Прынцыповым пытаньнем было тое, каб новы склад кабінэту міністраў адлюстраваў увесь спэктар этнічнай, рэлігійнай і сацыяльнай разнастайнасьці краіны. Трынаццаць міністэрстваў будуць ачольваць мусульманы-шыіты, пяць – суніты, пяць – курды, па аднаму міністэрству атрымалі туркмэны і хрысьціяне. У складзе кабінэту 24 мужчыны і адна жанчына.
Пакуль не прызначаны прэм’ер-міністар, а таму агульнае кіраўніцтва ў Іраку застаецца за амэрыканскім цывільным адміністратарам Полам Брэмэрам да наступных выбараў. Чакаецца, што яны адбудуцца налета пасьля прыняцьця новай канстытуцыі.
Кааліцая на чале з ЗША ўжо мае плян пераўтварэньня Іраку ў дэмакратычную, сувэрэнную дзяржаву. Сёньня, выступаючы ў Багдадзе, цывільны адміністратар ЗША ў Іраку Пол Брэмэр распавёў пра схэму, паводле якой маюць адбывацца зьмены ў краіне:
(Брэмэр: ) “Шлях да поўнага ірацкага сувэрэнітэту зразумелы і відавочны: спачатку, канстытуцыйнае пагадненьне ці нейкі падобны мэханізам для напісаньня сталай канстытуцыі Іраку. Затым гэтая канстытуцыя мае быць ухваленай ірацкім народам на рэфэрэндуме. І нарэшце, іракцы правядуць выбары, на якіх і будзе абраны паўнавартасны ўрад сувэрэннага Іраку. Працуючы з Кіруючай Радай і кабінэтам, я гарантую шчыльную падтрымку кааліцыі і дапамогу, бо мы разам маем прайсьці гэтым шляхам.”
Знаёмячыся зь біяграфіямі толькі што прызначаных міністраў, кідаецца ў вочы, што пераважна гэтыя людзі -- спэцыялісты ў сваіх галінах. Бальшыня зь іх атрымалі адукацыю ў замежных унівэрсытэтах. Так, ключавое міністэрства нафтавай прамысловасьці ачоліў Ібрагім Махамэд Бахр Аль-Улоўм. Яму 48 гадоў, сын шыіцкага клерыка, скончыў унівэрсытэт Нью-Мексыка, працаваў у нафтавай галіне ў Кувэйце і ЗША. Падобныя біяграфіі маюць і іншыя міністры.
Аналітыкі адзначаюць, што новыя міністры будуць займацца штодзённым кіраваньнем сваіх галінаў, у той час як палітычныя рашэньні будуць прымацца ў кансультацыях з кіраванай Злучанымі Штатамі адміністрацыяй і Кіруючай Радай.