Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БАГДАДЗКІХ ВУЛІЦАХ ЗЬЯВІЛІСЯ БАРЫКАДЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

“З 10 сакавіка вашых грамадзянаў у Багдадзе няма, усе зьехалі, у тым ліку і дыпляматы”, — паведамілі мне па тэлефоне, які раней лічыўся тэлефонам беларускай кампаніі “Белмэталэнэрга”. Суразмоўца назваўся супрацоўнікам расейскай амбасады Алегам, але прозьвішча свайго не назваў. У офіс “Белмэталэнэрга” Алег заехаў літаральна на колькі хвілінаў, каб забраць пошту, што працягвае прыходзіць у беларускую фірму.

Алег не выключае, што больш у офіс “Белмэталэнэрга” можа і не патрапіць, бо вайна, на ягоную думку, хутчэй за ўсё пачнецца, і тады расейскія дыпляматы пакінуць Багдад. Паводле Алега, падобнага прагнозу адносна вайны прытрымліваюцца таксама жыхары Багдаду, але панікі на гарадзкіх вуліцах няма.

(Алег: ) “Ідзе звычайная праца, людзі на вуліцах спакойныя, нават усьміхаюцца, але, канечне, прадчуваньне вайны ёсьць. На маю думку, шмат якія войны пачыналіся ў больш нэрвовай абстаноўцы, сытуацыя была пад меншым кантролем, чым гэта цяпер назіраецца ў Багдадзе”.

Расейскі дыплямат мяркуе, што прычынай такой вытрымкі багдадцаў ёсьць досьвед, атрыманы падчас розных войнаў. Перш за ўсё гэта вайна з Іранам у 1980-х гадах, і бамбаваньні падчас апэрацыі “Бура ў пустыні” 1991 году. Дарэчы, падчас тых бамбаваньняў шмат іракцаў загінула ў бамбасховішчах, калі ў іх траплялі магутныя амэрыканскія бомбы, і цяпер жыхары сталіцы Іраку лічаць за лепшае хавацца ў сутарэньнях уласных дамоў.

Сярод прыкметаў блізкай вайны мой суразмоўца называе тое, што на вуліцах гораду зьявіліся штучныя барыкады, складзеныя зь мяхоў зь пяском, ды з учорашняга дня выстраіліся чэргі па бэнзын на аўтазапраўках. Але нармаваньня бэнзыну пакуль няма. Як няма і чэргаў па харчы ці мэдыкамэнты. Расейскі дыплямат тлумачыць гэта тым, што асноўныя харчы ў Іраку і так прадаюцца па картках, эфэктыўныя лекі ў вялікім дэфіцыце — і ў аптэках іх няма, а бінты і вату іракцы даўно назапасілі.

Я спытаўся ў майго суразмоўцы, як іракцы ставяцца да патрабаваньня Садаму Хусэйну зьехаць з краіны.

(Алег: ) “Як і ў іншых краінах, у Іраку ёсьць людзі, якія падтрымліваюць сваё кіраўніцтва. А ёсьць і тыя, якія не вітаюць яго дзеяньняў. Але, на маю думку, ультыматум Садаму Хусэйну іракцы ўспрымуць як атаку на сувэрэнітэт краіны і будуць яго абараняць”, — сказаў расейскі дыплямат.

Пры гэтым здольнасьць іракцаў перамагчы аб’яднаныя войскі амэрыканцаў і ангельцаў ён ацэньвае вельмі скептычна. Паводле Алега, у Іраку напагатове да 400 тысяч салдатаў, але ўзровень узбраеньня гэтага войска адпавядае 1950–60-м гадам. Таму мой суразмоўца лічыць, што вайна ня будзе працяглай і не ператворыцца ў партызанскую вайну накшталт чачэнскай.

Алег дадаў, што гэтымі днямі ў Багдадзе працуе некалькі соцень журналістаў з усіх краінаў сьвету, але амэрыканскіх журналістаў асабіста ён ня бачыў: яны сябе не афішуюць. Паводле майго суразмоўцы, ірацкія ўлады ахоўваюць замежных журналістаў, але гэтая ахова падобная таксама і на пільнаваньне. Беларускім журналістам так і не ўдалося выехаць у Ірак. Ірацкія ўлады абяцалі наладзіць такую паездку, але сваіх абяцаньняў ня выканалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG