Інфармацыя пра пашырэньне шэрагаў “Песьняроў” сапраўды мае месца: у зборным канцэрце адны з “Песьняроў” выступалі ў Маскве разам зь яшчэ адным легендарным фольк-гуртом, грузынскай “Арэрай”. Але ў складзе каманды не было ні Барткевіча, ні Скаражонка, ні іншых знаёмых прозьвішчаў.
Шматаблічнасьць некалі аднаго цэлага — унікум ня толькі беларускі. З больш сьвежых прыкладаў — гэта прыгаданы “Ласковый май” музычнага афэрыста Андрэя Разіна: прыканцы 80-х па Саюзе адначасна езьдзіла да дзясятку аднайменных калектываў, якія выціскалі з 14-гадовых прыхільніцаў ня толькі сьлязу, але і ўнутранасьці бацькоўскіх кашалькоў. З больш раньняга досьведу можна ўзгадаць пра двайнікоў Элвіса Прэсьлі, дзясяткі варыянтаў “Beatles”, клоны швэдзкага гурту “АВВА” і г.д.
Варыянт зь “Песьнярамі” сьведчыць на тое, што на іх яшчэ ёсьць попыт. Хутчэй, на іхную музыку, бо ад уласна “Песьняроў” засталася ў літаральным сэнсе толькі “сьветлая памяць”. Іншыя лічаць, што зьяўленьню новых “песьняроўскіх” варыянтаў спрыяе або непераборлівасьць публікі, або праблемы ў самім калектыве.
Зрэшты, гэтыя самыя праблемы суправаджаюць калектыў увесь час пасьля сьмерці нязьменнага кіраўніка “Песьняроў” Уладзімера Мулявіна; супярэчнасьці і гаспадарчыя, і творчыя, і кадравыя. Яшчэ раней, у бытнасьць Мулявіна, пра нездаровы мікраклімат у “Песьнярах” распачынаў гаварыць Уладзіслаў Місевіч, і вынікам непаразуменьняў стаў сыход з калектыву асноўных музыкаў, якія пазьней утварылі “Беларускія песьняры”. У міністэрстве культуры дагэтуль лічаць Місевіча, Дайнеку, Казлова ды іншых здраднікамі, а Мін’юст не дазваляе ім зарэгістравацца ў Беларусі ў якасьці самастойнай музычнай студыі. Пасьля сьмерці Мулявіна зьявіліся чуткі, што магчыма аб’яднаньне ранейшых удзельнікаў ансамблю. Аднак Уладзіслаў Місевіча на гэты конт захоўвае жорсткую пазыцыю.
(Місевіч: ) “Пра аб’яднаньне ня можа быць і гаворкі, там няма з кім аб’ядноўвацца. Найперш, гэта азначае вяртаньне ў дзяржаўную структуру — гэтак жа, як у тэатар, філярмонію — бо яны на бюджэце. Трэба пачынаць усё з нуля. На якім падмурку? На базе мулявінскай спадчыны, ці яшчэ чагосьці? Музычную стратэгію трэба выпрацоўваць. Але з кім? Там усё трэба мяняць, набіраць новых людзей. Намінальна толькі Барткевіч мае нейкую біяграфію, але цяпер ён абсалютна ня ў форме, ня мае голасу. Мы адмовіліся ад ягоных паслугаў; яшчэ калі ён толькі вярнуўся з Амэрыкі, я яго папярэджваў: зайдзі да нас, і я табе патлумачу, што ў калектыве адбываецца. Ён не захацеў, і нашыя шляхі разыйшліся. Усе ж астатнія там наогул людзі выпадковыя. Таму само слова аб’яднаньне для нас непрымальнае”.
Гэта было меркаваньне лідэра “Беларускіх песьняроў” Уладзіслава Місевіча. А што вядома ў справе “Песьняроў” пад нумарам тры?
У тым, што гурт, так бы мовіць, “пучкуецца”, у пэўным сэнсе вінаватыя і чыноўнікі міністэрства культуры. Менавіта яны стварылі напружаную сытуацыю вакол пасады дырэктара афіцыйных “Песьняроў”. Цяпер у дырэктарскім крэсьле, насуперак бальшыні музыкаў, вакаліст Валеры Скаражонак. Ранейшы дырэктар Ігар Сьвечкін паніжаны да намесьніка, а Леанід Барткевіч, які гэтаксама прэтэндаваў на адміністратыўную пасаду, наогул застаўся без рэгаліяў. Унутранае супрацьстаяньне прывяло да таго, што шэраг музыкаў падалі заявы ў міністэрства пра выхад з калектыву, і пэўны час былі, як кажуць, у вольным плаваньні.
Зусім ня выключана, што ўрэшце і яны пайшлі шляхам, які некалькі год таму праклаў Місевіч, шукаючы шчасьця ў Маскве. З адной толькі істотнай розьніцай: калі Місевіч усё ж перастрахаваўся ў назове, то сьлепа капіяваць знакаміты брэнд, па меншай меры, рызыкоўна. З улікам, што гучных імёнаў сярод тых, хто разьвітаўся зь першаснымі “Песьнярамі” няма, то просты пералік наўрад ці што скажа нават самым адданым прыхільнікам некалі славутага беларускага гурту. Але тое, што фантомы “Песьняроў” ужо блукаюць па 1/6 сушы, факт, блізкі да дакладнага.