Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЗА 700 ВУЧНЯЎ СА ШКОЛАЎ БЕЛАСТОЧЧЫНЫ ЎЗЯЛІ ЎДЗЕЛ У КОНКУРСЕ “РОДНАЕ СЛОВА”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Сёлета ў конкурсе “Роднае слова” ўзялі ўдзел больш за 700 вучняў з падляскіх школаў з дадатковым вывучэньнем беларускай мовы. Амаль сто зь іх трапілі ў фінал. Дадатковае вывучэньне беларускай мовы – гэта тры гадзіны на тыдзень. Аднак, гэтыя заняткі відавочна цікавыя, бо ў конкурсе вершаў выступіў ажно кожны пяты з 3,5 тысячаў вучняў, што вывучаюць беларускую мову на Падляшшы.

Паводле словаў Тамары Русачык, настаўніцы беларускай мовы зь Бельску-Падляскага і старшыні журы конкурсу, сёлета ўзровень выступоўцаў быў вельмі высокі. Гаворыць спадарыня Русачык:

(Русачык: ) “Нашыя дзеткі вельмі любяць дэклямаваць вершы беларускіх паэтаў. Вядома, што ў нашай польскай рэчаіснасьці дзеці польскамоўныя, таму часам ёсьць клопаты з вымаўленьнем. Але дзеткі вельмі стараюцца, і нашыя настаўнікі шмат робяць, каб паправіць фанэтыку”.

(Карэспандэнт: ) “А вершы якіх паэтаў часьцей за ўсё гучалі ў часе конкурсу?”

(Русачык: ) “Розныя, тыя, што мы маем магчымасьць тут атрымаць. Былі Васіль Вітка, Артур Вольскі, Кандрат Крапіва, Якуб Колас, Янка Купала, Уладзімер Караткевіч, Ларыса Геніюш, Натальля Арсенева, Алесь Золак. У гэтым годзе вельмі шмат было твораў эміграцыйнай беларускай паэзіі”.

Галоўнай мэтай конкурсу чытаньня вершаў “Роднае слова”, які ўжо 30 гадоў запар арганізуе Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, ёсьць падтрыманьне беларускай самасьвядомасьці сярод беларусаў, што жывуць на Беласточчыне і асабліва сярод моладзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG