Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМЫСЛОВЫХ ЗАХАДАЎ У ЗЬВЯЗКУ З САРСАМ БЕЛАРУСКІЯ ПАМЕЖНІКІ НЯ РОБЯЦЬ


Галіна Абакунчык, Менск

Паводле неаднаразовых заяваў Міністэрства аховы здароўя Беларусі, усе мэдычныя ўстановы й іншыя зацікаўленыя дзяржаўныя структуры рыхтуюцца да магчымых выпадкаў завозу ў краіну нетыповай пнэўманіі, а таксама робяць усе захады, каб іх папярэдзіць. Аднак гэтыя сьведчаньні ніводным словам не пацьвердзіў кіраўнік Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Аляксандар Паўлоўскі. Паводле ягоных словаў, праблема САРСу ўвогуле значна перабольшаная.

(Паўлоўскі: ) “Гэтая эпідэмія не зьяўляецца нагэтулькі глябальнай паводле памераў і небясьпекі, як іншыя хваробы, што існуюць у сьвеце. Тут нават нагнятаецца абстаноўка, тым больш, што гэтая хвароба здараецца з-за ігнараваньня правілаў гігіены”.

Пытаньне САРСу да спадара Паўлоўскага ўзьнікла ў зьвязку з праблемай нелегальнай міграцыі ў Беларусь жыхароў Паўдзённа-Ўсходняй Азіі праз тэрыторыю Расеі. Ён пацьвердзіў, што кожны год памежнікі затрымліваюць да 2 тысяч нелегалаў. Аднак пры гэтым падкрэсьліў, што беларускія й расейскія памежнікі працуюць ужо на адзіны памежны камітэт — гэтак званай саюзнай дзяржавы — і фізычнага кантролю за беларуска-расейскай мяжой не існуе.

Катэгарычную нязгоду з заявамі генэрала адносна САРСу выказваюць спэцыялісты-мэдыкі. У прыватнасьці, намесьнік дырэктара НДІ эпідэміялёгіі Аляксандар Пяткевіч:

(Пяткевіч:) “Ад гэтай хваробы на сёньняшні дзень памерлі 662 чалавекі. Гэта што, яны прыдуманыя? Мільярды даляраў страчаныя — гэта што, нагнятаньне абстаноўкі? Вось якія калясальныя страты. А калі гэтая хвароба разрасьцецца да агоромністых маштабаў? Таму заўсёды ў адносінах інфэкцыі павінна дзейнічаць “залатое” правіла: лепш папярэдзіць, чым лячыць”.

Мэдыкі асьцерагаюцца, што ўсьлед за нетыповай пнэўманіяй многія краіны можа напаткаць масавае захворваньне гэткім жа небясьпечным, мутацыйным вірусам грыпу. І таму цяперашнія прафіляктычныя захады могуць стацца вельмі карыснымі ў недалёкай будучыні. Тым часам, 19 траўня, праваахоўчыя органы краіны затрымалі групу нелегальных мігрантаў зь Віетнаму ў некалькіх кілямэтрах ад Менску — у пасёлку Ратамка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG