Сямёра сябраў дэпутацкай групы “Рэспубліка”, якую кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў спрабавала ліквідаваць два дні таму, лічаць, што юрыдычных падставаў для гэтага няма. Таму 29 жніўня яны пацьвердзілі свой намер і далей заставацца адзінай дэпутацкай групай. У якасьці галоўнай задачы на восеньскую сэсію Палаты, што распачнецца 2 кастрычніка, яны вызначылі ўнясеньне зьменаў у Выбарчы кодэкс Беларусі для прывядзеньня яго ў адпаведнасьць са стандартамі АБСЭ.
Паводле кіраўніка “Рэспублікі” Сяргея Скрабца, яшчэ паўтары месяцы таму група выступіла з прапановай уключыць гэтае пытаньне ў парадак дня чарговай сэсіі.
(Скрабец: ) “Мы патрабуем, каб гэтае пытаньне было вынесенае на разгляд сёмай сэсіі Палаты. Зараз кожная парлямэнцкая камісія паведамляла, што выносіцца на наступную сэсію. Яны могуць зацягваць вырашэньне нашага пытаньня. Але мы будзем змагацца, каб камісія вынесла яго на паседжаньне рады Палаты”.
Між тым, 15 верасьня ў Менску заплянаваны вялікі сэмінар з удзелам дэпутатаў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Але ў сьпісе ўдзельнікаў гэтай сустрэчы ад Палаты нікога з групы “Рэспубліка” няма. Гаворыць Сяргей Скрабец:
(Скрабец: ) “Што сьмешна, нікога ад групы “Рэспубліка” у сьпіс не ўключылі. 15 чалавек ў сьпісе, а нас няма. Гэта вельмі цікава, бо Канаплёў гаворыць так: ёсьць такія дэпутаты, якія зьвяртаюцца ад імя групы, а ў наяўнасьці групы няма… — накшталт таго кажа. А потым ужо зачытаў, што чацьвёра выйшлі і сем засталося”.