Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ПАКАЗАЛА ВУЛІЧНАЯ АКЦЫЯ 12 САКАВІКА?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторы Акадэміі Навук Валянцін Голубеў і палітоляг Уладзімер Падгол.

(Валер Карбалевіч: ) “12 сакавіка адбыліся першыя сёлета шэсьце і мітынг апазыцыйных сілаў з цэлага шэрагу такіх акцыяў, якія зьбіраецца ладзіць апазыцыя. Ацэнка яе вынікаў даволі супярэчлівая. Самі яе арганізатары лічаць акцыю ўдалай, іншыя ацэньваюць наадварот. Асьвятленьне шэсьця і мітынгу на тэлебачаньні, як беларускім, так і расейскім, было вельмі слабым. Толькі адзін расейскі тэлеканал ТВС даў рэпартаж аб гэтай падзеі. То бок, інфармаваньне і напярэдадні акцыі, і пасьля яе было ня вельмі вялікае.

Трэба адзначыць, што наогул у дэмакратычным асяродзьдзі Беларусі зараз узмацняецца даволі скептычнае стаўленьне да вулічных акцыяў. Ва ўсялякім разе, да таго, як яны праводзяцца. Пацьверджаньнем гэтаму зьяўляецца тая невялікая колькасьць людзей, якая прыходзіць на іх. Як бы вы ацанілі акцыю?”

(Валянцін Голубеў: ) “Я не падзяляю ваш тэзыс, што на народны марш “За лепшае жыцьцё” прыйшло мала людзей. Гэта першае мерапрыемства ў гэтым годзе. І разьлічанае яно было ня толькі на масавасьць у Менску. Акцыя ахоплівала ўсю тэрыторыю Беларусі. Упершыню ў гэтым годзе стаўка была зробленая на тыя сілы, якія раней мала выходзілі на вуліцу і выказвалі свой пратэст. Гэта дробныя і сярэднія прадпрымальнікі і малазабясьпечаныя людзі. У аргкамітэту быў добры кантакт з камітэтам шматдзетных мацярок.

На плошчы Якуба Коласа сабралася больш за тры тысячы актыўных удзельнікаў. Акцыя ахапіла ўсю тэрыторыю Беларусі. Страйкавалі рынкі ў Менску, Салігорску, Сьветлагорску, Горадні, Магілёве, Віцебску, Барысаве, Маладэчне ды іншых гарадах. Калі падчас мітынгу ў Менску адзін з выступоўцаў папрасіў падняць рукі прадпрымальнікаў, то падняло звыш паловы. Гэта азначае, што сацыяльны склад удзельнікаў гэтай акцыі быў іншы, чым папярэдніх апазыцыйных акцыяў.

Гэты была першая кропля. Калі да яе пачне далучацца больш палітызаваная публіка, то яна можа ператварыцца ў шырокі дэмакратычны ручай”.

(Уладзімер Падгол: ) “Якую мэту ставілі арганізатары? Які сэнс мела гэтая акцыя для ўсяго грамадзтва? Наколькі мне вядома, спадар Бандарэнка на паседжаньні аргкамітэту заявіў, што яны выведуць на вуліцы 50 тысяч чалавек. Выйшла, няхай нават возьмем самую высокую лічбу, шэсьць тысяч. Таму трохі не адпавядаюць мэты і вынікі.

Па-другое, інтэрвію спадара Саньнікава ў газэце “Народная воля” заканчвалася такой высновай. Цяперашняя апазыцыя, на яго думку, убудаваная ў дзяржаву. Яна паказала, што нічога ня вартая. Зараз фармуецца новая апазыцыя. І, як можна зразумець, спадар Саньнікаў і група заяўнікаў акцыі прэтэндуюць на статус гэтай новай апазыцыі. І падчас гэтай акцыі яны мелі намер прадэманстраваць сваю моц і сваю сілу. І мы яе ўбачылі.

Тое, што зьявіліся прадпрымальнікі, гэта вельмі станоўча. Але з падвышэньнем квартплаты пагоршылася жыцьцё большасьці насельніцтва. Можна сказаць, што ў краіне зьявілася пяць мільёнаў патэнцыйных пратэстантаў. Чаму апазыцыя ня можа іх задзейнічаць?

Калі б акцыю “За лепшае жыцьцё” арганізоўвалі супольна ўсе палітычныя сілы, не супрацьпастаўляючы сябе іншым, вынік мог бы быць значна лепшым”.

(Карбалевіч: ) “З асабістых уражаньняў я зрабіў выснову, што сярод удзельнікаў акцыі ў асноўным былі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў ці прадпрымальнікі. А арганізатары шэсьця ў сваіх закліках напярэдадні падзеі вылучалі лёзунгі, арыентаваныя на, так бы мовіць, сацыяльныя нізы. Казалі пра марш пустых каструляў ды іншае. Аднак індывідуальныя прадпрымальнікі, пры ўсёй цяжкасьці іх сёньняшняга стану, да сацыяльных нізоў не належаць, і каструлі ў іх не пустыя. Чаму на вуліцу ня выйшла найбольш зьбяднелая частка насельніцтва, якую найбольш балюча закранула павышэньне камунальных тарыфаў?

Зь іншага боку, сацыяльны пратэст — гэта зьява ня толькі і ня столькі рацыянальная, сколькі ірацыянальная. Пратэст — гэта эмацыйны імпульс людзей, якіх зьняважылі, пакрыўдзілі, зрабілі ў адносінах да іх нешта несправядлівае. Што, большасьць людзей не адчула сябе зьняважанай ростам камунальных тарыфаў, пагаршэньнем узроўню жыцьця? Ці такі чыньнік як крыўда, зьнявага наогул не ўплывае сёньня на паводзіны беларусаў?”

(Голубеў: ) “Чаму ня выйшлі людзі, якія найбольш пацярпелі? Гэта людзі, якія мала зарабляюць, бюджэтнікі, пэнсіянэры. Галоўная прычына, на мой погляд, недахоп інфармацыі. Тут трэба адзначыць тры акалічнасьці.

Па-першае, раней, у пачатку, сярэдзіне 90-х гадоў амаль кожны чалавек у горадзе выпісваў дэмакратычную газэту (“Свабоду”, “Народную волю”, “Народную газету”, калі яна яшчэ была сапраўды народнай). І людзі былі больш інфармаваныя. Зараз, нават тыя, хто хоча чытаць незалежныя газэты, ня могуць сабе гэтага дазволіць з матэрыяльных прычынаў. Па-другое, не было вялікай колькасьці ўлётак, кінутых у кожную паштовую скрыню.

Па-трэцяе, улада эфэктыўна ліквідавала тыя абвесткі аб акцыі, якія былі налепленыя ў горадзе. Напрыклад, улада мабілізавала на гэтую справу бамжоў. Іх пусьцілі грэцца ў мэтро і падземныя пераходы, але за гэта яны павінны былі зрываць усе заклікі аб акцыі пратэсту. Участковым міліцыянтам і дворнікам загадалі таксама зрываць улёткі ў дварах дамоў. Ад гэтага залежала іх прэмія.

Я спадзяюся, што наступныя акцыі будуць без дажджу, у больш цёплае надвор’е, больш раньні час і з большай інфармаванасьцю людзей. Думаю, што пачатак ёсьць”.

(Падгол: ) “Я згодны амаль з усім, што сказаў спадар Голубеў, акрамя ягонага аптымізму. На мой погляд, галоўная прычына, што зараз было мала людзей і будзе няшмат людзей на наступных акцыях, наступная: дзесяць гадоў выходзячы на шэсьце і мітынгі, палітызаваная частка грамадзтва страціла веру ў перамогу. Вось гэты пэсымізм, страта веры ў свае сілы галоўным чынам падрывае масавасьць акцыяў пратэсту.

Калі б гэтая акцыя была ўмантажавана ў агульную стратэгію апазыцыі й зьвязаная з выбарамі ў мясцовыя саветы, калі б кандыдаты ад апазыцыі расказвалі падчас агітацыі аб будучым шляху “За лепшае жыцьцё” як сродку барацьбы супраць таго, што здымаюць кандыдатаў, фальсыфікуюць выбары, то было б больш людзей.

У рэальнасьці ж гэтыя акцыі былі супрацьпастаўленыя. Арганізатары акцыі як бы казалі: вы ідзеце на выбары, спрабуеце “ўбудоўвацца” ў дзяржаву, а наш шлях — вуліца”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, апошняя акцыя пацьвердзіла ранейшыя высновы многіх палітыкаў і экспэртаў: адбываецца крызыс жанру, крызыс такой формы палітычнай барацьбы апазыцыі як вулічныя акцыі. Ужо некалькі гадоў не ўдаецца пераадолець мяжу 3–5 тысяч удзельнікаў. Калі арганізатары такіх акцыяў імкнуцца, каб яны аказвалі ўплыў на грамадзка-палітычную сытуацыю ў Беларусі, то трэба нешта мяняць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG