Учора ў Аксаны Бярнацкай знайшлі й канфіскавалі амаль 5 тысяч улётак пра безальтэрнатыўныя выбары ў мясцовыя саветы. Яе затрымалі на менскім чыгуначным вакзале, калі яна выходзіла на пэрон да цягніка на Магілёў.
(Бярнацкая: ) “Калі ў мяне бралі мой квіток і пашпарт, мне сказалі, што ў маёй кайстры можа быць нейкая правакацыйная друкаваная прадукцыя, накіраваная на байкот ці зрыў выбараў”.
У кайстры міліцыянты знайшлі каля 5 тысяч улётак пра байкот выбараў на тых участках, дзе няма альтэрнатывы. Тры гадзіны яны лічылі ўлёткі й чакалі супрацоўнікаў КГБ, якія так і не зьявіліся ў пастарунку.
З Аксаны Бярнацкай узялі тлумачэньні й адпусьцілі. Аднак на шляху ў Магілёў ёй патэлефанавалі й загадалі вярнуцца сёньня ў Менск на суд. Жанчына заявіла, што будзе чакаць афіцыйнай позвы. Аксана Бярнацкая наступным чынам тлумачыць сваё затрыманьне:
(Бярнацкая: ) “Я мяркую, што гэта працяг маёй спробы паўдзельнічаць у выбарчай кампаніі мясцовых саветаў”.
Аксану не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты абласнога савету ў акрузе, дзе яе супернікам павінен быў быць кіраўнік раённай вэртыкалі. Пасьля падачы дакумэнтаў у выбарчую камісію яе пазбавілі прапіскі ў інтэрнаце, і менскія міліцыянты ўчора таксама паставілі ёй у віну парушэньне пашпартнага рэжыму. Менавіта з гэтай прычыны Аксана Бярнацкая расцэньвае затрыманьне як працяг эпапэі ейнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.