Выкрыцьцё грузаў, якія паступаюць на адрас фікцыйных фірмаў у Расею — адна з задачаў супрацоўнікаў Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. Звычайна канфіскуюць сам груз і аўтамабіль. За паўгоду сканфіскавалі з розных прычынаў 109 машын. А за ўвесь мінулы год — 59. Рэалізацыя гэтак званага канфіскату прынесла амаль 2 мільярду рублёў. Праўда, куды пайшлі гэтыя грошы, кіраўнік рэгіянальнай мытні Юры Сянько не сказаў. У Горадні падсумавалі, як працавала мытня ў першым паўгодзьдзі.
Выступіў таксама Ўладзімер Саўчук — галоўны спэцыяліст прадстаўніцтва мытнай службы Расеі, які працуе ў Беларусі. Ён зазначыў, што практычна палову транспартных сродкаў з транзытным грузам гарадзенцы затрымліваюць неабгрунтавана. За паўгоду яны затрымалі 116 аўтацягнікоў, чыгуначных вагонаў, якія сьледавалі ў Расею. Але склалі толькі 60 пратаколаў аб парушэньнях мытнага заканадаўства. Астатні транспарт мытнікі марна пратрымалі па 10 і болей дзён. Сам Юры Сянько зазначыў, што некаторыя супрацоўнікі кепска падрыхтаваныя да працы.
Дарэчы, гарадзенскія мытнікі мусяць змагацца за складзеныя пратаколы аб парушэньнях. Летась яны выступалі ў судзе 62 разы. А за паўгоду сёлета — 102 разы. Уладальнікі тавараў, прызначаных фікцыйным фірмам, усё больш актыўна імкнуцца адсудзіць затрыманыя грузы.
Прадстаўнік расейскай мытнай службы паведаміў яшчэ, што не павялічваецца тавараабмен паміж Расеяй і Беларусьсю. Асабліва пасіўныя прадпрыемствы Гарадзеншчыны. І такая навіна: чэргі легкавых аўтамабіляў на межах Беларусі з польскага і літоўскага боку зьменшацца. Машыны вязуць расейцы.
Уладзімер Саўчук паведаміў, што расейскі ўрад прыняў пастанову — з 26 ліпеня удвая падвысяць падатак за ўвоз у гэтую краіну легкавікоў. За самы стары трэба будзе заплаціць 2,5 тысячы даляраў. Расейскі ўрад палегчыць працу беларускім мытнікам, — падсумаваў сп. Саўчук. Сам ён пасьля трох месяцаў працы ў Беларусі атрымаў падвышэньне.