Сёньня кіраўнікі грузінскіх аўтаноміяў прэзыдэнты Аджарыі Аслан Абашыдзэ і Паўдзённай Асэтыі Эдуард Какойты абмяркоўваюць сытуацыю, якія склалася пасьля адстаўкі прэзыдэнта Грузіі Эдуарда Шэварднадзэ. Чакаецца, што да іх далучыцца кіраўнік Абхазіі. Варта заўважыць, што перамовы кіраўнікі грузінскіх аўтаноміяў вядуць на тэрыторыі суседняй дзяржавы – у Маскве.
Гэты факт сьведчыць пра тое, наколькі далёка зайшлі сэпаратысцкія працэсы ў гэтых рэгіёнах. Напачатку 1990-х гадоў Грузія вяла поўнамаштабныя і крывавыя войны, каб вярнуць пад свой кантроль мяцежныя Абхазію і Паўдзённую Асэтыю. Кантроль усталяваць не атрымалася, Асэтыя у 1993, а Абхазія у 1994 годзе абвесьцілі сябе незалежнымі дзяржавамі. Іхная незалежнасьць не прызнаная нікім, але фактычна яны сапраўды не залежаць ад цэнтральнага грузінскага ўраду. Але залежаць ад іншай краіны – Расеі.
Напачатку 1990-х гадоў Масква галосна і негалосна падтрымлівала абхаскіх і паўдзённасэтынскіх сэпаратыстаў, і цяпер Расея практыкуе спрошчаны рэжым прадастаўленьня расейскага грамадзянства жыхарам гэтых тэрыторыяў, 60% жыхароў Паўдзённай Асэтыі ўжо зьяўляюцца расейскімі грамадзянамі.
Лідэры мяцежных аўтаноміяў заявілі, што зьмена ўлады ў Тбілісі – справа суседняй дзяржавы, Абхазія прывяла свае войскі ў падвышаную баявую гатоўнасьць, Паўдзённая Асэтыя чарговы раз заявіла пра сваё жаданьне далучыцца да Расейскай Фэдэрацыі, прынамсі , узьяднацца з Паўночнай Асэтыяй, якая зьяўляецца часткай расейскай аўтаноміі.
Кіраўнік ўраду Абхазіі Рауль Хаджымба заявіў, што Абхазія даўно заявіла пра сваю незалежнасьць і не зьбіраецца зварочваць з гэтага шляху, хто б ні прыйшоў да ўлады ў Грузіі. Прэзыдэнт Паўдзённай Асэтыі Эдуард Какойты таксама гаворыць, што будучыя выбары грузінскага прэзыдэнта і парлямэнту – унутраная справа суседняй дзяржавы, і што Паўдзённая Асэтыя будзе імкнуцца далучыцца да Расеі незалежна ад таго, хто будзе кіраваць Грузіяй.
Цяпер адной з самых балючых кропак зьяўляецца трэцяя аўтаномія Грузіі – Аджарыя. Аджарскі лідэр Аслан Абашыдзэ падчас цяперашняга палітычнага крызысу падтрымліваў Шэварднадзэ, менавіта прыхільнікі Абашыдзэ ладзілі ў Тбілісі мітынгі ў падтрымку Шэварднадзэ. Пасьля адстаўкі кіраўніка ў Аджарыі было ўведзенае надзвычайнае становішча, зачыненая мяжа з астатняй Грузіяй. Аджарскі лідэр заявіў, што на тэрыторыі аўтаноміі ня будуць праводзіцца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, якія ладзіць новае кіраўніцтва краіны. Варта заўважыць, што партыя Абашыдзэ ўдзельнічала ў агульнагрузінскіх выбарах 2 лістапада, вынікі якіх і сталіся прычынай цяперашняга крызысу.
Паводле экспэртаў, больш за ўсё галасоў ўлады прыпісалі тады менавіта партыі Абашыдзэ. Аджарыя выглядае на гэты момант самай вострай праблемаю не таму, што яе крокі да аддзяленьня самыя рашучыя, Абхазія і Паўдзённая Асэтыя ў гэтым сэнсе даўно апярэдзілі Аджарыю, а таму, што крокі да фактычнай незалежнасьці Батумі робіць менавіта цяпер. Хаця варта адзначыць, што і раней пры Шэварднадзэ Аджарыя была фактычна асабістай вотчынай яе бяззьменнага лідэра Абашыдзэ. Ён актыўна ўдзельнічаў у агульнагрузінскай палітыцы, але не дапускаў істотнага ўплыву Тблілісі на справы Аджарыі.
Цяперашнія заявы Батумі – вельмі небясьпечныя. Тут варта ўлічваць, што хаця аджарцы этнічна – тыя ж грузіны, але вызнаюць іслам. Досьвед Югаславіі, той жа Чачэніі паказвае, што рэлігійныя адрозьненьні могуць даваць вялікую моц сэпаратысцкім памкненьням.
Наагул, этнічныя меньшасьці складаюць прыблізна траціну насельніцтва краіны. Акрамя прыгаданых абхазаў і асетынаў, можна назваць вялікую колькасьць азэрбайджанцаў, якія кампактна жывуць у Джавахэціі, даволі істотная армянская меншыня. Дарэчы, адзін зь сябраў цяпершняга трыюмвірату Зураб Жванія – армянін па маці. Гавораць пра армянскія карані і Міхаіла Саакашвілі.
Цяперашнія лідэры Грузіі выступаюць за безумоўнае тэрытарыяльнае адзінства краіны пры дамінуючай ролі грузінскай культуры. Падчас перадвыбарчай кампаніі яны неаднаразова вельмі рэзка выказваліся на адрас сэпаратыстаў, не выключаючы варыянт сілавога аднаўленьня нацыянальнага адзінства. Самі лідэры ўчорашняй апазыцыі і цяперашняй улады падкрэсьліваюць, што іх канфлікт з сэпаратыстамі – не этнічны ці рэлігійны, а палітычны. Яны абвінавачваюць, скажам, аджарскага лідэра Абашыдзэ ў аўтарытарызме – на ўсіх выбарах у аўтаноміі прыхільнікі Абашыдзэ рэгулярна атрымліваюць па 95% галасоў.
Але цяпер, калі на плечы ўчорашніх апазыцыянэраў лёг цяжар дзяржаўнай адказнасьці , яны ўстрымліваюцца ад ваяўнічых заяваў на адрас сэпаратыстаў. Нават на правядзеньне выбараў даводзіцца прасіць грошы за мяжой. Сілавое ўзьяднаньне, папросту кажучы, вайна, патрабуе ў не апошнюю чаргу значна больш вялікіх грошай. Да таго ж легітымнасьць цяперашніх лідэраў Грузіі, як і лідэраў любой пераможнай рэвалюцыі, даволі хісткая. Відаць, вырашаць праблемы аўтаноміяў новая ўлада рэальна пачне пасьля выбараў. Да таго ж варта зазначыць, што, напрыклад, у Аджарыі знаходзяцца расейскія войскі, што яшчэ болей ускладняе магчымасьць сілавога вырашэньня канфлікту.
Расея займае вельмі двухсэнсоўную пазыцыю. Афіцыйна Масква лічыць гэтыя аўтаноміі часткамі Грузіі. Адваротная пазыцыя , акрамя ўсяго іншага, стварыла б нязручны для Расеі прэцэдэнт адносна расейскіх аўтаноміяў, той жа Чачэніі. З другога боку, што тычыцца практычнай палітыкі, то я ўжо казаў пра адмысловую палітыку Расеі адносна расейскага грамадзянства для абхазаў і асецінаў. Можна прыгадаць і чыгуначны шлях, які наладжаны паміж Расеяй і Абхазіяй пры тым, што мяцежная аўтаномія ня мае аніякіх сувязяў з астатняй Грузіяй.
Нават сёньняшняя сустрэча лідэраў грузінскіх аўтаноміяў у Маскве – справа паказальная. І разам з тым выглядае, што мэтай Масквы наўрад ці зьяўляецца давядзеньне распаду Грузіі да лягічнага фіналу. Цяперашні стан паўраспаду з улікам арыентацыі сэпаратыстаў на Расею зьяўляецца даволі моцным рычагом ўздзеяньня Масквы на палітыку Тбілісі.