З нагоды сьвята абласная газэта “Гомельская праўда” зьмясьціла больш як два дзясяткі афіцыйных віншаваньняў вясковым працаўнікам – ад кіраўнікоў “вэртыкалі”, аблсавету, банкіраў, дырэктараў сельгаспрадпрыемстваў. Ледзь ня ў кожным зь віншаваньняў – пажаданьні дабрабыту.
Сапраўды, асобныя сельскія працаўнікі падчас абласных дажынак крыху падмацавалі сваё матэрыяльнае становішча. Напрыклад, двум мэханізатарам з сельгаскаапэратыву “Абарона краіны” Рэчыцкага раёну беларускае прадстаўніцтва амэрыканскай кампаніі “Дэтройт-Дызэль” урычыла 1 тысячу даляраў.
Амэрыканскія рухавікі “Дэтройт-Дызэль” выкарыстоўваліся на гомсельмашаўскай кормаўборачнай тэхніцы. Працуючы на ёй, мэханізатары дамагліся добрых вынікаў. Адсюль і прэмія, памер якое перавысіў гадавы заробак шэраговага сельскага працаўніка.
Пашанцавала на абласным сьвяце ўраджаю і старшыні сельгаскаапэратыву “Чырвонаслабодзкі” Акцябрскага раёну Вользе Лугінай. Яна атрымала ад абласнога сельгаскамітэту легкавік.
Аднак у пераважнай большасьці вяскоўцаў ад працы ў калгасах дабрабыту не прыбаўляецца.
Гаворыць Мікалай Шруб зь вёскі Хільчыцы Жыткавіцкага раёну:
(Шруб: ) “Я ведаю, што такое калгас. Гэта – кармушка раённага начальства. Яны прыехалі, машынку задам падагналі, усяго набралі – і паехалі. А ты, дурань, сядзі так!”
Мікалай Магданаў зь вёскі Калініна, што пад Гомелем, 33 гады працаваў на калгасных палетках. Што з гэтага займеў, распавядае сам:
(Магданаў: ) “У палявой брыгадзе працаваў, во, глядзіце, абпаліўся хіміяй. А платы няма. У мяне 33 гады стажу, 80 тысяч рублёў атрымліваю пэнсію – і ўсё”.
Абласная ўправа статыстыкі гэтым летам падлічвала і аналізавала памер заробкаў амаль паўмільёна чалавек, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы. Рысай беднасьці лічыўся месячны даход памерам 102 тысячы рублёў.
Высьветлілася, што больш як 50% вяскоўцаў рэгіёну мелі заробак, ніжэйшы нават за афіцыйную рысу галечы.
Фінансавы стан калгасаў і саўгасаў, перайменаваных нядаўна ў сельгаскаапэратывы і ўнітарныя сельгаспрадпрыемствы, папросту гаротны. На кожнага зь іх прыпадае ў сярэднім па 400 зь лішнім мільнаў рублёў даўгоў.
Сёлета сабраны ў рэгіёне і надзвычай нізкі ўраджай збожжа – усяго 546 тысячаў тонаў, што на 100 тысячаў тонаў меней, чымсьці ў ня надта ўраджайным мінулым годзе.