Правесьці народнага пісьменьніка Беларусі ў апошні шлях прыйшлі людзі сталага веку і зусім юныя, вядомыя палітыкі й шараговыя грамадзяне. Колькасьць прысутных многіх уразіла. Вось што казалі людзі:
(Спадарыня: ) “Вельмі цяжка, вельмі балюча, і я ўдзячная ўсім, хто сюды прыйшоў. Я ведала, што людзі будуць, але не ўяўляла, што так шмат. Я сама больш за гадзіну стаяла ў чарзе. Боль, страшэнны боль, што мы згубілі Быкава”.
(Спадар: ) “Гэты чалавек мне дарагі ня толькі як духоўны апостал беларускага народу, як пісьменьнік, як філёзаф і мысьляр, але і як асоба. А яшчэ ён мой зямляк. І я разьвітваюся ня толькі з асобай, але яшчэ й земляком”.
(Спадарыня: ) “Ведаеце, я бязь сьлёз не магу пра гэта казаць. Але няхай нашыя ворагі сёньня паглядзяць, колькі народу прыйшло. Няхай паглядзіць уся Эўропа, што ёсьць наш беларускі народ, што нашая мова жыве. І гэта паказаў наш народны пісьменьнік Васіль Быкаў”.
(Спадар: ) “Для мяне Васіль Быкаў — гэта й вялікі беларускі патрыёт, мужная неардынарная асоба, які ва ўсе часы не баяўся супрацьстаяць гэтай таталітарнай сыстэме, апынуўся ізгоем, але застаўся сам сабой”.
(Спадарыня: ) “Усе гэтыя тры дні я адчуваю, што мы страцілі частку Беларусі. І я лічу, што ў краіне павінна была быць абвешчаная агульная жалоба, каб людзі ведалі, каго яны страцілі. Але я гляджу на гэтых людзей, якія прыйшлі разьвітацца з Васілём Быкавым і разумею, што ўсё ж жыве Беларусь”.
Людзі ішлі з кветкамі, бел-чырвона-белымі сьцягамі й нават уласнымі вершамі. І амаль кожны зь іх казаў, што прысутнасьць на пахаваньні Васіля Быкава ёсьць грамадзянскім абавязкам кожнага беларуса і грамадзяніна гэтай краіны.
(Спадар: ) “Я лічу, што гэта абавязак кожнага грамадзяніна — прыйсьці й аддаць пашану такому вялікаму чалавеку. Гэта вялікі чалавек, ён шмат рабіў для таго, каб Беларусь ведалі ў сьвеце”.
(Спадарыня: ) “Я не магла не прыйсьці, бо я любіла гэтага чалавека: праўдзівага, строгага — як героя. І цяпер я паглядзела, што ён і ў труне ляжыць як герой. І я вельмі ўдзячная прэзыдэнту Лукашэнку і ўсёй ягонай экіпе, што яны аддалі нам нашага Быкава, што паўсюдна бел-чырвона-белыя сьцягі”.
(Спадар: ) “Мяне крыху засмучае вось гэтая фраза — “Пакінуў нас”. Васіль Быкаў нас не пакідаў, ніколі не пакіне й будзе заўсёды з намі. Наадварот, яшчэ прыйдзе ў дом кожнага беларуса”.
(Спадар: ) “Сёньня мы разьвітваемся ня проста зь пісьменьнікам, ня проста з цудоўным чалавекам, а часткай нашай радзімы. Бо для мяне Быкаў атаясамліваецца найперш з радзімай, а затым літаратурай”.