Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ “НОРД-ОСТ” ПАКАЗВАЦЬ НЯ БУДУЦЬ


Ігар Карней, Менск

Расейскі мюзыкал “Норд-Ост” ад пачатку быў задуманы як відовішча для масавага гледача, а таму і не прэтэндаваў на вышэйшыя ляўры. Аднак лёсу было заўгодна, каб “Норд-Ост” пераўтварыўся ў сымбаль найперш палітычных праблемаў у расейскім грамадзтве. Мастак-пастаноўшчык “Норд-Осту” Зінові Марголін назаўсёды страціў леташнім кастрычнікам шмат сяброў і знаёмых. А таму ўпэўнены, што захоп тэатральнага будынку на Дуброўцы толькі абвастрыў недасканаласьць палітычных мэтадаў, якія часта бярэ на ўзбраеньне расейскае кіраўніцтва.

(Марголін: ) “Гэта магло здарыцца ў іншай якасьці, у іншым месцы, але ў кожным разе гэта вынік няправільнай палітыкі. Нельга ўсё расцэньваць толькі як руку злога дзядзькі. У Маскве вельмі розныя настроі: частка хварэе на сталінскі сындром, з замілаваньнем распавядае, як Сталін вырашыў чачэнскую праблему. Тут вялізная колькасьць шавіністаў, імпэрыялістаў, але пры гэтым горад з кожнай хвілінай робіцца ўсё больш усходнім. Падзеі апошніх 15 гадоў прывялі да таго, што Маскву наваднілі людзі, якія пабеглі ў вялікі горад ад голаду, жабрацтва і войнаў. Таму сытуацыя ўвесь час небясьпечная. Усё гэта цалкам натуральна, але калі гэта кранула асабіста мяне, то зьявілася адчуваньне катастрофы”.

Трагедыя на Дуброўцы адбілася ня толькі на беларускіх сем’ях, у якіх у тэатральным цэнтры загінулі альбо трапілі адтуль у шпіталі сваякі. Зьмянілася агульнае стаўленьне беларусаў да сваёй самаідэнтыфікацыі ў параўнаньні з расейцамі. Кіраўнік Навуковага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў параўнаў адказы рэспандэнтаў сёлета і год таму. Зараз пытаньне стаяла так:

(Манаеў: ) “Чым беларусы адрозьніваюцца ад рускіх? Адрозьніваюцца мовай — 38,1%, культурай і традыцыямі — 33,6%, гісторыяй — 26,3%, псыхалёгіяй — 20,1%, зьнешнім выглядам — 2,5%, нічым не адрозьніваюцца — 37,5%”.

Цяпер, паводле спадара Манаева, сытуацыя заўважна зьмянілася, і суадносіць сябе з расейцамі ўжо не такая колькасьць людзей.

(Манаеў: ) “Ёсьць цікавая тэндэнцыя: мы год таму задавалі тыя ж пытаньні, і максымальны ў адсотках адказ быў “нічым не адрозьніваюцца” — 44%. Амаль кожны другі беларус лічыў, што нічым не адрозьніваецца ад расейца. Сёлета самаідэнтыфікацыя ў беларусаў падвысілася: тых, хто лічыў, што ніякай розьніцы няма, стала меней — ад 44% да 37,5%”.

Наўрад ці адмена гастроляў “Норд-Осту” ў Беларусі наўпрост залежыць ад лічбаў сацылягічных дасьледаваньняў. Тым больш, што ня так даўно яшчэ адзін расейскі мюзыкал “Мэтро” прайшоў у Менску з аншлягам. У кампаніі “Класс-Клуб ДК”, якая мелася арганізаваць канцэрт, не хаваюць: квіткі прадаваліся надзвычай дрэнна, а ў выніку апытаньня патэнцыйных гледачоў стала зразумела, што людзей найперш палохаюць адмоўныя асацыяцыі з кастрычніцкімі падзеямі ў Маскве. Зінові Марголін, мастак-пастаноўшчык шоў, лічыць, што насамрэч хопіць ужо Расею і Беларусь ставіць у адну вагавую катэгорыю.

(Марголін: ) “Ёсьць лякальныя гістарычныя праблемы: прыкладам, канфлікты ўнутры Беларусі, паміж уладай і апазыцыяй. Але гэта праблемы сёньняшняга дня. Усё будзе вырашацца, зьмяняцца, мы, нарэшце, зьнікнем. А вось што тычыцца гістарычных рэчаў, глябальных, тут нельга рабіць памылак. Такая вялізная краіна як Расея, са сваімі праблемамі, і мы — гэта розныя рэчы. Інтуіцыя нашых кіраўнікоў павінна ім падказаць, што рабіць надалей, як будаваць дачыненьні... Ледзьве ня самае галоўнае, што адчуваеш у Расеі — кошт жыцьця. Чым большая краіна, тым меншы кошт жыцьця. У Расеі ніхто не пастаіць за 500 чалавек. У Беларусі да гэтага іншае стаўленьне. Але для Расеі 500 чалавек — гэта ня кошт пытаньня, асабліва дзеля вялікай палітыкі”.

На жаль, канстатуе Зінові Марголін, палітыка занадта часта карэктуе астатнія сфэры, а разьменнай манэтай пры гэтым зьяўляюцца чалавечыя жыцьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG