Студэнты з Кітаю, якія навучаюцца ў Магілёўскім тэхнічным унівэрсытэце, падчас летніх вакацыяў будуць адпачываць у Беларусі і месяц працаваць валанцёрамі ў адной з эўрапейскіх краінаў.
Такое рашэньне прарэктар унівэрсытэту ў справах міжнародных сувязяў Яўген Берастаў тлумачыць небясьпекай атыповай пнэўманіі:
(Берастаў: ) “Мы, натуральна, клапоцімся пра бясьпеку Рэспублікі Беларусь і пра здароўе саміх кітайцаў”.
Цяпер у тэхнічным унівэрсытэце вучыцца 16 студэнтаў з Кітаю. У навучальнай установе гавораць, што кітайцы — студэнты ня бедныя, і таму звычайна штогоду езьдзілі дадому. Гаворыць стараста кітайскіх студэнтаў Ма Юань:
(Ма Юань: ) “Зараз у Кітаі карантын. Нас не пускаюць дадому. Канечне, нам сумна без бацькоў, аднак калі там шмат хворых, а мы паехалі б дадому і потым вярнуліся, тут беларускія жыхары таксама хваляваліся б. Таму я мяркую, што гэта добра. Калі завершыцца карантын, мы паедзем дадому”.
Кітайскія студэнты ў Магілёўскім тэхнічным унівэрсытэце зьявіліся два гады таму. Яны аддаюць перавагу камэрцыйным спэцыяльнасьцям і навучаюцца за грошы. Плянавалася, што тэхнічны ўнівэрсітэт у наступным навучальным годзе прыме яшчэ 20–25 чалавек з Кітаю. Аднак цяпер, верагодна, іх месцы зоймуць маладыя людзі з арабскіх краінаў — Сырыі, Ярданіі, Лібану. Вось камэнтар Яўгена Берастава:
(Берастаў: ) “Сытуацыя нявызначаная, і шмат у чым залежыць ад разьвіцьця атыповай пнэўманіі. Зараз адназначна адказаць, будзем мы прымаць кітайцаў альбо не, немагчыма. Гэта, напэўна, ня столькі ад нас залежыць, колькі гэтае пытаньне павінна вырашацца на рэспубліканскім роўні”.
Кітайскія студэнты ня лічаць такую сытуацыю парушэньнем правоў іх суачыньнікаў і ва ўсім вінавацяць карантын, а таксама перашкоды, якія чыніць ва ўезьдзе Масква, бо кітайцы едуць у Беларусь праз сталіцу Расеі.
У Магілёўскім тэхнічным унівэрсытэце выказалі спадзяваньне, што кітайцам усё ж будзе дазволена выехаць з раёнаў, якія не пацярпелі ад атыповай пнэўманіі. Новых кітайскіх студэнтаў усё яшчэ гатовыя прыняць у Магілёве, калі на гэта ня будзе забароны міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя.