Дэпутатка Натальля Аўдзеева, якая абраная старшынёй сакратарыяту восеньскай сэсіі, агучыла справаздачу аб дэпутацкіх фармаваньнях Палаты. Згодна зь яе зьвесткамі, такіх груп цяпер пяць, самая вялікая зь якіх — “Сябры Балгарыі”, аж 56 дэпутатаў. Спадарыня Аўдзеева выказала думку, што дэпутацкая група “Рэспубліка” сваё існаваньне спыніла. Яна спаслалася на рэглямэнт Палаты прадстаўнікоў:
(Аўдзеева: ) “Згодна з артыкулам 43 рэглямэнту дэпутацкая група можа быць створаная пры наяўнасьці ня менш як дзесяці дэпутатаў. 20 кастрычніка кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец падаў удакладнены сьпіс гэтай групы. Іх шасьцёра, што азначае, што колькасны склад створанай раней групы “Рэспубліка” не адпавядае рэглямэнту Палаты прадстаўнікоў”.
Палата прыняла гэтае паведамленьне да ведама. Ніякага галасаваньня з гэтай нагоды ня было, паколькі ў рэгляменце прапісаная працэдура ўтварэньня групы, але нічога няма пра яе ліквідацыю. На гэта і зьвярнуў увагу кіраўнік групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец:
(Скрабец: ) “На тое, што сёньня прагучала, што група “Рэспубліка” быццам бы не існуе, вельмі лёгка адказаць: у рэглямэнце Палаты не прапісаная ліквідацыя любой дэпутацкай групы. Мы стварылі групу згодна з законам і лічым, што зь юрыдычнага гледзішча яна і цяпер існуе законна. Я глыбока ўпэўнены, што гэта чыста палітычны заказ. Уладам трэба, каб у парлямэнце ня было ніякай самастойнасьці і, канечне, каб дэпутаты не гуртаваліся ў такія групы, якія маюць свой пункт гледжаньня на законы і становішча ў нашай краіне”.
Спадар Скрабец дадаў, што з боку ўладаў на сяброў “Рэспублікі” існуе моцны ціск. Таму некаторыя дэпутаты альбо сапраўды выйшлі з групы, альбо часова прыпынілі ў ёй сваё сяброўства. Гэта ўжо другая спроба ліквідаваць групу “Рэспубліка”. Нагадаю, што першы раз такую акцыю праводзілі на летняй сэсіі.
23 кастрычніка на парадку дня сэсіі значылася пытаньне пра запыт дэпутата Валерыя Фралова (дарэчы, сябра групы “Рэспубліка”) да выканаўцы абавязкаў прэм’ера Сяргея Сідорскага наконт таго, ці сочаць спэцслужбы Беларусі за дэпутатамі. Аднак паводле просьбы профільнай парлямэнцкай камісіі разгляд пытаньня перанесьлі на 24 кастрычніка.