Зьвесткі Мінстату – адзіная афіцыйная інфармацыя наконт гэтай праблемы. У Міністэрстве працы й у Міністэрстве прамысловасьці сказалі, што статыстыку ў справе няпоўнай занятасьці не вядуць. Тым ня менш, намесьнік дырэктара Незалежнга інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў лічыць, што лічба схаванага беспрацоўя ў Беларусі значна вышэйшая. Прычыну ён бачыць у наступным:
(Сасноў: ) “Тое, што схаванае беспрацоўе складае амаль траціну беларускіх працаўнікоў – вядома ўсім (можа, акрамя ўладаў). Хаця й яны, напэўна, ведаюць, але ніколі ў гэтым не прызнаюцца. Тое, што адбываецца на “Гомсельмашы” й ня толькі (у нас амаль палова прадпрыемстваў стратных, а “Гомсельмаш” таксама стратнае прадпрыемства) – гэта вынік той эканамічнай палітыкі, якую праводзіць дзяржава. Яна падтрымлівае прадпрыемствы, на якіх трэба было памяняць уласьніка, дазволіць ісьці замежным інвэстыцыям і г.д. Трэба было весьці прыватызацыю. Нічога ня робіцца. Трэба праводзіць эканамічныя рэформы. Вось гэта вынік”.
Паводле Аляксандра Саснова, гэтыя прадпрыемствы атрымлівалі танныя энэрганосьбіты і падтрымліваліся ўладамі з дзяржаўнага бюджэту. Нерэфармаваныя і неэфэктыўныя заводы не маглі рэалізаваць сваю ня надта якасную прадукцыю, ня мелі замоваў, і ў выніку цяпер вымушаныя адпраўляць сваіх рабочых у адпачынкі. Аляксандар Сасноў сумняецца, што ўлады знойдуць сродкі, каб хоць неяк кампэнсаваць гэтым людзям вымушаныя адпачынкі й прастоі.
Дзеля гэтага спатрэбілася б забраць грошы ў бюджэтнікаў, што можа прывесьці да істотнай сацяльнай напружанасьці, альбо надрукаваць дадатковую грашовую масу, што прывядзе да інфляцыі.
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алксандар Ярашук лічыць, што лічба прадпрыемстваў, на якіх людзі працуюць няпоўны тыдзень, у будучыні яшчэ больш узрасьце:
(Ярашук: ) “ Гэтыя рэчы суправаджаюць нашу эканоміку апошнія гады пастаянна. Няпоўная занятасьць як наступства таго, што ёсьць праблемы з канкурэнтаздольнасьцю нашай прадукцыі, якая ня мае рэалізацыі. Прычына ў тым, што эканоміка не рэфармуецца, захадаў па яе рэструктурызацыі не прымаецца. І трэба мець на ўвазе, што гэтыя праблемы ў будучыні будуць мець толькі адну тэндэнцыю – да нарастаньня”.
На думку спадара Ярашука, цяперашняя ўлада наўрад ці будзе праводзіць рэальныя рэформы ў эканоміцы, бо працягам эканамічнай свабоды можа стаць свабода палітычная, чаго ўлада дапусьціць ня хоча.