Сёньня ў ліцэі панавала нязвыклае зацішша. Пра нядаўнія хваляваньні, зьвязаныя са скандальным прызначэньнем новага дырэктара, нагадвалі толькі плякаты на дзьвярах ды сьценах — “Пакіньце нас у спакоі”, “Ніхто ня можа жыць бяз сэрца, дык ня вырывайце яго ў нас”. Адносны спакой усталяваўся тут пасьля нядаўняга візыту міністра адукацыі. Аднак сытуацыя застаецца напружанай. Вось што паведамілі навучэнкі 9-й клясы Юля Круглік і Варвара Папова:
(Круглік: ) “Па-першае, пасьля кожнага такога сходу ты атрымоўваеш такі вялікі стрэс, што прыходзіш дадому й ня ведаеш, як сябе адчуваць і што рабіць. У галаве не іспыты, а менавіта гэтыя праблемы. Вельмі цяжка перажываць кожны гэты сход. Увогуле цяжка пра ўсё гэта казаць, бо за два гады ліцэй для мяне — мой родны дом, і вельмі баліць сэрца за гэта ўсё”.
(Папова: ) “Перажываем за ліцэй, бо ён у кожны момант можа разваліцца: нашыя выкладчыкі, усе як адзін, сыходзяць. Прыйдзецца таксама штосьці шукаць”.
Аднакурсьнікі дзяўчат, Зьміцер Раманцоў і Павал Супраненка, выказаліся за большую рашучасьць у справе абароны й захаваньня ліцэю.
(Супраненка: ) “Плянаў, зьвязаных зь іншымі навучальнымі ўстановамі, у мяне няма. Ёсьць плян такі: “адбіваць” наш ліцэй, бо гэта адзіная такая ўстанова ў Беларусі ўвогуле”.
(Раманцоў: ) “Я ішоў у гэты ліцэй, каб атрымаць добрую адукацыю па-беларуску, бо за сем клясаў я зьмяніў тры школы, дзе кожны раз мне абяцалі беларускую мову і кожны раз свае абяцанкі не выконвалі. Бацька змагаўся ў міністэрствах розных, і ўсё адно прадметы пераводзілі на расейскую мову. Таму нам трэба змагацца за наш ліцэй, калі трэба будзе, то выходзіць на пікеты й розныя акцыі”.
(Супраненка: ) “Так, да самых скрайнасьцяў будзем нават даходзіць — абы толькі наш ліцэй пакінулі нам і ягоным законным кіраўнікам”.
Настаўніцкі калектыў цяпер абмяркоўвае магчымасьць стварэньня альтэрнатыўнай недзяржаўнай навучальнай установы. Гаворыць Лявон Баршчэўскі:
(Баршчэўскі: ) “Усё, што ў нашых сілах, мы зробім: арганізуем нейкія бясплатныя падрыхтоўчыя курсы для вучняў на недзяржаўнай аснове. Але каб стварыць альтэрнатыўны недзяржаўны ліцэй, бадай, да верасьня мы не пасьпеем. Натуральна, што пад кіраўніцтвам гэтага дырэктара калектыў працаваць ня будзе — гэта я магу сказаць упэўнена. Калі Міністэрства ня знойдзе магчымасьці вырашыць гэтую праблему, то канфлікт будзе пашырацца, бо проста так, дабраахвотна мы адсюль ня сыдзем, пакуль нас не адпусьцяць бацькі й вучні”.
Якім будзе фінал гэтай гісторыі, стане вядома пасьля 23 чэрвеня. Менавіта да гэтага дня Тамара Шчарбачэвіч будзе наведваць курсы беларускай мовы, на якія яе накіравала Міністэрства адукацыі.