымі унівэрсытэтамі.
24 сьнежня 1784 году нарадзіўся Зарыян Даленга-Хадакоўскі -- дасьледнік гісторыі і мовы. Ён прыйшоў на сьвет у вёсцы Гайна каля Лагойску. Скончыў каталіцкую вучэльню ў Слуцку. Даленга-Хадакоўскі стаў самым першым беларускім археолягам -- яшчэ ў 1818 годзе ён атрымаў дазвол Віленскага ўнівэрсытэту на раскопкі і пачаў вывучаць старажытныя курганы. Яго цікавіла паходжаньне роднага народу, расьсяленьне старажытных плямёнаў, іхны быт і культура. А яшчэ ў часе сваіх экспэдыцыяў Даленга-Хадакоўскі зьбіраў і запісваў народныя песьні.
24 сьнежня 1798 году нарадзіўся яшчэ адзін наш зямляк -- Адам Міцкевіч, аўтар славутай паэмы “Пан Тадэвуш“. Ён зьявіўся на сьвет на хутары Завосьсе каля Наваградка. У Наваградку скончыў школу і паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт. І пачалося ягонае багатае на падзеі жыцьцё. Адам Міцкевіч любіў і цаніў беларускую мову. У сваёй лекцыі ў калеж дэ франс у Парыжы ён назваў яе самай гарманічнай і з усіх славянскіх моваў найменш зьмененай. Праўда, пісаў свае вершы Міцкевіч па-польску. Бо пальшчызна ў ягоны час была ўжо прызнанай літаратурнай мовай, а беларушчына заставалася доляю фальклярыстаў і этнографаў.
24 сьнежня 1904 году прыйшоў на сьвет Алесь Дудар, які стане адным з найбольш таленавітых паэтаў свайго пакаленьня і за свае вершы будзе ў 1937 годзе расстраляны. Таксама сёньня спаўняецца 90 гадоў беларускаму пісьменьніку Аляксею Кулакоўскаму.
24 сьнежня 1942 году гітлераўцы закатавалі Вінцэнта Гадлеўскага, беларускага палітыка і сьвятара. Ксёндз Гадлеўскі быў першы, хто ў сваіх казанях перайшоў на беларускую мову, уваходзіў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, стварыў Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю і быў рэдактарам газэты “Крыніца”, пераклаў Новы Запавет. Падчас нямецкай акупацыі Гадлеўскі быў галоўным школьным інспэктарам пра генэральным камісарыяце Беларусі, спрабаваў пад нямецкаю ўладаю мабілізаваць беларускія патрыятычныя сілы, але быў выкрыты немцамі і забіты.