Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 ВЕРАСЬНЯ — МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ АХОВЫ АЗОНАВАГА СЛОЮ


Ганна Соусь. Менск

Як паведаміў Радыё Свабода начальнік азонамэтрычнай станцыі цэнтру маніторынгу азонасфэры пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце Аляксандар Сьветашаў, учора навукоўцы зафіксавалі памяншэньне азонавага слою над Беларусьсю, і адпаведна ўзмацненьне ультрафіялетавага выпраменьваньня.

(Сьветашаў: ) “Увесь месяц норма была — 300 добсанаў, як і мае быць для гэтага месяца, але ўчора пад сьвята — 260–265. І зараз таксама. Гэта на 30 адсоткаў менш, чым патрэбна”.

(Карэспандэнтка: ) “А з чым ыы гэта зьвязваеце?”

(Сьветашаў: ) “Гэта азонавая дзірка над Скандынавіяй, але нас кранае толькі яе край. Дзіркі зьяўляюцца над Ісьляндыяй і ідуць у напрамку Скандынавіі й Вялікабрытаніі. Калі яны там застаюцца, то ідуць празь Беларусь да Ўралу”.

(Карэспандэнтка: ) “А якую небясьпеку яна мае?”

(Сьветашаў: ) “Цяпер ніякай небясьпекі няма, таму што ёсьць аблокі. Летам гэта было бы небясьпечна”.

Міжнародны дзень аховы азонавага слою адзначаецца з 1995 году паводле рашэньня Генэральнай Асамблеі ААН у гадавіну падпісаньня Манрэальскага пратаколу аб азонаразбуральных рэчывах. Беларусь падпісала гэты пратакол, а таксама Венскую канвэнцыю аб ахове азонавага слою.

У самой Беларусі азонаразбуральных рэчываў не вырабляюць. Усясьветны банк выдаткаваў Беларусі грант на мадэрнізацыю шэрагу прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць азонаразбуральныя рэчывы — гэта завод “Атлянт”, прадпрыемства “Белгандальпрагрэс”, Менскі завод вылічальнай тэхнікі, “Белвар”, берасьцейскі завод “Цьветатрон” і пінскі “Камэртон”.

Аднак гэтых грошай недастаткова для поўнай рэалізацыі праекту. Пераабсталявана ўсё, што ідзе на экспарт. Прыкладам, менскі завод “Атлянт” ужо вырабляе лядоўні паводле сучасных тэхналёгіяў. Начальнік азонамэтрычнай станцыі Аляксандар Сьветашаў гаворыць пра небясьпеку нелегальнага ўвозу з Расеі азонаразбуральных рэчываў праз камэрцыйныя структуры.

(Сьветашаў: ) “Расея выконвае Венскую канвэнцыю, Манрэальскі пратакол, але не спыніла вытворчасьці азонанебясьпечных рэчываў. Таму яны й выступаюць супраць Манрэальскага пратаколу. Справа ў тым, што азонанебясьпечныя рэчывы каштуюць вельмі дорага — 13,5 даляраў на літар, а азонаразбуральныя рэчывы каштуюць паўдаляра. Таму цяпер празь мяжу ідуць вялікія патокі азонаразбуральных рэчываў для лядоўняў”.

Паводле начальніка азонамэтрычнай станцыі Аляксандра Сьветашава, яны выкарыстоўваюцца для абслугоўваньня састарэлых лядоўных установак на мясакамбінатах, малаказаводах, у гандлі, дзіцячых садках, школах, якія працуюць на старых холадаагентах, а значыць, спрыяюць памяншэньню азонавага слою над Беларусьсю.

У краінах Эўропы адпаведныя службы рэгулярна паведамляюць насельніцтву аб індэксе ультрафіялетавага выпраменьваньня. Плянуецца, што гэткая ж практыка будзе ўведзеная і ў Беларусі з траўня наступнага году. Навукоўцы адзначаюць сувязь паміж велічынёй ультрафіялетавага індэксу і колькасьцю захворваньняў на рак скуры. А як сьцьвярджаюць анколягі, у Беларусі рак скуры цяпер займае другое месца паводле колькасьці захворваньняў пасьля раку грудзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG