Хаця прэсавы сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных заявіў на брыфінгу, што рашэньне наконт далейшай дзейнасьці АБСЭ ў Беларусі мусіць быць прынятае на паседжаньні Сталай рады АБСЭ ў Вене 11 сьнежня, у самой Вене гэта не пацьвярджаюць. На пытаньне, ці будзе абмяркоўвацца лёс офісу АБСЭ ў Менску ў наступны чацьвер, прэсавы сакратар венскай штаб-кватэры АБСЭ Айган Эўрэнсэл адказаў гэтак:
(Эўрэнсэл: ) “Будучыня офісу ў Менску ня значыцца на парадку дня. Аднак любое пытаньне можа паўстаць падчас разгляду бягучых пытаньняў”.
Цікава, што праблемнае пытаньне наконт прыстунасьці ў Беларусі адкладваецца на апошні момант, бо мандат офісу АБСЭ ў Менску заканчваецца 31 сьнежня 2003 году. Прэсавая сакратарка офісу Гайды Сьміт раней паведаміла, што пытаньне падаўжэньня мандату або закрыцьця офісу будзе вырашанае ў Вене ў першы ці другі чацьвер сьнежня, таму што Сталая рада АБСЭ засядае па чацьвяргах. 4 сьнежня, у першы чацьвер месяца, беларуская тэма ў Вене не гучала, і на наступны чацьвер яна пакуль афіцыйна не заплянаваная. Апошні ж чацьвер гэтага месяца — гэта 25 сьнежня, Каляды, калі ніхто не працуе. Верагодна, што мандат офісу будуць разглядаць або ў трэці чацьвер сьнежня, або на адмыслова скліканым паседжаньні Сталай рады АБСЭ ў іншы дзень.
Як мне неафіцыйна патлумачылі ў Вене, зацягваньне беларускага пытаньня зьвязанае з новымі перамовамі, якія вядуць прадстаўнікі дзейнага старшыні АБСЭ з Нідэрляндаў і беларуская амбасада ў Аўстрыі. Летась такія перамовы з Партугаліяй былі больш напружанымі ды скончыліся ледзь не 31 сьнежня, калі стала вядома пра закрыцьцё Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ й стварэньне на яе месцы офісу АБСЭ ў Менску зь меншымі паўнамоцтвамі.
Паводле беларускага МЗС, цягам 2003 году з офісам АБСЭ было ўсталяванае “актыўнае й плённае” супрацоўніцтва, а працай офісу дыпляматычнае ведамства Беларусі задаволенае ў значна большай ступені, чымсьці дзейнасьцю КНГ АБСЭ. У той жа час мандатам і актыўнасьцю офісу АБСЭ ў Менску не задаволеныя некаторыя дзяржавы-сябры арганізацыі, перадусім ЗША. Прадстаўнікі заходніх краін кажуць, што лепш ня мець у Менску нічога, чым ствараць бачнасьць уплыву й прысутнасьці. Аднак у кулюарах венскай штаб-кватэры АБСЭ зазначаюць, што на год парлямэнцкіх выбараў пакідаць Менск бяз офісу арганізацыі было б ня варта.