Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНСКІЯ ХАРЧЫ СЛУЖАЦЬ ПАРАТУНКАМ ДЛЯ МНОГІХ БЕЛАРУСАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Цяпер у Гомель, Мазыр ды іншыя памежныя гарады ўкраінцы вязуць ня толькі алей, сала, масла, малочныя харчы імкнуцца прывезьці чарэшні новага ўраджаю, абрыкосы, таматы. Для насельніцтва забруджанай радыяцыяй Гомельшчыны садавіна вельмі дарэчы. Аднак і на ўвоз садавіны ў Беларусі дзейнічаюць уведзеныя яшчэ летась абмежаваньні — 10 кіляграмаў на чалавека.

Пра парадкі на беларускай мяжы распавядае гандлярка з Чарнігава:

(Гандлярка: ) “Паглядзелі на вока і высадзілі дзьве дзяўчыны. Везьлі яны сюды кабачкі, абрыкосы і чарэшні”.

Яшчэ адна ўкраінская грамадзянка з райцэнтру Рэпкі згадвае, што памежнікі адзначаюць тых, хто часта возіць у Беларусь харчы, і папярэджваюць, каб цягам месяца яны ўстрымаліся ад паездак.

(Украінка: ) “Сказалі, што хахлы езьдзіць ня будуць. Словам, заходзіш на кантроль, ён, памежнік, бярэ твой пашпарт, запісвае ўсе зьвесткі і папярэджвае: з гэтым таварам цягам месяца вы болей не праедзеце. Усё! Вы часта перасякаеце мяжу. Такога ж у законе няма. Проста зьдзекуюцца”, — сьцьвярджае ўкраінка зь мястэчка Рэпкі.

Дробныя ўкраінскія гандляры перакананыя, што 10-кіляграмовая норма на ўвоз харчоў, а тым больш садавіны, нікому карысьці не прыносіць.

(Гандлярка: ) “Хаця б 30 кіляграмаў ваш прэзыдэнт дазволіў. Гэта для вашых людзей было б лепей. Вашы б людзі болей спажывалі сьвежых ягадаў, садавіны. А мы б яшчэ таньней прадавалі. Гэта ж у інтарэсах беларускага народу”, — лічыць спадарыня Марыя з Чарнігава.

Гамельчукі ахвотна купляюць украінскую садавіну ды іншыя больш танныя харчы. Распавядае гомельская пэнсіянэрка, што назвалася Натальляй Пятроўнай:

(Натальля Пятроўна: ) “Вось яны толькі нас і ратуюць, бо ў крамах такія цэны, што толькі паглядзіш — і выходзіш. На 80 тысяч — як пражыць? Спытаць бы ў прэзыдэнта, як можна пражыць на такую пэнсію?”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG