На вуліцах і трасах Беларусі нарастае своеасаблівая грамадзянская вайна: летась колькасьць аўтаахвяраў павялічылася на 8% і склала 1728 чалавек. Ня ўдаецца пераламіць чорнай тэндэнцыі й сёлета. Чаму?
Паводле статыстыкі, пік “дарожнае вайны” — кастрычнік. Менавіта ў гэтым месяцы пад Смалявічамі загінуў некалі Пётра Машэраў. Надзвычайны выпадак стаўся прычынай дэталёвага аналізу таго, што адбываецца на трасах краіны. Ставілася задача выправіць сытуацыю. Аднак з гадамі яна толькі абвастрылася: сёлета ў Менскай вобласьці пасьля аварыяў штодня хавалі па чалавеку, а яшчэ трое траплялі ў шпіталі зь цяжкімі раненьнямі. Капітан дзяржаўтаінспэкцыі Алег Цюрын падводзіць сумныя кастрычніцкія вынікі:
(Цюрын: ) “У параўнанні зь мінулым годам колькасьць пацярпелых, цяжкасьць здарэньняў узрасьлі. Гэта таму, што цяпер “іншамаркі” паўсюдна. Яны ўсе хутка езьдзяць”.
Якасны стан транспартнага парку – адзін з трох галоўных парамэтраў ацэнкі ўзроўню технікі бясьпекі дарожнага руху. І меркаваньне пра наўпроставую сувязь беларускае аўтасьмяротнасьці з імклівымі імпартнымі машынамі досыць распаўсюджанае. Але сёньня вялікі адсотак аўтаўладальнікаў езьдзіць на легкавіках яшчэ савецкага часу. Узрост “іншамарак” таксама ўражвае... Калі скласьці адно з другім, дык 80% зарэгістраваных у краіне аўто старэйшыя за 10 гадоў. Не выпадкова да 70% машынаў, якія прадаюцца на аўтарынках краіны, каштуюць усяго каля дзвюх тысячаў даляраў. Адмыслоўцы кажуць, што сёлета беларускі тэхпарк вырасьце на 5% і прыблізна кожны пяты грамадзянін стане аўтаўладальнікам. Пра якасьць гэтых набыткаў распавядае гаспадар сумеснага беларуска-нямецкага аўтарамонтнага прадпрыемства спадар Мілер:
(Мілер: ) “Стан беларускіх аўтамабіляў надзвычай страшны: машыны старыя, колы зношаныя, кепскія шаравыя, разьбітыя канечнікі, не адрэгуляванае развал-сыходжаньне… Таму й нельга езьдзіць хутка”.
(Карэспандэнт: ) “Вашыя назіраньні: чаму беларусы ня дужа любяць сачыць за сваімі машынамі – не хапае грошай або па прынцыпу, што, маўляў, нічога, абыдзецца і так?”
(Міллер: ) “Ну, і грошай у людзей небагата, і ня самая лепшая псыхалёгія спрацоўвае: гэта ж машына – чым добра ехаць, лепей добра паесьці…
У асноўным людзі рамантуюць самае асноўнае ў сваіх аўтамабілях. Калі патрэбны вялізны рамонт – адрамантуюць толькі самае страшнае. І машына такім чынам застаецца ў асноўным у жахлівым стане”.
Гэта разумеюць і аўтаінспэктары, таму сёлета ўвялі новае правіла: 10-гадовыя аўтамабілі мусяць праходзіць тэхагляды ўдвая часьцей. Падыход нібыта правільны, аднак не сакрэт, што адпаведны штампік лёгка купляецца ў тых жа самых міліцыянераў за 20-30 даляраў. Жахлівая лёгіка: гэта куды больш танна, чым памяняць зношаныя тармазныя калодкі... Эканомія на бясьпецы абарочваецца скачком трагічных аварыяў: за два мінулыя гады колькасьць дарожна-транспартных здарэньняў з-за тэхнічных няспраўнасьцяў павялічылася ажно на 60%. Таму аўтааматар Юры прапануе:
(Юры: ) “Можа трэба нейкія іншыя, больш жорсткія нормы ўводзіць, каб людзі не набывалі гэткія старыя машыны".
Пасьля першых паездак на старэнькім купленым “Гольфе” спадарыня Ірына з Бабруйску зрабіла наступную выснову:
(Ірына: ) "Калі толькі сама пачала кіраваць машынай, то зразумела: вуліцу трэба пераходіць вельмі асьцярожна".
Каб ня трапіць у аварыю, Ірына спрабавала рамантаваць машыну. Грошы, кажа, заплаціла немалыя, а вынік ранейшы... Вінаваціць майстроў не сьпяшаецца – падазрае, што “Гольф” у такім стане, калі адное сыплецца за другім і працэс, як кажуць, ужо ня спыніш. Аднак Ірына працягвае езьдзіць! Бо грамадзкі транспарт працуе ўсё горш і горш... А вось спадар Мілер заўважае: у гэтых умовах дзяржава мусіць садзейнічаць паляпшэньню аўтасэрвісу. Аднак няспынным падаткавым прэсам наадварот заганяе яго ў прымітыўныя гаражы.
(Мілер: ) “Гаражны рамонт небясьпечны, што там нізкая якасьць з-за адсутнасьці абсталяваньня, або яно горшае, чым на сэрвісе. Плюс адсутнасьць гарантыі: адзін дзень гараж ёсьць, а назаўтра ён зьнікае.
Мой лідзкі знаёмец цудам ацалеў у аварыі, калі ў часе руху на трасе ў яго адляцела кола: гаражныя майстры недакруцілі балты, схалтурылі. Пасьля перажытага стрэсу паехаў разьбірацца, аднак там ужо працавала іншая брыгада...”
Каго вінаваціць? Як правіла, не бывае вінаватых і ў бясконцых аўтаздарэньнях – усе лічаць, што яны ўсё правільна рабілі, а парушялі правілы іншыя! Кажуць, збоку відаць лепей. У такім разе слова спадару Мілеру:
(Міллер: ) “У Нямеччыне прытрымліваюцца вызначаных дарожных правілаў. Там машыны заўсёды прыпыняюцца, напрыклад, каля пешаходных пераходаў, пільнуюцца сьветлафараў… А тут складаныя вельмі людзі: не прыпыняюцца на жоўтае сьвятло, едуць на чырвонае… Падразаюць адзін другога… Ездзяць на вельмі высокіх хуткасьцях, не кантралююць сябе…”
(Карэспандэнт: ) “Можа ў пагоні за Эўропай, напрыклад, за той жа Нямеччынай, беларусы імкнуцца паказаць сваю “эўрапейскасьць” якраз тым, што ганяюць з той жа нямецкаю аўтабаннай хуткасьцю?”
(Мілер: ) “Аўтабаны вельмі добра адбудаваныя, там усё выдатна, а тут вельмі небясьпечныя дарогі, таму рызыкоўна езьдзіць на вялікай хуткасьці.”
За дарогі, гэты другі важнейшы кампанэнт безаварыйнага руху, у Беларусі цалкам адказвае дзяржава. І па ўсім відаць, што яна недапрацоўвае. Нават у элемэнтарным: гадамі машыны найчасьцей б’юцца ў некалькіх дзясятках адных і тых жа аварыйна небясьпечных мясьцінах, і гадамі ніхто не зважае на гэта. Толькі зусім нядаўна адмыслоўцы Беларускага дарожнага навукова-дасьледчага інстытуту дакладна вызначылі 400 з 75 тысячаў такіх вось небясьпечных кілямэтраў – на іх прыпадае 75 адсоткаў усіх аўтааварыяў. Здавалася, што прасьцей: кіньце сюды сілы, сродкі, выратуйце людзей! Не, тры гады цягнецца ўзгадненьне адпаведнай праграмы. А на тых участках за гэты час разьвіталіся з жыцьцём прыкладна тры тысячы беларусаў... Жыхар Ваўкавыска Алег Касьцюкевіч нядаўна трапіў у аварыю. Яму пашанцавала, а вось брата пахаваў:
(Касьцюкевіч: ) "Першае, што прыгнятае — гэта стан дарогаў. Жахлівы стан, некаторыя вуліцы ўяўляюць сабой трасы для слаламу. Даводзіцца аб'яжджаць яміны, люкі і ўсё астатняе".
Свой погляд на праблематыку “асфальтавай вайны” ў міліцыянтаў з ДАІ. У адрозьненьні ад іншых маленькіх гарадоў, дарогі Шклова апошнім часам заўважна палепшыліся: болей стала разьметкі, знакаў прыярытэту і гэтак далей. Але і тут сёлета ўжо загінулі 11 чалавек. Сытуацыю камэнтуе начальнік ДАІ Міхаіл Давыдаў:
(Давыдаў: ) “Для Шклоўскага раёну гэта дастаткова шмат, бо ў асноўным гінуць маладыя людзі, якія знаходзяцца ў росквіце сілаў і якія маглі б прынесьці карысьць і сваёй сям’і, і грамадзтву, і дзяржаве”.
На думку вопытнага афіцэра, галоўная прычына трагедыяў у наступным:
(Давыдаў: ) “Гэта ўсё ж такі недысцыплінаванасьць удзельнікаў руху. І гэта датычыць ня толькі кіроўцаў, але і пешаходаў, і вэлясыпэдыстаў, і вазьніцаў гужавога транспарту. Часьцяком іх паводзіны проста не паддаюцца асэнсаваньню.”
Пытаньне пастаўлена зусім слушна, бо якасьць падрыхтоўкі, прафэсіянальная культура паводзінаў удзельнікаў дарожнага руху – апошні з трох важнейшых умоваў іхнай бясьпекі. Іншая справа, ці магчыма перавыхаваць тых, для каго ліхацтва за рулём сталася нормай? Хто маніякальна маргае дальнім сьвятлом, нясупынна гудзіць: “Дарогу мне! Прэч! Кыш управа!” Колькасьць такіх “разакоў” зашкальвае: часам падаецца, што ўся “аўтабеларусь” імчыцца выключна ў адной левай, хуткаснай паласе. Вось што кажа пра гэта ўладальніца старэнькага “Гольфа” спадарыня Ірына:
(Ірына: ) "Занадта часта мужчыны-кіроўцы парушаюць хуткасны рэжым руху. Едуць хутчэй, чым дазволена, сьпяшаюцца некуды".
Расейская газэта “Известия” нядаўна надрукавала вялізны матэрыял пра нямецкі этап жыцьця Ўладзімера Пуціна пад красамоўным загалоўкам “...Па прозьвішчу Ліхач”, дзе фактычна ўхвалялася аўтахуліганства будучага прэзыдэнта Расеі. Пётра Машэраў, між іншым, у сваёй апошняй паездцы таксама ня стрымліваў кіроўцу. А гляньце, зь якой хуткасьцю імчыць картэж нашага сёньняшняга кіраўніка дзяржавы? А ўзгадайце сьмяротныя выпадкі, зьвязаныя са службовай машынай кіраўніка Берасьцейшчыны? Прыкладаў хапае. А майстэрства не стае. Вось ацэнка капітана ДАІ Алега Цюрына:
(Цюрын: ) “З культурай кіравання ў нас сытуацыя горш. Нашы кіруюць горш, чым палякі, немцы, нават прыбалты. З Прыбалтыкі лепш водзяць, саступаюць дарогу тым жа пешаходам. Саступаюць пры перастраеньні і пры ўзьнікненьні якіхсьці “пробак” на дарозе.”
Няўменьнне езьдзіць сталася прычынай нумар адзін у беларускіх аўтатрагедыях. Ды і ў расейскіх, у якіх сёлета прагназуюць гібель ажно 36 тысячаў чалавек – гэта безумоўнае сусьветнае лідэрства. Ну а замыкаюць той трагічны сьпіс Злучаныя Штаты, Вялікая Бртанія і Нямеччына – краіны з найбольш інтэнсіўным дарожным рухам. Што да Беларусі, дык яна месьціцца каля Грэцыі, самай небясьпечнай аўтакраіны Эўразьвязу. Атрымліваецца, узровень аварыйнасьці не залежыць ад колькасьці транспарту. Замежнікі тлумачаць гэта найперш кульурай паводзінаў на асфальце. Яе трэба выхоўваць. Аднак ці ёсьць наагул у Беларусі сур’ёзная, сыстэмная прапаганда бясьпекі дарожнага руху? Разважае штатны прапагандыст упраўленьня ДАІ Менскага аблвыканкаму падпалкоўнік Уладзімір Сьцяпанаў:
(Сцяпанаў: ) “Гэта вельмі эфэктыўна, калі туды ўкладваць шмат грошай. Цяпер мы такой магчымасьці ня маем, таму, магчыма, і няма той эфэктыўнасьці, якой бы мы хацелі. Усё залежыць ад стану грамадзтва. Як сьведчыць ўсясьветны досьвед, вынік добры ёсьць тады, калі рэалізуюцца мэтавыя праграмы ў сыстэме дзяржавы”.
Але краіна пакуль жыве без такіх дасканалых, прадуманых мэтавых праграмаў. Нават там, дзе яны проста вельмі патрэбныя і зусім не цягнуць за сабою вялікіх бюджэтных сродкаў. На захадзе, у той жа Нямеччыне, культура аўтапаводзінаў закладваецца ўжо амаль на генэтычным узроўні. А беларуская дзяржава толькі пачынае думаць пра ўвядзеньне хоць бы нейкага аўтафакультатыву для школьнікаў. Затое пэдагогі націскаюць на афганскі патрыятызм, вучаць браць прыклад з тых сямісот, хто ляглі пад Кандагарам. Між тым пазалетась на родных беларускіх дарогах загінулі 1600 чалавек, а ў мінулым годзе 1728... Дык ці ня варта памяняць прапагандысцкія прыярытэты? Разважае начальнік шклоўскай ДАІ Міхаіл Давыдаў:
(Давыдаў: ) “Зь дзіцячага, школьнага ўзросту неабходна выхоўваць агульную культуру паводзінаў чалавека на дарозе. Магчыма, у школе варта ўвесьці асобны прадмет, у межах якога можна было б навучыць дзіця правілам паводзінаў на дарозе”.
На думку адмыслоўцаў, зьмены патрабуюцца і ў навучаньні кіроўцаў, якім катастрафічна не хапае прафэсіяналізму. Вось што кажа жыхар Кобрына Мікалай Лагуцька, які быў паранены ў аварыі:
(Лагуцька: ) “Шмат нявопытных кіроўцаў. Машынаў шмат, вялікая плынь – нашмат павялічыўся. А вось курсы – ну што там паўтары месяцы? Гэта вельмі малы тэрмін для таго, каб стаць кіроўцам”.
“Мазду” Мікалая Лагуцькі тараніў у лабавым сутыкненьні якраз нядаўні курсант. Спадар Лагуцька на яго асабліва не крыўдуе, маўляў, добра што застаўся жывы. Прыблізна гэтак сама таранілі некалі й мяне: і сёньня памятаю, як вылятаў у пярэдняе шкло. Калі разьбіраліся, крыўдзіцель узмаліўся: “Заплачу за ўсё, толькі не выклікай ДАІ!” “Чаму?” “Правы ліпавыя...” Хлопец быў малады, і я пашкадаваў яго. Пазьней, калі мінуў шок, уцяміў: дарма паслухаўся – колькі бяды можа прынесьці той “лётчык” сабе ды іншым. Што страшна, такіх вось “левых”, як кажуць, кіроўцаў ня проста шмат, а вельмі шмат! Размаўляем з хойніцкім аўтааматарам Аляксандрам Лявоненкам:
(Лявоненка: ) “Моладзь цяпер цісьне на газ – і наперад! Ды сам яшчэ “пад газам”, вось і аварыі. Вопытны кіроўца даражыць сваімі правамі. А моладзь, яна іх купляе...”
(Карэспандэнт: ) “Няўжо можна купіць?”
(Лявоненка: ) “Вельмі проста!”
(Карэспандэнт: ) “І ў Хойніках таксама?”
(Лявоненка: ) “Не, такога я тут ня бачыў. А ў іншых гарадах, ведаю, купляюць”.
(Карэспандэнт: ) “У якіх? У Гомелі, напрыклад, ці можна?”
(Лявоненка: ) “Можна. Я вам сур’ёзна кажу, бо мне прапаноўвалі”.
(Карэспандэнт: ) “Дзе прапаноўвалі?”
(Лявоненка: ) “У Гомелі, на рынку. Я не глядзеў, якія яны. Сказаў толькі, што мне ня трэба. Можа, падробка якая...”
(Карэспандэнт: ) “І за колькі прапаноўвалі?”
(Лявоненка: ) “Ня ведаю, не гандляваўся...”
Хоць і быў нядаўна вялікі кадравы ператрус у ДАІ, аднак па-ранейшаму хіба ці ня ўсе мае знаёмцы “дамаўляюцца” з інспэктарамі, калі пападаюцца на перавышэньні хуткасьці, няправільных разваротах, наездах на “зэбру” пад час руху мінакоў... Кажучы інакш, сыходзіць з рук тое, што пры шматразовым паўторы ўрэшце рэшт абарочваецца яшчэ адной трагедыяй. Трагедыяй – для сям’і ахвяры. Звычайнай статыстыкай – для астатніх... Яна, дарэчы, несуцяшальная: сёлета за дзевяць месяцаў у грамадзянскай вайне на асфальтавых і гравійных дарогах Беларусі загінула і паранена шэсьць з паловаю тысяч чалавек – гэта апярэджвае графік леташняга, самага “чорнага” аўтагоду нашай краіны.