Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗКІЯ АБ’ЯДНАНЬНІ ГУБЛЯЮЦЬ ПРЭЗЫДЭНТАЎ


Ігар Карней, Менск

Цяпер ужо былы прэзыдэнт Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін адразу ж, як склаў свае паўнамоцтвы, зьехаў у адпачынак і з журналістамі па тэлефоне размаўляе вельмі коратка — дарагі роўмінг. Таму па тлумачэньні давялося зьвярнуцца да віцэ-прэзыдэнта аб’яднаньня Ліліі Коваль.

(Коваль: ) “Гэта рашэньне Рады саюзу, як рэакцыя на пастанову Саўміну, паводле якой трэба мяняць назву пасады “прэзыдэнт” на “старшыню” ці нейкія іншыя. Адпаведна, нам трэба ўсіх пераназваць, уключна зь віцэ-прэзыдэнтамі і сябрамі Рады. Мы ж вырашылі скласьці паўнамоцтвы і на Генэральнай асамблеі правесьці новыя выбары. Гэта значыць, будзе галасаваньне. Адзінае, што да выбараў Генэральнай асамблеі — мы працягваем выконваць свае грамадзкія і службовыя абавязкі. Але пасадаў прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта больш не існуе”.

Мяркуецца, што на новыя пасады будуць прэтэндаваць і былыя кіраўнікі. Але гэта не азначае, што аўтаматычна галасаваньнем прадпрымальніцкі саюз ачоляць тыя ж самыя асобы. Пакуль яшчэ ўвогуле не зацьверджаныя сьпісы ахвотных балятавацца на пасаду старшыні саюзу і ягоных намесьнікаў. Адзінае, што канстатуе спадарыня Коваль, — аб’яднаньне захаваецца і будзе спрабаваць абараняць інтарэсы прадпрымальнікаў і надалей. Запытваю, наколькі гэта рэальна ў сытуацыі, калі адзін дэкрэт кіраўніка краіны можа перакрэсьліць супольныя намаганьні ўсяго саюзу, у які ўваходзяць высокакваліфікаваныя адмыслоўцы ў галіне бізнэсу?

(Коваль: ) “Ведаеце, усё роўна рэальна. Калі мы будзем усе сядзець у сваім шкарлупіньні і атрымліваць тое, што нам даводзяць як канстатацыю факту, мы нічога ня зьменім у гэтай краіне. Таму актывізацыя дзейнасьці менавіта грамадзкіх аб’яднаньняў, іхных сяброў неабходная як паветра. Зь іншага боку, нават у часе прыняцьця ўзгаданых вамі дэкрэтаў саюзы дамагаюцца, каб іх запрашалі да ўдзелу ў працы над законапраектамі. У прыватнасьці, у дэкрэт аб ліцэнзаваньні было ўнесена некалькі паправак, прапанаваных Менскім сталічным саюзам прадпрымальнікаў”.

Чакаецца, што ў хуткім часе шматлікія грамадзкія аб’яднаньні, якія паводле іх статутаў ачольваюць прэзыдэнты, будуць змушаныя тэрмінова мяняць гэтыя статутныя дакумэнты і штатныя расклады. Міністэрства юстыцыі патрабуе як мага хутчэйшага выкананьня пастановы Саўміну, згодна зь якой ніхто ўжо ня зможа пераблытаць прэзыдэнта дзяржавы з прэзыдэнтамі якіх-небудзь клюбаў ці таварыстваў па інтарэсах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG