Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ТАЛАКА


Ганна Соусь, Менск

У суботу ў Курапатах актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ усталёўвалі папярэчыны на крыжы.

(Юхо: ) “Сёньня чарговая талака ў Курапатах. Сабралася больш за 30 нашых сябраў. Сёньня павінны былі прывезьці крыжы. Прывезьлі частку тых крыжоў, якія мы не ўсталявалі – 22 папярэчыны. І вось мы на галоўнай алеі ў бок Цны заканчваем гэтую працу. Таксама прыбіраем сьмецьце, што засталося. Зараз вогнішчы ў чатырох месцах у Курапатах гараць. Таксама косім траву, высекаем частку гальля, што засталося.”

Як распавёў для Радыё Свабода старшыня Менскай абласной арганізацыі КХП БНФ Генадзь Банкевіч, талокі ў Курапатах будуць праходзіць штосуботу да самых Дзядоў.

(Банкевіч: ) “Хто дбае, той і мае. А хто спадзяецца, той ні з чым застаецца. Мы вырашылі ў Курапатах стварыць свой помнік – гістарычны, архітэктурны, і мы яго творым, як можам. Будуць лепшыя часы, зробім яшчэ лепш. Але ж я думаю, што вынік ўжо ёсьць.”

Сёньня Курапаты наведалі нямецкія навукоўцы з Брэмэнскага Ўнівэрсытэту. Гаворыць гісторык Рытэр Рудыгэр:

(Рудыгэр: ) “Мы прыехалі ў Курапаты, бо мы ў нас у Нямеччыне чулі пра гэтае месца. Для нас вельмі дзіўна, што няма афіцыйнай інфармацыі пра Курапаты, а таксама вельмі цікава, што ёсьць людзі, якія займаюцца Курапатамі й хочуць, каб людзі даведаліся праўду”.

Думку гісторыка Рытэра Рудыгэра працягвае палітоляг Стэфан Гарштэцкі:

(Гарштэцкі: ) “Я цікаўлюся тым, якім чынам у Беларусі, Польшчы, Літве, Украіне абыходзяцца з гісторыяй. Як сказаў мой калега, няма ніякай афіцыйнай інфармацыі пра Курапаты, але ж мы тут, мы бачым, што яны Курапаты ёсьць, што ёсьць людзі, якія займаюцца імі.”

Адхілы каальцавой дарогі ля Курапатаў пасьля дажджлівага тыдню яшчэ больш праселі. Цяпер цалкам засыпаная пяском сьцёкавая труба, яе ўжо нават ня бачна. Гэтыя хібы хутка збудаванай кальцавой дарогі будаўнікі пакуль ніяк не выпраўляюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG