Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКІ І ЯКІМ КОШТАМ БУДЗЕ ПРАДАДЗЕНА АКЦЫЯЎ “БЕЛТРАНСГАЗУ”?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: аглядальніца газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак і прэзыдэнт Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук

Ці здолеюць прыйсьці да згоды беларускі ўрад і “Газпрам” наконт акцыянаваньня “Белтрансгазу”? Пакуль абодва бакі выстаўляюць непрымальнныя адзін для аднаго ўмовы. Колькі адсоткаў акцыяў “Белтрансгазу” і якім коштам можа быць прададзена?

(Віталь Цыганкоў: ) “На наступным тыдні пачнуцца перамовы паміж беларускім урадам і расейскім “Газпрамам” пра ўмовы стварэньня супольнага прадпрыемства на базе беларускага акцыянэрнага таварыства “Белтрансгаз”. Расейская прэса ўжо вельмі актыўна абмяркоўвае варыянты магчымай прыватызацыі “Белтрансгазу”. Трэба сказаць, што, паводле расейскіх выданьняў, тыя ўмовы, якія вылучыў беларускі бок, непрымальныя для “Газпраму”. Што прапануе канкрэтна беларускі бок?”

(Тацяна Манёнак: ) “Ёсьць тры варыянты. Продаж пакету акцыяў на 20%, 30% і 48%. Ці гэта будзе конкурс, ці продаж аднаму пакупніку — пакуль-што невядома. Справа ў тым, што ўсе гэтыя папярэднія варыянты былі абмеркаваныя на паседжаньні прэзыдыюму Савету Міністраў Беларусі, і накіраваныя да кіраўніка дзяржавы”.

(Цыганкоў: ) “Такім чынам, Аляксандар Лукашэнка можа выбраць з трох варыянтаў. І тут відавочна, што ў гульню ўступяць ужо ня толькі эканамічныя, але й палітычныя чыньнікі. Якія козыры ёсьць у руках у беларускага і расейскага бакоў, каб настойваць на сваіх умовах акцыянаваньня?”

(Яраслаў Раманчук: ) “Акцыянаваньне “Белтрансгазу” заўсёды было больш палітычным, а не эканамічным пытаньнем. Ёсьць прынамсі тры асноўныя базавыя рэчы, па якіх Расея й Беларусь ня маюць сёньня дамоўленасьці. Гэта кошт і колькасьць акцыяў, якія аддадуць Расеі, а таксама іншыя варункі — пастаўкі й транзыт газу, інвэстыцыі ды г.д.

Бакі тут маюць супрацьлеглыя пазыцыі. Беларусы кажуць пра 3,5 мільярды даляраў — гэтая цана ўзятая “са столі”. Яшчэ колькі месяцаў таму цана “Белтрансгазу” была на мільярд–паўтара меней, а калі я быў у Маскве, увогуле чуў лічбу 350–400 мільёнаў даляраў.

Другое — акцыі. Для расейцаў непрымальна ані 20%, ані 30%, нават — 48%. Яны настойваць мець прынамсі 51% акцыяў. Беручы пад увагу, што ў Беларусі існуюць іншыя магчымасьці кантраляваць працу такога буйнога прадпрыемства, як “Белтрансгаз”, можна разьлічваць, што тут пазыцыя беларускага боку стане больш гнуткай”.

(Цыганкоў: ) “Пра тое, што пазыцыі кардынальна разыходзяцца, сьведчыць і наступная цытата. Газэта “Коммерсантъ” прыводзіць словы намесьніка кіраўніка праўленьня “Газпраму” Аляксандра Разанава. “Беларусь мае намер прадаваць свае актывы па рынкавых коштах. Спрэчная пазыцыя, бо труба без нашага газу нічога не каштуе”, — сказаў Разанаў. Я б назваў гэтае выказваньне амаль ультыматыўным і пагрозьлівым. Наколькі такая расейская пазыцыя апраўданая з пункту гледжаньня рынкавых падыходаў?”

(Манёнак: ) “Мне здаецца, што спадар Разанаў меў на ўвазе крышачку іншае. Мяркую, гэты чыноўнік добра разумее, што прадаваць актывы Беларусь таксама мусіць па рынкавым кошце. Але ж 10 гадоў таму рынкавы кошт “Белтрансгазу” быў каля 400 мільёнаў даляраў, цяпер ён вырас да 3,5 мільярдаў, і беларускія чыноўнікі сьцьвярджаюць, што могуць абараніць гэтую лічбу, бо ліквіднасьць прадпрыемства за гэты час вельмі вырасла. Досьвед продажу беларускай нерухомасьці (я маю на ўвазе найперш “Слаўнафту”) кажа пра тое, што спачатку трэба было дамовіцца з пакупніком, а ўжо потым выстаўляць на продаж нейкі пакет акцыяў. Практыка кажа, што трэба было запрасіць міжнародных аўдытараў, каб яны ацанілі гэты пакет, каб не было пытаньняў у іншага боку”.

(Цыганкоў: ) “Калі бакі ня прыйдуць да згоды наконт кошту, ці пойдуць яны на запрашэньне міжнародных экспэртаў?”

(Манёнак: ) “Я думаю, што кошт названы. Беларускі бок будзе йсьці да канца. Лукашэнку патрэбны час, каб пагандлявацца менавіта на гэтых умовах. Калі не дамовяцца, беларусы, відаць, будуць рабіць нейкія адступы назад. Зараз тут усё залежыць ад Лукашэнкі. Ён мусіць выбраць нейкі варыянт. Як казалі чыноўнікі (якія не жадаюць рызыкаваць і перастрахоўваюцца) — “мы пэўныя спрыяльныя ўмовы падрыхтавалі, і няхай цяпер прэзыдэнт выбірае”. Дарэчы, Лукашэнка можа й нейкі свой варыянт прапанаваць расейцам”.

(Раманчук: ) “Козыры зараз не ў руках Лукашэнкі, а ў руках Пуціна. Чаму была названая такая вялікая лічба — 3,5 мільярду? Таму што потым Лукашэнка скажа — “я вам прадаў за мільярд, то бок саступіў 2,5 мільярду”.

(Цыганкоў: ) “...Значыць, запрашаць міжнародных ацэншчыкаў нявыгадна якраз беларускаму боку?”

(Раманчук: ) “Так, у гэтым кантэксьце, калі ўплывовая міжнародная арганізацыя неяк ацэніць “Белтрангаз”, то тады беларускі бок не атрымае манэўру. Труба — і тут можна пагадзіцца з Разанавым — без расейскага газу траціць сваю вартасьць. І калі беларускі бок будзе “ўпірацца”, разглядаць эканамічныя пытаньні разам з палітычнымі, то расейцы могуць паставіць пытаньне пра транзыт газу праз Украіну й Прыбалтыку. І тады кошт беларускай трубы з кожным годам будзе памяншацца”.

(Манёнак: ) “Прапанаваныя беларускім бокам умовы ні пры якіх разьліках нявыгадныя і непрымальныя расейцам. Акрамя пакетаў, беларусы паставілі ўмовы, што “Газпром” у наступным годзе мусіць паставіць не 10,2 мільярду кубамэтраў газу па танных коштах, а ўжо 19 мільярдаў...”

(Цыганкоў: ) “То бок пакрыць усю патрэбу Белаурусі ў газу па ўнутрырасейскіх коштах?”

(Манёнак: ) “Так. Але такога быць ня можа. Мы памятаем леташнюю восень, калі пачалася “газавая вайна”. Расея на такое ня пойдзе, яна проста ня зможа павялічыць гэтыя пастаўкі. Больш таго, беларускі бок патрабуе, каб “Газпром” удзельнічаў у інвэставаньні нашых двух газасховішчаў, і ўклаў 200 мільёнаў даляраў у разьвіцьцё нашай газатранспартнай сыстэмы. І мы памятаем вынікі той восеньскай газавай вайны. “Газпром” тады папярэдзіў — калі вы ня будзеце выконваць нашыя ўмовы, мы будзем транспартаваць газ праз Украіну”.

(Цыганкоў: ) “Такім чынам, існуе цэлы шэраг супярэчнасьцяў паміж беларускім і расейскім бокам. Але я нагадаю, што паводле падпісаных дамоўленасьцяў, пагадненьні пра акцыянаваньне мусяць быць заключаныя да 1 ліпеня. Што з гэтых аспэктаў — кошт, кантрольны пакет, пастаўкі — самае галоўнае для беларускага боку? Калі бакі ня прыйдуць да згоды, як могуць разьвівацца падзеі?”

(Раманчук: ) “Я думаю, што як і было з рублёвай зонай, з адзінай эканамічнай прасторай — гэтае пытаньне будзе адкладзенае. Бо бакі ня здолеюць прыйсьці да нейкай згоды нават у прапановах, якія яны будуць дыскутаваць. Я ня бачу ані палітычнай волі, ані эканамічных падставаў для таго, каб бакі, маючы нагэтулькі процілеглую пазыцыю, маглі б дамовіцца й падпісаць нейкія паперы. Больш таго, я лічу, што можа быць падпісаны нейкі пратакол намераў, і тэрмін вырашэньня аднесены, напрыклад, да 2005 году. Гэтае пытаньне можа быць вырашанае толькі пасьля таго, як Пуцін зноў абярэцца прэзыдэнтам Расеі”.

(Манёнак: ) “Я пагаджуся зь Яраславам, што пытаньне будзе адкладзенае. Першы раўнд бою зь беларускім урадам “Газпрам” вытрымаў увосень, але гэта было напярэдадні зімы. Цяпер лета, і патрэбы Беларусі ў паліве трохі зьменшыліся, Беларусь на 100% аплачвае пабежныя пастаўкі. Даўгі не такія вялікія — 50–60 мільёнаў даляраў, і Беларусь можа зь імі разьлічыцца.

Аднак трэба мець на ўвазе, што цярпеньне “Газпраму” таксама не бясконцае, і гэты тэрмін ня будзе вельмі доўгім. Магчыма. будзе створаная нейкая пагаджальная камісія, якая будзе шукаць кампрамісныя варыянты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG