Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПАПЯРЭДЖВАЕ: КГБ НЕДАСТАТКОВА ПІЛЬНЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Беларусь — адзіная краіна былога СССР, якая захавала КГБ у ранейшым выглядзе. Аляксандар Лукашэнка назваў гэта сваім дасягненьнем, зазначыўшы, што не дазволіць нікому “растаптаць і размазаць камітэт, як гэта рабілася раней зь іншымі сілавымі структурамі”. Лукашэнка таксама даказваў, што ён на самой справе “не ўздымаў МУС, апускаючы КГБ, не сутыкаў іх ілбамі”. Тым ня менш, Аляксандар Лукашэнка публічна агучыў сваю незадаволенасьць эфэктыўнасьцю працы КГБ, што выявіла комплексная праверка:

(Лукашэнка: ) “Як кіраўнік дзяржавы я не атрымліваю ад КГБ патрэбнай, аб’ектыўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі для прыняцьця важных палітычных, вайскова-палітычных і сацыяльна-эканамічных рашэньняў. На жаль, я шмат інфармацыі атрымліваю ад іншых крыніцаў, дзякуй богу, што я не пакінуў спадзяваньня ў свой час толькі на адну структуру і стварыў штосьці рэзэрвавае для таго, каб мець інфармацыю пра абстаноўку, якая складваецца ўнутры і за межамі нашай дзяржавы”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў сьвеце выразна выявіліся “пагібельныя тэндэнцыі ігнараваньня нормаў міжнароднага права, калі адны дзяржавы бяруць на сябе адказнасьць асуджаць асновы і нават канстытуцыйны парадак іншых дзяржаваў”, — тут відавочная спасылка на ірацкі канфлікт. Беларусь, паводле А.Лукашэнкі, таксама патрапіла пад такі ціск. “Фактычна ў адносінах да Беларусі вядзецца інфармацыйная вайна”, — заявіў беларускі кіраўнік і выказаў абурэньне, што КГБ не ведае каналаў паступленьня ў краіну “тэхнічных сродкаў вядзеньня інфармацыйнай вайны і фінансавых патокаў для радыкальнай беларускай апазыцыі”.

Адзін зь лідэраў апазыцыі Анатоль Лябедзька, якога асабіста затрымлівалі й выносілі афіцыйнае папярэджаньне супрацоўнікі КГБ, падзяляе думку А.Лукашэнкі пра іх непрафэсійнасьць, але лічыць, што тыя ўсё ж стараюцца максымальна адсочваць апазыцыю:

(Лябедзька: ) “Свой абсалютны непрафэсіяналізм, абсалютную дэградацыю яны прадэманстравалі ў судовым працэсе, які разглядаў справу ў сувязі з папярэджаньнем, якое мне зрабіў КГБ. Але што датычыць палітычнага іх кірунку, то мы, відаць, дзейнічаем як самыя празрыстыя палітыкі ў Эўропе. Няма нідзе такаго прэцэдэнту ў іншых краінах, калі прыватныя, працоўныя тэлефоны прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі праслухоўваліся, калі вывешваюцца “жучкі” побач зь іх хатамі, і ўся інфармацыя адтуль зьбіраецца 24 гадзіны на суткі, калі спыняюць на мяжы, распранаюць і правяраюць, у нас гэта адбываецца раз на месяц як мінімум у адносінах да таго ці іншага лідэра апазыцыі. Таму ў КГБ ёсьць жаданьне нешта знайсьці, іншая справа, што няма гэтых мільёнаў даляраў, а Аляксандру Лукашэнку цяжка зразумець, што людзі мгуць самаахвярна працаваць ня толькі за грошы”.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, вінаватыя тут і працэсы глябалізацыі, якія стварылі новыя пагрозы бясьпекі для беларускай дзяржавы. “Інтарэсамі Беларусі гуляюць буйныя транснацыянальныя карпарацыі, а КГБ не валодае дакладнай інфармацыяй пра працэсы ў сусьветнай эканоміцы, а займаецца дробнымі эканамічнымі злачынствамі, не забываючы пры гэтым свае карпаратыўныя інтарэсы”, — казаў А.Лукашэнка. Ён крытыкаваў КГБ таксама за тое, што той аслабіў міжведамасны кантроль у справе абароны дзяржаўных сакрэтаў, прыкладам чаго ёсьць факты, калі ў прэсе публікуецца канфідэнцыйная інфармацыя, казаў пра дрэнны ўзровень контарвыведкі, кепскае ўзаемадзеяньне КГБ зь іншымі сілавымі ведамствамі і нават паміж асобнымі падразьдзяленьнямі самога камітэту.

Пасьля такой зьнішчальнай крытыкі ўсе чакалі “аргвысноваў”, і ў прыватнасьці, адстаўкі кіраўніка спэцслужбы Леаніда Ерына. Аднак гэтага пакуль не адбылося. Аляксандар Лукашэнка запэўніў кіраўніцтва КГБ, што “перад ім ня ставілася антыканстытуцыйных задачаў і ставіцца надалей ня будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG