Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАШТАБНЫ ЗБОЙ У ЭНЭРГЕТЫЧНАЙ СЫСТЭМЕ ЗША ПАДКАЗВАЕ ТЭРАРЫСТАМ ЦЭЛІ ЎДАРАЎ


Юры Дракахруст, Прага

У мінулы чацьвер велізарная тэрыторыя Паўночнай Амэрыкі, дзе жывуць 50 мільёнаў чалавек, пагрузілася ў цемру. Да гэтай аварыі мала хто мог паверыць, што такое можа адбыцца. Ужо пасьля таго, як гэта здарылася, губэрнатар штату Нью-Ёрк Джордж Пэтакі ня мог схаваць зьдзіўленьня:

(Пэтакі: ) “Гэта 2003 год, і няма ніякіх прычынаў, паводле якіх большая частка Паўночнага Захаду, значная частка Сярэдняга Захаду, значная частка Канады мусіла атрымаць такую сыстэмную энэргетычную аварыю. Пасьля зацьменьняў 60-х і 70-х гадоў мы казалі, што гэта ніколі не паўторыцца, але зараз, як мне паведамілі, адбылося самае маштабнае зацьменьне, якое наша краіна ведала ў сваёй гісторыі”.

Аднак, паводле адмыслоўцаў, асаблівых падставаў зьдзіўляцца няма. Амэрыканская энэргетычная сыстэма даволі зношаная. Праўда, яна больш прыстасаваная да рэзкіх зьменаў тэмпературных рэжымаў, чым, скажам, эўрапэйская. Сьпякота вышэй за 30 градусаў, якая сёлета абрынулася на Эўропу, для Амэрыкі – ня рэдкасьць, і таму электрычная сыстэма разьлічаная на тое, што летам кандыцыянэры па ўсёй краіне працуюць на поўную магутнасьць. Ня рэдкасьць, варта адзначыць, і збоі ў энэргетычнай сыстэме, і часовыя зацьменьні, але такая маштабныя аварыя здарылася ўпершыню ў гісторыі ЗША.

Першае, што заявіў прэзыдэнт Буш – што аварыя не зьяўляецца тэрактам. Пазьнейшыя дасьледваньні абставінаў здарэньня пакуль пацьвяржаюць гэтую заяву, але, паводле адмыслоўцаў, сам па сабе факт такога маштабнага збою ў энэргетычнай сыстэме Амэрыкі падказвае тэрарыстам цэлі ўдараў. Джэймс Мэтлз – адмысловец у пытаньнях бясьпекі амэрыканскай Рады замежный палітыкі – падкрэсьлівае, што падобная аварыя тлумачыцца збоем у крытычных вузлах сыстэмы.

(Мэтлз: ) “Калі тэрарысты будуць дастаткова разумнымі, каб вызначыць гэтыя крытычныя вузлы ня толькі нашай энэргетычнай інфраструктуры, але і інфраструктуры ўвогуле, мы будзем вельмі даступнымі”.

Паводле Джэймса Мэтлза, урад мусіць вызначыць гэтыя крытычныя вузлы і абараніць іх раней, чым яны стануць аб’ектамі тэрарыстычнай атакі. Паводле ацэнак, мадэрнізацыя нацыянальнай энэргетычнай сыстэмы ЗША будзе каштаваць ад 50 да 100 мільярдаў даляраў. Аднак, нават адзін дзень аварыі, падобнай да той, што здарылася на мінулым тыдні, прынясе страты непараўнальна большыя за такія выдаткі.

Іншы адмысловец, Джэймс Філіпс, які працуе ў Вашынгтонскім досьледным цэнтры Heritage Foundation, таксама робіць націск на тое, што інфраструктура зьяўляецца спакусьлівай мэтаю для тэрарыстаў.

Ён нагадвае, што мэта тэрору – не ваенная перамога, падрыў маральнага духу насельніцтіва. Джэймс Філіпс заўважае, што ўзброены супраціў сілам кааліцыі ў Іраку ня толькі нападае на жаўнераў, але і перашкаджае наладжваньню нармальнага электра- і водазабесьпячэньня. Мэта падобных акцыяў – пасяліць у душах людзей няверу ў здольнасьць уладаў кантраляваць сытуацыю. Такія ж мэты, адзначае Джэймс Філіпс, можа мець атака, скіраваная на інфраструктуру ў самой Амэрыцы. Калі ўлады у такой сытуацыі пакажуць сваю бездапаможнасьць, яны згубяць давер людзей.

Адмысловец не выключае і яшчэ больш небясьпечны сцэнар – калі напад на інфраструктуру, арганізацыя зацьменьня стане прэлюдыяй да іншай стадыі, падобнай да самалётнай тэрарыстычнай атакі 11 верасьня 2001 году.

(Філіпс: ) “Чым больш вынаходлівыя тэрарысты, тым больш небясьпечны тэрарыстычны акт. Можна ўявіць сабе напад, які пачынаецца з атакі на інфраструктуру, а потым удар наносіцца па іншым аб’екце. Мы бачылі, што ў чацьвер, у дзень зацьменьня, узровень нашай абароны быў зьніжаны, бо мы ня мелі электрычнасьці, нашыя магчымасьці дзеяньняў у адказ зьменшыліся”.

Прэзыдэнт Буш назваў энэргетычную аварыю “сыгналам да абуджэньня”. Гэты сыгнал патрабуе дадатковых высілкаў, каб прадухіліць ня толькі вынаходлівыя ўдары тэрарыстаў, але й небясьпекі, якія тояцца ў самой тэхнялягічнай сыстэме краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG