Гэта не адзіны ў Беларусі прыклад ушанаваньня прэзыдэнтаў, і некаторыя прадпрыемствы хапаюцца за падобныя замовы, як за выратавальныя саломіны.
Сапраўды, шмат якія беларускія прадпрыемствы ўжо фактычна спэцыялізуюцца на прэзыдэнтах. Берасьцейскі дывановы камбінат вырабляе партрэты Лукашэнкі на дыванах для ягонай адміністрацыі. Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва імя Кішчанкі тчэ сярэднеазіяцкія краявіды для палацаў прэзыдэнта Ўзьбекістану Іслама Карымава. Віцебскі дывановы камбінат робіць выявы расейскага лідэра Пуціна. Але, падобна, што Віцебск найбольш прыстасаваўся да такіх замоваў.
Згаданыя вамі гадзіньнікі з тварам Сапармурада Ніязава — ужо другая замова віцебскаму прыборабудаўнічаму заводу, і аб'ёмы растуць. Калі дагэтуль была замоўленая партыя ў 6 тысячаў гадзіньнікаў, то цяпер — амаль у 2,5 разы больш. На заводзе хоць і цешацца вялікаму заказу з Ашгабаду, але дзяліцца інфармацыяй упарта ня хочуць.
(Супрацоўніца аддзелу маркетынгу: ) "Чаму вас цікавіць менавіта гэтая інфармацыя? У нас вельмі шмат іншых цікавых замоваў. А калі хочацца абавязкова пра Туркмэнбашы, то, прабачце, гэта палітычныя гульні. Я разумею так: гэта значная палітычная фігура, але лічу, што гэтую тэму ня трэба вам браць. Мы дадзім вам любую іншую інфармацыю, а пра тое, што ўжо адгружанае, ці варта казаць? Чаму вы ня хочаце распавесьці пра вялікую замову "60 год вызваленьня Смаленшчыны ад нямецка-фашысцкіх войскаў"? Мы зрабілі гадзіньнікі для навабранцаў. Адміністрацыі раёнаў будуць уручаць гадзіньнік кожнаму маладому вайскоўцу. Навошта "зьбіваць" тэму Туркмэнбашы, калі можна сказаць пра іншае?".
Адзінае, што на заводзе не хаваюць — партыя гадзіньнікаў зробленая і накіраваная адрасату. Камэрцыйны бок кантракту не разгалошваецца, але адмыслоўцы раяць сыходзіць з таго, што кожны гадзіньнік (як у дадзеным выпадку — ад пачатку не дарагі) складае ў сярэднім 5-8 даляраў. Такім чынам, мінімум 50-60 тысячаў даляраў завод атрымаў, а ў сітуацыі, калі попыт на прадукцыю ня вельмі высокі, грошы цалкам нармалёвыя.
Стала таксама вядома, куды ідуць гэтыя прэзэнтацыйныя гадзіньнікі. Прынамсі, летась кожны туркмэнскі школьнік да Новага году атрымаў віцебскі гадзіньнік з выявай прэзыдэнта Ніязава, і цяпер можа зьвяраць час з дапамогай свайго Сонцападобнага правадыра. Ну, а сёлета Ніязаў ашчасьлівіць удвая больш суайчыньнікаў.
Натуральна, што Ніязаў плаціў за гадзіньнікі ня з уласнай кішэні. На заводзе сказалі, што плацёжныя даручэньні дасылаліся на адміністрацыю туркмэнскага кіраўніка. Зрэшты, усё гэта — толькі малое зьвяно ў вялізным ланцугу ідэалёгіі Туркмэнбашы.
Знаёмы туркмэнскі журналіст Чары Анамурадаў, які цяпер атрымаў палітычны прытулак у Швэцыі, а дагэтуль за занятак журналістыкай быў асуджаны ў сваёй краіне на 16 гадоў зьняволеньня, распавядаў: культ асобы Сталіна — дробязь у параўнаньні з культам галоўнага туркмэна.
У кожнай хаце — вялізны партрэт прэзыдэнта; стаіць 9-павярховы дом, а на ім партрэт на тры паверхі, які ўначы падсьвечваецца. Нават на лабавым шкле прыватных аўто партрэты замест талону тэхагляду, калі няма — даішнік можа штраф выпісаць.
На партрэтах Ніязаў стаіць на аблоках, як Бог. Пра яго складаць легенды: дарослыя людзі ўсур'ёз распавядаюць, што Туркмэнбашы можа пераўвасабляцца ў розных людзей і жывёлу. Вялізная скульптура Ніязава ўпрыгожвае галоўную плошчу Ашгабаду, а ягоныя вочы несупынна сочаць за кожным грамадзянінам краіны. Цяпер — і з гадзіньнікаў віцебскага прыборабудаўнічага заводу.