Апошні ватыканскі дакумэнт не прыносіць нічога новага, што падкрэсьліваюць самі аўтары. У ім ўсяго толькі нагадваецца пра нязьменную пазыцыю Ватыкану ў пытаньні сям’і, сужэнства і гомасэксуалізму. Затое важнае іншае. Ватыкан апублікаваў гэты дакумэнт у часе, калі ў шэрагу краінаў вядуцца ажыўленыя дэбаты ў справе легалізацыі аднаполых сужэнстваў. Законы, якія дазваляюць гомасэксуалістам падпісваць пакты, падобныя да грамадзянскага сужэнства з усімі правамі ў сфэры сацыяльнай апекі, падаткаў і спадкаемства, ужо прынялі Галяндыя, Францыя і Бэльгія, а таксама некаторыя правінцыі ў Канадзе. У ЗША да дыскусіі аб гэтым далучыўся сам прэзыдэнт Буш, які асабіста супраць легалізацыі аднаполых сужэнстваў.
У якасьці рэакцыі на гэтую зьяву ў ватыканскім дакумэнце адзначаецца, што “легалізацыя аднаполых саюзаў прынесла б шкоду фундамэнтальным нормам маралі і прывяла б да дэвальвацыі сужэнства”. Найбольш катэгарычна супраць Ватыкан паставіўся да пытаньня ўсынаўленьня і выхаваньня дзяцей гомасэксульнымі парамі.
Варта таксама адзначыць, што ў дакумэнце, усьлед за энцыклікай “Евангельле Жыцьця”, Ватыкан паўторна заклікае хрысьціянскіх палітыкаў супраціўляцца прыняцьцю гэтых законаў. Кангрэгацыя навукі й веры нагадвае, што каталіцкія палітыкі маюць асаблівы маральны абавязак ясна і публічна выказаць свой супраціў тым законапраектам, якія спрыяюць аднаполым сужэнствам. Паводле Ватыкану, кожны парляментар-каталік павінен імкнуцца да скасаваньня такіх законаў, калі яны ўжо прынятыя, або “імкнуцца да зьмяншэньня іх шкоднасьці ў сфэры культуры і маралі”.
Пазыцыю Ватыкану адразу асудзілі ня толькі арганізацыі геяў і лесьбіянак, але і некаторыя левыя палітыкі ў Эўропе. “Царква мае права выказваць свой пункт погляду, але ня можа ўплываць на палітычнае жыцьцё сьвецкай дзярэжавы”, – заявіў сацыял-дэмакрат у італьянскім парляманце Лючана Вёлянтэ. “Гэта сумны дакумэнт, які сьведчыць аб разумовай абмежаванасьці і фанатызьме”, – дадаў прадстаўнік нямецкай Партыі зялёных Фолькер Бэк.