Галоўны гарадзкі санітарны доктар Мікалай Кендыш сьцьвярджае, што хвароба ня выйшла за межы гораду. Захварэлі толькі тры асобы, якія прапісаныя ў Гарадзенскім раёне, але жывуць у горадзе. Аднак яны напэўна бываюць у родных вёсках, дзьве зь якіх побач з горадам.
Горад поўны чутак, што нібыта нельга выяжджаць з Горадні й прыяжджаць сюды. Пагатоў, пра гэта нават паведаміла дзяржаўнае тэлебачаньне. Людзі ня вельмі давяраюць уладам, паколькі дагэтуль ня вызначанае паходжаньне хваробатворнага вірусу. Мэдыкі не адмаўляюць, што ён мог трапіць зь нёманскай вады, а яе спажываюць каля траціны гарадзенцаў. Сёлета патрэбна 9,5 мільярду рублёў, каб здабываць артэзіянскую, але грошы зь бюджэту паступаюць кепска.
У крамах можна ўбачыць, як прадаўшчыцы спраўджваюць тэрмін захоўваньня лёдаў ды іншых малочных харчоў. Аднак мэдыкі разводзяць рукамі: вірус у іх ня знойдзены, хаця гэта вельмі верагодная крыніца яго паходжаньня.
Чыноўнікі ад мэдыцыны запэўніваюць, што галоўнае — навучыцца мыць рукі, і ўсё будзе добра, асабліва гэта датычыць школьнікаў. Але варта спраўдзіць, ці заўсёды ў школьных прыбіральнях, сталоўках ёсьць мыла. У распаўсюдзе панічных настрояў чыноўнікі абвінавачваюць журналістаў.