Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІЦТВА IREX У БЕЛАРУСІ ЗАКРЫТАЕ


Валер Каліноўскі, Менск

У офісе IREX пакуюць абсталяваньне; частка аргтэхнікі, якая належыць прадстаўніцтву, перададзеная ў дар беларускім арганізацыям, зь якімі супрацоўнічаў IREX, частка будзе прададзеная. Рахункі арганізацыі зачыненыя ад панядзелка, некаторыя супрацоўнікі ўжо знайшлі новыя месцы працы. IREX меў дзелавыя адносіны болей чым з сотняй арганізацыяў, на спыненьне ўсіх кантрактаў МЗС Беларусі даў усяго месяц, ніяк не прарэагаваўшы на просьбы амэрыканскай арганізацыі падоўжыць час на закрыцьцё. Супрацоўнікам офісу давялося працаваць 12 гадзінаў у суткі, але выканаць усе абавязковыя працэдуры за месяц не ўдалося, у наступныя дні яны будуць завершаныя.

Кіраўнік прадстаўніцтва IREX Боб Артэга пакіне Менск праз тыдзень. Ён кажа, што арганізацыя будзе працягваць абскарджваць рашэньне МЗС Беларусі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, 6 жніўня туды пададзеная новая скарга.

Спадар Артэга ўпэўнены, што рашэньне беларускіх уладаў аб закрыцьці прадстаўніцтва IREX мае выключна палітычную матывацыю, і вынікі праверкі яго арганізацыі Дзяржкантролем, і прэтэнзіі беларускіх уладаў да прадстаўніцтва спадар Артэга лічыць не адпаведнымі ні беларускаму, ні міжнароднаму заканадаўству. Гэты перасьлед IREX накіраваны на ўціск незалежных мэдыяў Беларусі, лічыць Боб Артэга.

(Артэга: ) “Я лічу, што склалася вельмі складаная сытуацыя для незалежных мэдыяў у Беларусі. Быў зачынены IREX, быў зачынены “Інтэрньюз”, і гэта адбылося менавіта таму, што мы дапамагалі незалежным СМІ. Калі гэта ўсё разглядаць у кантэксьце іншых падзеяў, якія адбываліся апошнія месяцы, такіх як спыненьне выхаду незалежных газэтаў, вынясеньне папярэджанняў, канфіскацыя абсталяваньня незалежных тэлестанцыяў, то карціна атрымліваецца ня вельмі аптымістычная”.

Боб Артэга мяркуе, што тым ня менш дапамога станаўленьню СМІ і грамадзянскай супольнасьці Беларусі застаецца важнай задачай, ён не выключае, што іншыя дабрачынныя арганізацыі ЗША могуць зацікавіцца адпаведнымі праектамі, але цяпер іх рэалізацыя становіцца ўсё больш складанай.

Акрамя дапамогі незалежным СМІ прадстаўніцтва IREX у Беларусі выконвала праграмы акадэмічных абменаў, грамадзкіх сувязяў, арганізацыі стажыровак, далучэньня суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, адукацыйных установаў да Інтэрнэту. Ягонай падтрымкай карысталіся лекары, настаўнікі, навукоўцы, бізнэсоўцы, мясцовыя ўлады.

За шэсьць гадоў працы IREX ня меў прэтэнзіяў ад уладаў — за выключэньнем апошніх месяцаў. Летась Міністэрства замежных справаў нават дазволіла павелічэньне штату замежных супрацоўнікаў арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG