Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОВА ВЯЛІКІХ КНЯЗЁЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: дасьледніца Людміла Дзіцэвіч

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Сёлета споўнілася 750 гадоў з дня каранацыі вялікага караля Міндоўга на караля. Дата вызначальная, таму што гэтая дата вызначае старадаўнасьць беларускай дзяржаўнасьці. Пра мову той ці іншай дзяржавы можна гаварыць у сувязі з тым, на якой жа мове гаварылі яе ўладары — яе эліта. Дык на якой мове гаварыў князь Міндоўг?”

(Людміла Дзіцэвіч: ) “Я думаю, што князь Міндоўг гаварыў на старабеларускай мове, якая ў тыя часы называлася “рускай”, і гэта ня толькі мая думка, а думка многіх дасьледнікаў. Прыкладам, Пётар Бузук сьцьвярджаў, што ў ХІІІ стагодзьдзі ўтварэньне беларускай мовы было скончанае”.

(Ракіцкі: ) “Мая госьця — дасьледніца Людміла Дзіцэвіч. Спадарыня Людміла, вы вельмі цьвёрда і пэўна адказалі на маё пытаньне пра мову князя Міндоўга. Але лічыцца, што Вялікае Княства Літоўскае — гэта беларуска-літоўская старажытная дзяржава, супольная дзяржава. Дык чаму на беларускай, а не на літоўскай?”

(Дзіцэвіч: ) “Беларуская мова ужывалася ў Х–ХІІ стст., а таксама і ў ХІІІ — Міндоўгавым стагодзьдзі, таму што на той час ні літоўская, ні польская мовы ня мелі сваёй пісьменнасьці. Беларуская ж мова была больш разьвітай, таму і заняла пануючае становішча ў зносінах, у афіцыйным справаводзтве, у адукацыі. Літоўская пісьменнасьць створаная ажно ў канцы XVI ст. І базавалася на старабеларускай, потым —на лацінскай і польскай мовах.

Першай кніга на літоўскай мове — “Катэхізыс”, зьявілася ў 1547 годзе ў Кёнігсбэргу, у Вільні першая кніга зьявілася ў езуіцкай друкарні ў 1595 годзе. У той жа час адзначаюць пранікненьне ў нашую мову вялікай колькасьці балтызмаў (прыкладам, словы “араты”, “кумпяк”, “лайдак” — словы, пра якія сёньня мы можам казаць, што гэта ўласнабеларускія словы).

Уплыў беларускага этнасу на літоўскі быў настолькі вялікі, што, як лічыць Бяляеў, Літва ледзь не абрусела. А мы можам сказаць, што яна ледзь не “абеларусела”, таму што як толькі праявіліся ў нашай мове такія характэрныя рысы, як аканьне-яканьне, дзеканьне-цеканьне, яны прайшлі й у літоўскую мову. І ўжо ў савецкі час гэтыя беларусізмы настолькі турбавалі літоўскіх мовазнаўцаў, што ў 50-я гады нашага стагодзьдзя яны сталі ачышчаць сваю мову ад беларусізмаў”.

(Ракіцкі: ) “Сур’ёзны беларускі гісторык Доўнар-Запольскі ў сваёй кнізе “Гісторыя Беларусі” пісаў з гэтай нагоды так:

Малакультурныя літоўцы хутка падпарадкаваліся беларускаму ўплыву. Наглядным доказам таму служыць ужываньне беларускай мовы ў дзяржаўных актах таго часу. З гэтага факту ясна, што беларуская мова была ў той час мовай вышэйшых клясаў у самой Літве. Сапраўды, нават і вялікія князі ня толькі былі пісьменнымі на гэтай мове, але і карысталіся ёю ў дамашнім ужытку.


Ці можам мы з пэўнасьцю сьцьвярджаць (усё ж шмат часу прайшло), што Міндоўг быў сапраўды пісьменны? Увогуле, калі быў пісьменны, што ён чытаў? Ці пісаў ён, ці сьпяваў песьні, ці расказваў сваім дзецям казкі? Ці засталося нам што з гісторыі, каб пацьвердзіць статус беларускай мовы ня толькі на ўзроўні таго, што дзяржаўныя акты пісаліся на ёй, але яшчэ і з гледзішча самой асобы караля Міндоўга?”

(Дзіцэвіч: ) “Я лічу, што Міндоўг мог быць пісьменны, таму што трапіў у вельмі разьвіты пісьменны горад Наваградак, дзе ў яго час 10% жыхароў ужо ўмелі пісаць і чытаць. У гэтым горадзе знайшлі шмат пісалаў, шмат рэштак ад кніг, што дае падставу лічыць Наваградак падрыхтаваным да таго, каб князь Вялікага Княства Літоўскага ўмеў пісаць і чытаць, а калі не — навучыцца гэтаму.

На той час людзі маглі чытаць “Пасланьне прэсьвітару Фаму” Клямента Смаляціча, “Жыціе Аўрамія Смаленскага”, маглі чытаць Тураўскага, “Слова Даніла Заточніка”. Дасьледчыкі сёньня сьцьвярджаюць, што ў Наваградку пісаўся свой летапіс, стварэньне якога, магчыма, было заказам Міндоўга.

У Наваградку пісалі. Дасьледчыкі знайшлі графіці на сьценах цэркваў, графіці ў дамах (прыкладам, быў знойдзены кавалак амфары, на якім было напісана “Алексій”). Жыхары гэтага дому ўжо ведалі грамату, і такія сказы на сьценах, як “Госпадзі, памазі рабу сваему”, “Госпадзі, памазі рабу Максіму” былі знойдзены шмат дзе”.


(Ракіцкі: ) “Такім чынам, мы можам сказаць, што ўвесь двор Міндоўгаў, усё яго атачэньне, увесь яго, сучаснай мовай кажучы, бюракратычны апарат карыстаўся адной і той жа беларускай мовай…”

(Дзіцэвіч: ) “Мы ня можам сказаць, што ў час Міндоўга беларуская мова была дзяржаўная. Але ўжо ў XVI ст. яна атрымлівае статус дзяржаўнай мовы, і статус яе прапісваецца ў “Статуце Вялікага Княства Літоўскага”, у дзьвюх яго рэдакцыях. І вядома, што для таго, каб займаць якое-небудзь становішча ў дзяржаве (прыкладам, быць чыноўнікам), неабходна было ведаць дзяржаўную мову, яе фанэтычныя, марфалягічныя асаблівасьці, пісаць на ёй, чытыць на ёй, ствараць на ёй загады і законы — таму кожны пры княскім двары павінен быў ведаць беларускую мову”.

(Ракіцкі: ) “І гэта праходзіла праз стагодзьдзі за ўвесь час існаваньня Вялікага Княства Літоўскага?”

(Дзіцэвіч: ) “Так”.

(Ракіцкі: ) “Ці абавязкова гэта было для ўсіх князёў? Прыкладам, якую мову ўжываў Ягайла?”

(Дзіцэвіч: ) “Ён каранаваўся на караля польскага. І ў той жа час узьнікае пытаньне: ці ведаў ён польскую мову? Таму што Ягайла, калі стаў каралём, прывёз на Вавэль (рэзыдэнцыю польскіх каралёў) сваю родную старабеларускую мову, а разам зь ёю і мову старабеларускага мастацтва. І лютністамі, і цымбалістамі, і мастакамі пры каралеўскім двары былі выхадцы зь беларускіх зямель, а значыць, яны карысталіся сваёй мовай — разьвітай, шматузроўневай, з пэўным наборам статутаў”.

(Ракіцкі: ) “Калі ўжо гаварыць пра культуру мовы на вяршынях улады Вялікага Княства Літоўскага, то ці можам мы ўпэўнена сказаць, колькі моваў ведалі гэтыя людзі? Ці цікавіліся яны іншымі мовамі?”

(Дзіцэвіч: ) “Акрамя беларускай мовы гэта абавязкова лаціна — мова навукі й адукацыі, грэцкая мова, якая выкладалася ў школах, царкоўнаславянская і старажытнарускія мовы”.

(Ракіцкі: ) “Мы гаворым пра Вялікае Княства Літоўскае як аб эўрапейскай дзяржаве, што мела шырокія кантакты зь іншымі народамі. А вось скажам, калі прыяжджалі паслы, як адбываліся кантакты князёў Вялікага Княства Літоўскага з замежнымі гасьцямі?”

(Дзіцэвіч: ) “Хочацца ўвогуле сьцьвярджаць, што старабеларуская мова набыла статус ня толькі дзяржаўнай і міжнацыянальнай мовы, на якой размаўлялі й габрэі, і татары, і цыганы, і літоўцы, але яна станавілася і мовай міждыпляматычных зносінаў разам з лацінай і верхнянямецкай. Цікава, што верхнянямецкую мову ведалі й князі, і адукаваныя людзі, таму што верхнянямецкай мовай карысталіся крыжакі. Яны былі для нас ня толькі ворагі, але і сябры, зь якімі мы вялі гандаль. Гаварыць на мове ворагаў ці сяброў было вартасна і патрэбна.

Адсюль: паслы маглі гаварыць на верхнянямецкай мове, беларускую мову ведалі і выкарыстоўвалі людзі з Маскоўскага пасольскага прыказу, службоўцы канцылярыі нямецкага вялікага магістра з Рыгі, польская і беларуская сталіца вялі перапіску па-беларуску… Ёсьць такі факт: у 1646 годзе польскія дыпляматы скіравалі ў Маскву ліст па-польску (польская мова набывала шырокае ўжываньне), але тыя патрабавалі пісаць “как издавна повелось” — гэта значыць на старабеларускай мове”.

(Ракіцкі: ) “У статуце Вялікага Княства Літоўскага — і ў другой, і ў трэцяй рэдакцыі — зьяўляецца артыкул, які сёньня мы называем артыкулам, які замацоўваў дзяржаўнасьць беларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім:

А пісар земскій по руску маеть літэрамі і словы рускімі все лісты і позвы пісаті, а не іншым языком і словы.

Спадарыня Людміла, чаму ў статуце ВКЛ артыкул пра мову зьяўляецца толькі ў другой і трэцяй рэдакцыі? Чаму ж не раней? Вы гаворыце, што ледзь не ад самага пачатку ВКЛ беларуская мова была мовай князёў”.

(Дзіцэвіч: ) “Яна не была прапісаная і кадыфікаваная як дзяржаўная, таму што гэты статус быў звычаёвай аправай. Мова была высокаразьвітая, яе выкладалі ў школах, на ёй пісаліся кнігі — таму гэта было звычайна. А вось чаму ўжо ў 1566 годзе неабходна было ўвесьці ў “Статут” артыкул аб мове? Таму што адчувалася пагроза мове: польская мова выходзіла на першы плян, уніі рыхтавалі глебу для барацьбы польскай мовы зь беларускай — і польская атрамлівала перавагу. Вялікія князі былі зацікаўленыя, каб беларуская мова не зьнікала, не занепадала, і для абароны мовы быў уведзены гэты артыкул”.

(Ракіцкі: ) “Можна па-рознаму адказаць на тое пытаньне, якое я вам зараз задам, але хацелася б пачуць вашую думку: чаму беларуская мова ўрэшце-і ў Вялікім Княстве Літоўскім атрымала паразу?”

(Дзіцэвіч: ) “Прычынаў шмат, але адна зь іх вельмі цікавая: наша мова называлася “рускаю”. І пераблытваньне моваў зь цягам часу ў гісторыі прывяло да зьнікненьня каштоўнасьці веданьня пра высокі ўзровень нашай мовы. У ХХ стагодзьдзі, некалькі гадоў таму, казаў расейскі доктар тэхнічных наук: “Давайте откроем Скорину, давайте откроем “Статут”. Так что мы там увидим? А увидим там, что и “Статут”, и книги Скорины напечатаны и написаны по-русски”. І вось гэтая “руская” мова, яе высокае разьвіцьцё пераблытала гістарычныя паняцьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG