Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШЛЮБЫ Ў БЕЛАРУСІ: АД ВЯСКОВЫХ БОЕК ДА ШЛЮБНЫХ КАНТРАКТАЎ


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Адна з восеньскіх адметнасьцяў – бясконцыя вясельлі. Але апошнім часам іх пачало менець. Так, два гады таму за верасень-лістапад ў краіне зарэгістравалі каля 22 тысячаў шлюбаў, а летась – на тысячу меней. Адначасова неўпрыкмет, але няўхільна расьце сярэдні ўзрост маладых. Што ж адбываецца са шлюбным рынкам Беларусі?

Хто ня чуў славуты афарызм: шлюбы заключаюцца на нябёсах... Але я ня ўпэўнены, што гэта датычыць Беларусі. Бо памятаю, напрыклад, як раней жартавалі: замуства італьянкі ці францужанкі аберагае грацыя, а ўкраінкі ды беларускі – партарганізацыя...

Ну а пасьля аксамітавай рэвалюцыі 1990-х пачаліся новыя тэндэнцыі, скіраваныя наагул, так бы мовіць, на “прызямленьне” шлюбных адносінаў. Хоць жыве і традыцыйнае стаўленьне да іх, калі вылучаецца асаблівая – вядучая роля мужчыны. Вось як разважае маці двух дарослых дзяцей, намесьніца начальніка Узьдзенскга упраўленьня статыстыкі Галіна Рубанік:

(Рубанік: ) “Каб дапамагаў ва ўсім, каб лад быў доме. А ня важна: ці ён багаты, ці ён бедны, ці ёсьць у яго машына, ці няма ў яго машыны. Каб між імі былі згода і разуменьне. Каб адзін другому саступалі. Тады ўсё атрымаецца. Сёньня цяжка, заўтра можа быць лягчэй. Будзе спэцыяльнасць – усё гэта нажываецца. Абы лад быў”.

Так, памятаю, казалі й нам – тым, хто жаніўся чвэрць стагодзьдзя таму. Але жыхарка Ўзды Ірына Логін, у якой таксама ёсьць незамужняя 20-гадовая дачка, мяркуе па-іншаму:

(Логін: ) “Галоўнае, каб роўныя былі. Бо калі адзін будзе з багатай сям’і, а другі – зь бяднейшай, тады пачынаецца нялад...”

Ну а што думаюць, з дазволу сказаць, “супернікі нябёсаў” – супрацоўнікі ЗАГС’аў, якія й заключаюць шлюбы на зямлі? Чым, на іхную думку, кіруюцца сёньняшнія маладыя? Зоя Чарток з Узды зарэгістравала сёлета сотню пар і выснову робіць наступную:

(Чарток: ) “Усё ж такі каханнем. Але многія і тым кіруюцца, што ў іх ўжо дзіцё зачатае”.

Ну, такое было і ў нашыя часы, я ўжо ўзгадваў абцугі партарганізацыі... Жывуць традыцыі! І ўсё ж моц набіраюць новыя плыні. Распавядае Часлава Касінская з Капыльскага раённага ЗАГС’у, дзе шлюбаў заключаюць утрая больш, чым ва Ўзьдзе. Як жа там выбіраюць “спадарожнікаў жыцьця”?

(Касінская: ) “Па залёту і па разьліку. Хоць ёсьць пары, якія ствараюцца і па каханьні. Але ў асноўным у нас маладыя хочуць, каб ён быў багаты – зь першага дня каб не лейтэнантам, а адразу генэралам!”

Толькі ж дзе знайсьці таго “генэрала” ў Капылі? Але – знаходзяць! Бо для большасьці крытэрыі сацыяльнае ўладкаванасьці, матэрыяльнага дабрабыту вельмі ўмоўныя. Хоць на прыступку жаніх ці ягоныя бацькі вышэй астатніх – вось ужо й рух наперад, угару... І дзеля гэтага дзяўчаты са скуры вылускваюцца, каб падаць сябе найлепшым “таварам”, знайсьці пэрспэктыўнага “пакупніка”... Гаспадар вясельнага салёну ў Воршы на пытаньне, ці часта даводзіцца яму назіраць, што жэняцца па разьліку, адказвае:

(Вадзім: ) “Кожны другі! Ну разьлік – гэта каб у нармальную сям’ю трапіць, каб дабрабыт, грошы былі, дзе мама-тата пасаду нейкую займаюць, каб потым з іхнага “штурхача” на добрую працу ўладкавацца, або добрае месца ў бізнэсе знайсьці…”

А вось што кажа адна з маларыцкіх нявестаў, Вольга:

(Вольга: ) “Разьлік – гэта вельмі патрэбная і разумная рэч. Бо выходзіць замуж за чалавека і відавочна бачыць, што ён табе не падыходзіць, вы зь ім ня зможаце жыць, бо не сутыкаецеся па некалькіх крытэрыях, – гэта неразумна. І кожны шлюб, я лічу, павінен быць заснаваны на такім разьліку”.

Невыпадкова тутэйшыя выбітныя людзі бяруць прыклад з гаспадароў жыцьця ў мэгаполісах – імкнуцца шукаць пару з роўных па статусу. І гэта азначае, што больш чым чатыры пятыя ўдзельнікаў правінцыйнага шлюбнага рынку мусяць глядзець не ўгару, дзе месьцяцца камэрсанты ды намэнклятура, а вакол сябе. І што яны бачаць? Хто ім застаецца? Слухаем дзяўчат, якія альбо зьбіраюцца замуж, альбо, як сумна жартуюць, “дзякуй, ужо схадзілі…”

(Ілона: ) “Цяпер настолькі людзі сьпіліся… Калі ўзяць нашую вёсачку Зарэчча, то гэта праз дом. Ды якое праз дом? Кожны дом ужо. А на вясельлі, хочаце, каб ня пілі?”

(Марына: ) “Мабыць вы ведаеце, што ў Салігорску сярод мужчынаў амаль адныя шахцёры. А хто такі шахцёр? Гэта неадукаваны чалавек. Цяпер я сустракаюся з адным зь іх, і ён нават прапанаваў ажаніцца, але не ўяўляю жыцьцё разам зь ім.”

(Алена: ) “Ваўкавыск такі маленькі гарадок, што даволі складана знайсьці мужчыну, аб якім я мару. Некаторыя п’юць, кураць. Яны мне зусім не цікавыя.”

(Вольга: ) “Большасьць мужчынаў аніяк ня могуць знайсьці працу, таму пачынаюць злоўжываць алькаголем… І ўся іхная цікаўнасьць да жыцьця, гэта танцы-шманцы, гарэлка, нават на жанчын часу не застаецца.”

З гледзішча нявестаў сытуацыя даволі сумная. Ня дзіва, што ў параўнаньні з пачаткам перабудовы, калі ў краіне пачаліся радыкальныя перамены, колькасьць вясельляў скарацілася ажно на 36%. Сацыёлягі й дэмографы сьцьвярджаюць: у 1995-м годзе быў зафіксаваны падзел грамадзкай думкі. Менавіта тады частка маладых ды іхных бацькоў пачалі арыентавацца на патрабаваньні новых, рынкавых адносінаў. І найперш былі адкладзеныя пляны тэрміновых замустваў і жаніцьбаў. З тае пары і стаў расьці ўзрост тых, хто бярэцца шлюбам. Асабліва ў дзяўчын. Адна зь вядомых актывістак беларускага жаночага руху Людміла Пеціна канстатуе:

(Пеціна: ) “Гэта вельмі адчувальна, што маладыя жанчыны зь невялікіх беларускіх гарадоў маюць вельмі-вельмі абмежаваныя магчымасьці…”

У прыватнасьці, яна мела на ўвазе высокія патрабаваньні нявестаў. Якія ж гэтыя параметры?

(Кацярына: ) “Ідэалаў наагул не існуе, а ідэальнага мужчыну прыдумаць нават цяжка, ня тое, каб знайсьці яго ў жыцьці”.

(Ірына: ) “Разумным, упэўненым, адказным, клапатлівым. Павінен паважаць усіх жанчын, але кахаць толькі адну”.

(Вольга: ) “Самае галоўнае, што мы хочам бачыць у мужчыне, гэта – адказнасьць. За свае ўчынкі, за свае словы, за свае дзеяньні… Што яшчэ? Фінансавая самастойнасьць. Мужчына павінен зарабляць грошы, каб забясьпечыць не мяне, не жанчыну, а – нашых дзяцей, сваю сям’ю і сябе самога”.

Нашая ўвага менавіта да нявестаў не выпадковая: перамены ў сфэры шлюбных адносінаў цікавыя, у прыватнасьці, заўважным падвышэньнем іхнай ролі ў стварэньні сем’яў. Пра тое і размаўляем са спадарыняй Пецінай:

(Пеціна: ) “На сёньняшні дзень жаночая сацыяльная група ў Беларусі больш якасная, чым мужчынская. Гэта відаць і з паказчыкаў узроўню адукацыі. Сёньня на 12% больш жанчын маюць вышэйшую адукацыю. Жанчын прафэсіяналаў і адмыслоўцаў утрая больш, чым мужчын. Калі паглядзець на структуру занятасьці, то ў краіне 75% рабочых – гэта менавіта мужчыны.”

(Карэспандэнт: ) “А ці не падаецца вам, што дзяўчаты часам ідуць у ВНУ не дзеля таго, каб атрымаць нейкую пэўную прафэсію, а менавіта дзеля тае адукаванасьці, якая ў будучым дапаможа знайсьці нармалёвага партнэра па жыцьці?”

(Пеціна: ) “З аднаго боку ёсьць і такое. Але з іншага – у нас усё ж суцэльная жаночая занятасьць, і жанчыны ўжо ў меншай ступені разьлічваюць толькі на мужчыну. Каля 52% жанчын Беларусі ў сфэры занятасьці. Гэта галоўныя нашыя працоўныя рэсурсы. І жанчыны цяпер больш чакаюць ад мужчын у пытаньнях партнэрскіх адносінаў, падзяленьня хатніх абавязкаў.”

Інакш кажучы, краіна пачынае кіравацца на амэрыканскі, заходнеэўрапейскі досьвед, дзе амбіцыі кабет, мары пра лепшы лёс перасталі напрасткі зьвязвацца зь вядучай роляй мужа. Аднак гэты працэс запаволены. Найперш адсутнасьцю дынамікі ў разьвіцьці рынку, эканомікі.

А вось у Японіі, Паўднёвай Карэі, дзе ў параўнаньні зь беларускамі яшчэ зусім нядаўна жанчыны былі куды больш матрыманіяльна скіраваныя, сытуацыя памянялася значна хутчэй. Там сёньня цяжка ўявіць, каб дзеля ідэі замуства на старце сямейнага жыцьця мірыліся з дрэннымі паводзінамі жаніхоў... Бо шмат для каго ўвесь спадзеў – толькі на іх. Які б яны не былі… Распавядае Ганна са шклоўскае вёскі Зарэчча:

(Ганна: ) “У нас усё было. Жаніх напіўся і спаў пад сталом. Гуляў потым вясельле паўгады. Уяўляеце? Дасюль гуляў. А цяпер ужо ня п’е і ўсё нармалёва. Вясковыя – простыя людзі. Ходзяць па Зарэччы, песьні сьпяваюць. Паб’юць каго-небудзь. Вось гэта вясельле! Калі бойкі няма, значыць – усё, вясельле не заладзілася. Гэта ўсе так гавораць!”

У вёсцы цяжэй разьлічваць толькі на свае сілы, таму і мусяць многія дзяўчаты прытрымлівацца традыцыйнага ўкладу. Але горад, нават невялікі, дае пэўную прастору жаночай ініцыятыве. Распавядае Вольга з Маларыты:

(Вольга: ) “Адметнасьць Маларыты ад іншых мястэчкаў у тым, што палова моладзі марыць працаваць на мытні. Мытня дае жанчыне фінансавую незалежнасьць. А часам фінансавая незалежнасьць больш прывабная, чым фінансава незалежны муж: калі ты сама зарабляеш свае грошы, то ты не залежыш ні ад кога. І ты ўжо можаш выбіраць таго мужчыну, які табе падабаецца”.

Вольгу дапаўняе Ірына з Баранавічаў:

(Ірына: ) “Лепш шукаць такога мужчыну ў вялікім горадзе, у сталіцы… Мужчыну трэба шукаць па ўсім сьвеце. Большую частку свайго жыцьця я пражыла ў Баранавічах, але знайшла свайго суджанага ў Менску”.

Ды хіба адна яна такая? Вёскі й маленькія гарадкі шарэюць, бо разумныя і прыгожыя дзеля ўладкаваньня асабістага лёсу ўсё часьцей зьяжджаюць у Гомель, Магілёў, Бабруйск, Берасьце... І ня толькі. Памятаеце сказанае Ірынай: сапраўднага мужчыну варта шукаць па ўсім сьвеце? Гэта ня проста рамантычны парыў. Такія мажлівасьці ёсьць ня толькі ў японак ды карэянак – яны пачалі зьяўляцца і ў беларускае правінцыі. Распавядае Часлава Касінская з Капыля:

(Касінская : ) “У нас эфіёп вось нядаўна жаніўся. Узяў капыльскую дзяўчыну. Алімаеху. Можа гэта ня прозьвішча, а імя. Бо ў іх прозьвішчаў няма. Прыехалі ягоныя сябры. Усе былі ў шоку: глядзелі, дзівіліся, радаваліся... У нас шмат немцаў жэніцца. Цяпер як мы кажам – эпідэмія малдаван. Асабліва дзяўчаты за нашых хлопцаў выходзяць. Казахстану шмат. Ёсьць расейцы. З Прыбалтыкі”.

Іншая гісторыя ў Алены:

(Алена: ) “Ці я ня там шукала, ці мне ня тыя людзі трапляліся, толькі нічога падыходзячага не знайшла. Таму давялося вяртацца ў Ваўкавыск. Гэта было вельмі шэрае жыцьцё, а мне хацелася нечага большага. І вось аднойчы я падключылася да інтэрнэту. З адным чалавекам наладзіліся добрыя кантакты”.

Жыве ён у Расеі, у Падмаскоўі, старэйшы за Алену на 20 год, разьведзены, мае двух дзяцей. Прапануе выходзіць за яго замуж. З адказам дзяўчына пакуль не сьпяшаецца, але хутчэй за ўсё адкажа згодай. Бо ўжо час нараджаць... Разважае Вольга з Маларыты:

(Вольга: ) “Калі жанчыне 25, 27, 28 год і яна разумее, што ў такім маленькім горадзе замуж ня выйдзе, дык проста робіць выбар і нараджае сабе дзіця. Ад нейкага знаёмага мужчыны… Прычым некаторыя нават выбіраюць, каб гэты мужчына быў з добрымі генамі. Яны нараджаюць для сябе. Калі раней, год 20 таму, жанчыны выходзілі замуж спэцыяльна, бо проста так нарадзіць было нельга – гэта асуджалася грамадзтвам, то сёньня вельмі шмат мацярок-адзіночак”.

І яшчэ больш жывуць у Беларусі грамадзянскім шлюбам: паводле апошняга перапісу 5% насельніцтва. А насамрэч, кажуць адмыслоўцы, мінімум удвая больш. Прычым узрост мужчынаў у такіх парах складае звычайна каля 30 год, а жанчын – крыху за 20. Адны ў гэтым бачаць маральную распусту, іншыя – адказнасьць за свой лёс: маўляў, і так у краіне зашкальвае скасаваньне шлюбаў. Хай лепш прыгледзяцца – ну, як ва ўсім сьвеце, чым мы горшыя за іншых? Размаўляем са спадарыняй Пецінай:

(Пеціна: ) “Дасьледваньні паказваюць, што сямейныя каштоўнасьці ў нашай краіне як для жанчын, так і для мужчын маюць вельмі высокі рэйтынг.”

(Карэспандэнт: ) “На ваш погляд: яны задумваюцца над цяжкасьцямі, рэаліямі жыцьця? Або недаацэньваюць тыя небясьпекі, што чакаюць іхны сямейны карабель заўтра-пасьлязаўтра?”

(Пеціна: ) “У нашага насельніцтва ўвогуле няма адказнага стаўленьня да свайго асабістага, уласнага лёсу. За савецкім часам гэта не культывавалася, і цяпер таксама людзі спадзяюцца, што вось дзяржава нешта зробіць, ад бацькоў можна дапамогу атрымаць… Практычна маладыя не выпрацоўваюць жыцьцёвую стратэгію, як гэта робіцца на захадзе”.

(Карэспандэнт: ) “Нездарма ж у нас няма таго, што становіцца нармалёвай практыкай – заключэньне шлюбных кантрактаў”.

(Пеціна: ) “Бо ў нас няма прыватнай маёмасьці”.

А кажучы шырэй, няма таго масавага сярэдняга клясу, які забясьпечвае стварэньне цывілізаванай інфраструктуры сучаснага шлюбнага рынку і ў Эўропе, і ў Азіі, і ў Амэрыцы. Гэта азначае, што крызыс беларускае сям’і зацягваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG