Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМПЭНСАЦЫЯЎ З РАСЕІ ЗА ЎВЯДЗЕНЬНЕ АДЗІНАЙ ВАЛЮТЫ НЯ БУДЗЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксей Кудрын і Сяргей Ігнацьеў прыляцелі ў Менск рэйсам “Белавія”. Ля трапа самалёта іх удалося спыніць і задаць некалькі пытаньняў. Вось што адказаў віцэ-прэм’ер ураду Расеі Аляксей Кудрын на пытаньне наконт выкананьня Расеяй патрабаваньняў беларускага боку аб кампэнсацыі стратаў ад увядзеньня расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты:

(Кудрын: ) “Вы якое СМІ прадстаўляеце?”

(Карэспандэнт: ) ”Радыё “Свабода”.

(Кудрын: ) ”Справа ў тым, што цяпер разглядаецца адно пагадненьне, якое прадугледжвае кампэнсацыі, зьвязаныя зь дзеяньнем у нашай эканамічнай зоне супольна зь Беларусьсю прынцыпу спагнаньня падатку на даданую вартасьць паводле краіны паходжаньня тавараў – у адрозьненьне ад усіх краінаў СНД і далёкага замежжа. Менавіта таму мы гатовыя ісьці на кампэнсацыйныя выплаты. Адпаведны праект мы падрыхтавалі даўно, цяпер ён дапрацоўваецца. Але ён не зьвязаны з увядзеньнем адзінай валюты. А па ўсіх астатніх пытаньнях з боку Расеі кампэнсацыяў не прадугледжваецца”.

Аляксей Кудрын зазначыў, што Расея магла б выдзеліць крэдытныя лініі Беларусі для падтрымкі банкаўскага сэктару, рэфінансаваньня ўнутранага доўгу Беларусі, намінаванага ў беларускіх рублях.

Такім чынам, праблема кампэнсацыяў становіцца відавочным тормазам рублёвага пагадненьня. Беларускі бок называе суму 2,1 мільярда даляраў, якую павінна выплаціць Расея, перш чым афіцыйны Менск пагодзіцца на адзіную валюту. Прадстаўнік Нацбанку Беларусі Анатоль Драздоў гаворыць ня столькі пра кампэнсацыі, колькі пра стварэньне адзінай эканамічнай прасторы як пра ўмову пераходу на расейскі рубель:

(Драздоў: ) ”А адзіная эканамічная прастора патрабуе вырашэньня шэрагу праблемаў. У прыватнасьці, падаткавую кампэнсацыю, пра якую вы казалі. Там цэлы комплекс праблемаў. І сёньня, дарэчы, з 6 пунтаў парадку дня 5 прысьвечана менавіта ім, яны зьвязаныя з працай ўрадаў краінаў, не цэнтральных банкаў”.

Шосты пункт парадку дня, паводле спадара Драздова, – аб адзіным эмісійным цэнтры. Як зазначыў спадар Кудрын, канчатковай дамоўленасьці на гэты конт няма. Вось што ён адказаў на пытаньне, ці пасьпяваюць бакі дамовіцца, каб увесьці валюту ў прадугледжаны раней тэрмін – 1 студзеня 2005 году:

(Кудрын: ) ”Я ня ведаю, пасьпяваем мы ці не пасьпяваем, гэта залежыць ад беларускага боку”.

Спадар Кудрын зазначыў, што, на думку экспэртаў, каб увесьці расейскі рубель з 1 студзеня 2005 году, трэба да канца гэтага году зьняць усе супярэчнасьці, падпісаць і ратыфікаваць усе дакумэнты. Відавочна, што гэтага ўжо не атрымаецца. На апошнім паседжаньні Вышэйшай дзяржаўнай рады А. Лукашэнка прапанаваў разгледзець гэтае пытаньне ў лютым наступнага году.

(Кудрын: ) ”Калі будзе такая воля, то можна, прыняўшы рашэньне ў лютым, пасьпець да 1 студзеня 2005 году. Зараз мы чакаем, што скажа беларускі бок пра гатовасьць падпісаць дакументы ў лютым. Калі гэта будзе зноў адкладзена, тады гэта будзе магчыма толькі з чарговага 2006 году”.

Прадстаўнік Нацбанка Беларусі Анатоль Драздоў ня лічыць пытаньне тэрміну прынцыповым:

(Драздоў: ) ”Лепш год пачакаць, але зрабіць усё прыгожа і акуратна, каб потым не даводзілася хапацца за галаву і крычаць: а-я-яй”.

Спадар Драздоў кажа, што Эўропа не сьпяшалася з увядзеньнем эўра, таму і Беларусь жадае падстрахавацца, бо яна, у адрозненьне ад Расеі, можа шмат страціць ад увядзеньня адзінай валюты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG