Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ТОЛЬКІ ТУРМА — МЕСЦА ДЛЯ ЗЛАЧЫНЦАЎ?


Галіна Абакунчык, Менск

Паразважаць на тэму альтэрнатыўнай формы пакараньня перш за ўсё я прасіла міліцыянтаў, а таксама студэнтаў Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў. Іхныя меркаваньні далі зразумець, што ў асяродку людзей у міліцэйскіх мундзірах няма згоды ў гэтым пытаньні.

(Карэспандэнтка: ) “Калі турэмнае зьняволеньне замяніць нейкай іншай формай пакараньня — як гэта паўплывае на крымінагеннае становішча ў краіне?”

(Студэнт Акадэміі МУС: ) “Пытаньне складанае. Турмы перапоўненыя, таму, магчыма, папраўчыя работы. Можа й лепш было бы, каб чалавека, які першы раз памыліўся, не адпраўлялі ў турмы і зоны. Гэта дзейнічае, без пытаньняў. Многія людзі гэта разумеюць і ў будучыні такіх памылак ня робяць”.

(Студэнт Акадэміі МУС: ) “Канечне, гэта паўплывае на чалавека. Праз працу. Калі знайсьці працу, каб яны працавалі, то, магчыма, больш злачынстваў бы і не зьдзяйсьнялі”.

(Міліцыянт: ) “У нас сыстэма такая, што людзі ня памятаюць дабра, што ім нейкае лягчэйшае пакараньне даюць. Іх трэба караць”.

(Міліцыянт: ) “Просты чалавек можа й не забудзе. А калі, як гаворыцца, блатныя, то трэба па поўнай даваць”.

(Міліцыянт: ) “Нашае грамадзтва прывыкла жыць “на шырокую нагу”. І іншыя меры, да прыкладу, штрафы, не прывядуць да парадку. Турмы застаюцца на ранейшым месцы”.

Па-рознаму ставяцца да альтэрнатыўных формаў пакараньня і цывільныя людзі. Меркаваньні апытаных сёньня мінакоў падзяліліся наступным чынам:

(Карэспандэнтка: ) “Калі турэмнае зьняволеньне замяніць нейкай іншай формай пакараньня, як гэта паўплывае на крымінагеннае становішча ў краіне?”

(Юнак: ) “Я лічу, што ўсё залежыць ад злачынства, якое чалавек зьдзейсьніў. Калі злачынства сур’ёзнае, то турэмнага пакараньня не пазьбегнуць. Калі больш лёгкае, то тады варта шукаць іншых шляхоў пакараньня гэтага чалавека”.

(Юначка: ) “Я лічу, што акрамя турмы гэтых людзей нічога больш ня выправіць. Толькі турма”.

(Спадар: ) “З турмы людзі выходзяць злыя. А калі будзе нейкая іншая форма пакараньня, мо праца якая, то хіба й людзі будуць выходзіць лепшыя, чым пасьля турмы”.

(Юначка: ) “За менш цяжкія злачынствы можа быць альтэрнатыўнае пакараньне. А так — не”.

(Спадар: ) “Хутчэй за ўсё, не гатовае нашае грамадзтва да гэтага. Калі мы зь цьвёрдым перакананьнем турэмнае зьняволеньне будзем замяняць на нейкія іншыя формы пакараньня, то мы павінныя быць упэўненыя, што чалавек сапраўды будзе перавыхоўвацца”.

Гэткія былі адказы міліцыянтаў і выпадковых мінакоў на пытаньне пра формы пакараньня, якія склалі бы альтэрнатыву турэмнаму зьняволеньню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG