Сярод тых, хто па гарачых сьлядах дасьледаваў месца выкраданьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, быў былы сьледчы Алег Воўчак. Ён запісаў убачанае на відэастужку, якую дагэтуль захоўвае. Вось якім чынам Алег Воўчак рэканструяваў падзеі, што адбываліся ўвечары 16 верасьня 1999 году побач зь менскай лазьняй на Фабрычнай вуліцы:
(Воўчак: ) “Быў бачны тармазны шлях аўтамабіляў — як джыпа з Ганчаром і Красоўскім, гэтак і другога аўтамабіля наперадзе. Такім чынам, відавочна, што аўтамабіль Ганчара і Красоўскага заблякавалі. Ён спрабаваў даць задні ход, але там шлях таксама перакрылі, джып ударыўся ў гэты трэці аўтамабіль ды пабіў заднія ліхтары. Рэшткі ліхтароў я знайшоў на пляцоўцы. Дакладна, што адзін з аўтамабіляў захопнікаў быў чырвонага колеру. Бо калі ён перагароджваў дарогу джыпу, то ударыўся ў дрэва і на камлі засталіся кавалачкі чырвонай фарбы. А па дзьвюх плямах разьбітага шкла на асфальце відавочна, што з абодвух бакоў у джыпе разьбілі шкло, каб выцягнуць пасажыраў”.
Паводле Воўчака, гэтак сама штурмаваць аўтамабілі навучаюць вайскоўцаў з адмысловых службаў. Яшчэ адна прыкмета таго, што дзейнічалі прафэсіяналы — выбар месца захопу. Алег Воўчак лічыць, што яно падабранае вельмі ўдала, бо мінакоў на вуліцы Фабрычнай мала, да таго ж грукоча працоўная фабрыка. І яшчэ адну дэталь адзначае былы сьледчы — тое, як непрафэсійна ад пачатку расьсьледаваньня дзейнічалі сьледчыя.
(Воўчак: ) “Кроў, якая была на асфальце, спачатку сьледчых не зацікавіла, не забралі яны і ўсіх рэштак шкла, а таксама рэштак падфарнікаў. Ім не адразу спатрэбіліся сьляды чырвонай фарбы на дрэве, а калі я паспрабаваў адпіліць кавалак гэтага дрэва, міліцыянт мне забараніў ды папярэдзіў, што мяне прыцягнуць за адказнасьці за самастойныя дзеяньні”.
Як вядома, усе чатыры гады, якія мінулі ад здарэньня, цягнецца афіцыйнае расьсьледаваньне менскай гарадзкой пракуратуры. Гэтым расьсьледаваньнем кіруе ўжо трэці сьледчы, але выніку яно пакуль не дало.
Сваякі зьніклых, апазыцыйныя палітыкі й праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што сьледчыя толькі ствараюць выгляд працы. Яны зьвяртаюць ўвагу на вэрсію, паводле якой загад захапіць і зьнішчыць Віктара Ганчара як лідэра апазыцыі быў дадзены на самым версе, а выканалі яго вайскоўцы з адмысловай брыгады ўнутраных войскаў.
Грамадзкасьць Беларусі ніколі не пагаджалася з тым, каб справа аб зьнікненьні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага была закрытая і гэтае палітычнае злачынства патрапіла ў лік звычайных нераскрытых крымінальных здарэньняў.
У Менску і ва ўсёй краіне праходзілі дзясяткі акцыяў напаміну пра зьніклых, такая акцыя пройдзе і сёньня. На Кастрычніцкай плошчы Менску зьбяруцца людзі, якія возьмуць партрэты Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, а таксама Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадзкага.