У судзе Савецкага раёну Менску зранку сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек на знак салідарнасьці з затрыманымі арганізатарамі маршу “За лепшае жыцьцё!” Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнку, якія ноч правялі ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна, прывезьлі спачатку ў аддзел міліцыі. Там іх ужо чакалі Людміла Гразнова і Леанід Малахаў.
Раніцай Леаніда Малахава міліцыянты забралі з дому і, пакуль чакалі Людмілу Гразнову і астатніх, склалі пратакол. Потым усіх разам адвезьлі ў суд. Судзьдзя Аксана Рэлява разгледзела справы Зьмітра Бандарэнкі й Леаніда Малахава, а Руслан Казадаеў — Людмілы Гразновай і Андрэя Саньнікава.
Зьміцер Бандарэнка першым заслухаў свой прысуд: 15 сутак арышту. Адразу пасьля агалошваньня ён пракамэнтаваў яго Радыё Свабода:
(Бандарэнка: ) “Я ўсе свае намаганьні накіроўваў на тое, каб учора забясьпечыць мірны характар акцыі й не дапусьціць правакацыяў. Я лічу, што гэта атрымалася. Я прапанаваў судзьдзі перанесьці вынясеньне прысуду да таго моманту, пакуль ня будуць разгледжаныя скаргі Саньнікава, Кобеца і Гразновай. Я ж магу адседзець гэтыя суткі на Акрэсьціна разам з хворымі на сухоты, а потым што? Прабачэньне? Так, можа, і Ярмошына здымуць з працы... Калі трэба сядзець, я адседжу. Маё сумленьне чыстае. Я рады, што людзей было больш, чым звычайна, і што беларусы падымаюць галаву”.
Вялікай нечаканасьцю для ўсіх прысутных стаў прысуд Людміле Гразновай. Гэта выклікала хвалю абурэньня ў судовым кабінэце. Судзьдзю Руслана Казадаева папракалі, што ён паступіў не па-мужчынску. Сама Людміла Гразнова даволі спакойна адрэагавала на свой арышт. У калідоры раптам двое міліцыянтаў падышлі да яе і паціснулі ёй руку.
(Гразнова: ) “Дзякуй уладам. Так яны адзначылі наш учынак. Яны нас баяцца. Яны хвалююцца. Мы былі падрыхтаваныя да гэтага. Я ведала, на што я іду. Я адседжу гэтыя суткі спакойна. Мяне толькі хвалюе стан маіх бацькоў. Я думаю, што людзі ўсё зразумелі. Я ўдзячная ўсім, хто выказваў мне падтрымку. Будзем разам”.
Адразу пасьля гэтага на 15 сутак арыштавалі Леаніда Малахава:
(Малахаў: ) “Гэтая хваля грамадзкага абурэньня, гэты выступ больш небясьпечны для ўладаў, чым асобныя апазыцыйныя акцыі. Гэтая хваля можа зьнесьці ўсё, што знаходзіцца на яе шляху да лепшага жыцьця. Сёньняшнія арышты і сёньняшнія прысуды — ні што іншае, як гістэрыка рэжыму. Я лічу, што гэта адна з апошніх гістэрык. Потым будзе агонія, і агонія будзе хутка. Мы зробім усё, каб гэта было хутчэй”.
Адметнай рысай гэтых судовых паседжаньняў была відавочная разгубленасьць міліцыянтаў-амонаўцаў. Яны былі сьведкамі і ўвесь час не маглі абгрунтаваць прычыну затрыманьня і патлумачыць склад правапарушэньня. Усе яны казалі, што віной людзей было тое, што яны выказваліся за лепшае жыцьцё. На працэсе Андрэя Саньнікава амонаўцы Качановіч і Далгучыц абвінавацілі яго ў тым, што ён вёў перамовы з кіраўніцтвам. На пытаньне судзьдзі: “Зь якім?”, яны адказалі: “З нашым”. Болей яны дадаць нічога ня здолелі.
(Саньнікаў: ) “Наколькі я зразумеў, асноўнае абвінавачаньне — гэта тое, што мы выступаем за лепшае жыцьцё. Вось і міліцыянты-сьведкі казалі, што сэнс маршу і асноўныя лёзунгі былі за лепшае жыцьцё. Улада яскрава прадэманстравала, што гэта яе палохае. Тым больш, што разагналі цалкам мірную дэманстрацыю. Відавочна было, што рыхтавалася правакацыя. А разгон акцыі і тое, што Людміла Гразнова атрымала такі жорсткі прысуд, сьведчыць на тое, што ўлады напалоханыя”.
Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Бандарэнка, Леанід Малахаў і Людміла Гразнова правядуць 15 сутак арышту ў сумнавядомым спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International” надала ўсім арыштаваным статус вязьняў сумленьня.