На вуліцах, кірмашах і ў шапіках Беларусі прадаюцца кветкі, завезеныя пераважна з-за мяжы. Да такіх сьвятаў як 8 сакавіка, нябедны асартымэнт папаўняецца яшчэ больш: толькі ружаў і гвазьдзікоў тут па 20 найменьняў коштам ад 4-х да 40 тысячаў рублёў. Гаворыць гандлярка адной з такіх “кропак” Тацяна Лухверчык.
(Лухверчык: ) “Усё ёсьць. Усё — Галяндыя і Эквадор. Яны больш якасныя: за імі ня патрэбны догляд і яны лепш стаяць”.
(Карэспандэнтка: ) “А беларускія кветкі вы купляеце?”
(Лухверчык: ) “Не. Яны няякасныя і мала стаяць”.
Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што кветкавы рынак трымаюць у асноўным два-тры буйныя прыватныя прадпрыемствы, якія займаюцца гуртовымі пастаўкамі, гэтулькі ж кампаніяў трымаюць самыя прэстыжныя гандлёвыя месцы ў сталіцы. Аднак назваць гэтых бізнэсоўцаў адмаўляюцца нават чыноўнікі, спасылаючыся на камэрцыйную таямніцу. Гаворыць спэцыялістка ўпраўленьня гандлю Савецкага раёну Менску Людзьміла Каваленка.
(Каваленка: ) “На жаль, гэтая інфармацыя не распаўсюджваецца, нават калі б мы й хацелі ўдакладніць. Гэта бізнэс”.
Якасьць імпартных кветак пры ўвозе ў Беларусь не кантралюецца. Як паведаміў кіраўнік карантыннай службы Мінсельгасхарчу Міхал Паходня, нават не існуе такіх тэхналёгіяў, бо замежную прадукцыю прынята лічыць высокаякаснай. У гэтым сэнсе варта было б кантраляваць і беларускія кветкі — кажа кіраўнік гандлёвага аб’яднаньня “Мальва” Лявон Садоўскі.
(Садоўскі: ) “Рэжым паветра, патрэбная колькасьць угнаеньняў, кропельнае паліваньне — гэтыя ж капіталісты робяць аўтаматычна. А ў нас усяго не дадаецца, і кветкі нашыя можна дарыць або лежачы, або ўніз галавою”.
Айчынныя кветкаводы разумеюць, што з-за грувасткіх тэхналёгіяў і высокага сабекошту іхная прадукцыя стала неканкурэнтаздольнаю. А таму працуюць без прыбытку за кошт дзяржаўных датацыяў і мараць пра манаполію. Гаворыць намесьнік дырэктара спэцсаўгасу “Кветкі” Тацяна Брагінец.
(Брагінец: ) “Гэтыя закупшчыкі ўвозяць кветкі, і мы ня можам трымаць кошты на сваю прадукцыю. Пажаданьне саўгасу “Кветка” — каб забаранілі ўвоз замежнай прадукцыі, і тады мы былі б манапалістамі”.
Акрамя спэцсаўгасу вырошчваньнем кветак у Беларусі займаецца Беларуская чыгунка, Батанічны сад і, у нязначных колькасьцях, прадпрыемствы Віцебску, Бабруйску, Гомелю, Мазыру й Берасьця. У агульнай колькасьці гэта менш за палову ад усяго айчыннага рынку кветак.