Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 29 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Газэта “Сталинская молодёжь”, 1953 год, артыкул “«Правы» нэграў”:

“Амаль штодня на старонках амэрыканскага друку можна адшукаць паведамленьні пра гвалт над нэграмі. Бязьлітасна эксплюатуючы нэгрыцянскае насельніцтва, гаспадары манаполіяў, багатыя фэрмэры менш за ўсё клапоцяцца пра мэдычнае абслугоўваньне нэграў. У сучаснай Амэрыцы нават нэгр, які памірае, церпіць ад дыскрымінацыі. На фэрмах і ў прамысловасьці, поруч з дарослымі, працуюць дзеці нэграў, атрымліваючы больш нізкі заробак. Нэгры не жадаюць мірыцца са сваім становішчам. Пры падтрымцы працоўных Амэрыкі яны ўзмацняюць барацьбу за свае правы, за лепшую будучыню, за мір”.


Лідзкая раёнка “Уперад”, 1973 год, артыкул “Пра гэта трэба ведаць”:

“У сучаснай вайне, калі яе ўдасца разьвязаць імпэрыялістам, будуць несьці страты ня толькі ўзброеныя сілы, але і ў значнай меры насельніцтва. Таму трэба добра ведаць асаблівасьці зброі масавага паражэньня і валодаць уменьнем абараняцца ад яе… Харчовыя прадукты, якія захоўваюцца ў халадзільніках, кухонных сталах, шафах, а таксама ў поліэтыленавым посудзе падаюцца ў ежу, калі ў момант выпадзеньня радыеактыўных ападкаў не былі адчыненыя вокны і дзьверы. Бульбу, моркву і іншыя карэняплоды трэба старанна вымыць, абчысьціць і зварыць перад ужываньнем. Ні ў якім разе нельга зьнішчаць харч. Праз некаторы час, у выніку радыеактыўнага распаду, ён будзе годным да ўжываньня”.


Штотыднёвік “Витебский курьер”, 1993 год, “Мухі пакідаюць морг”:

“Рассаднік заразы ў горадзе — менавіта так характарызуюць работнікі Віцебскага бюро судова-мэдычнай экспэртызы сваё месца работы. Па-ранейшаму сьцёкі каналізацыі ідуць у памяшканьне трупярні, дзе ад смуроду з парамі фармальдэгіду мруць на ляту мухі. У неапазнаных трупах, якія разлагаюцца, варушацца чэрві, таму што халадзільных камэраў як не было, так і няма. Гаркамгас не забірае неапазнаных для пахаваньня па два тыдні. Аблздраў разважае цьвяроза: “Пра жывых клапаціцца не стае сродкаў, а тут яшчэ трупам паляпшаць умовы”. Але з трупярні сьцёкі, мінуючы адстойнік, праз каналізацыю зьліваюцца ў Заходнюю Дзьвіну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG