Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ПРЭМ’ЕР ЗАХВАРЭЎ ЯКРАЗ ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ ЗЬ БЕЛАРУСКІМ КАЛЕГАМ


Юры Сьвірко, Менск

У пятніцу ў Маскве адбылося паседжаньне міждзяржаўнае рады ЭўразЭС (Эўразійскай эканамічнай супольнасьці), у якім браў удзел і беларускі прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі. Меркавалася, што ён сустрэнецца са сваім расейскім калегам Міхаілам Касьянавым дзеля абмеркаваньня праблем увядзеньня супольнай валюты. Аднак спадар Касьянаў нечакана захварэў на грып, яго шпіталізавалі.

Замест кіраўніка ўраду Расею на паседжаньні прадстаўляе віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Аляксей Кудрын — той самы, што нядаўна заявіў пра згоду афіцыйнага Менску стварыць адзіны эмісійны цэнтар саюзнай валюты. Але гэтую заяву спадара Кудрына прадстаўнікі Беларусі абверглі. Кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Пятро Пракаповіч павез у Маскву новыя прапановы — далучыць да валютнай інтэграцыі Ўкраіну й Казахстан і стварыць не адзіны эмісійны цэнтар, а сыстэму цэнтральных банкаў на чале з міжбанкаўскай валютнай радай.

Расейскаму ўраду гэтая ідэя не падабаецца, таму, кажуць у Крамлі, нечаканую хваробу Міхаіла Касьянава можна лічыць дыпляматычнай.

Крыніцы ў Маскве зазначаюць, што хвароба прэм’ер-міністра Расеі супала па часе з заявай пратэсту Саюзу расейскіх півавараў. Яны зьвяртаюць увагу на тое, што 19 лютага беларускі Савет Міністраў прыняў пастанову пра ўпарадкаваньне ўвозу ды абарачэньне піва. Гэтая пастанова тычыцца толькі піва з Расеі, паводле дакумэнту расейскія вытворцы піва мусяць атрымліваць кантрольныя знакі ў Міністэрстве падаткаў і збораў Расеі, заплаціўшы авансам акцыз. Цяпер піва з Расеі можна будзе ўвозіць у Беларусь толькі праз склады часовага захоўваньня, а для аптовага гандлю — толькі са спэцыяльнымі накладнымі з адмысловай абаронай.

Саюз расейскіх півавараў нагадвае, што летась увосень Беларусь ужо зрабіла захады дзеля абежаваньня паставак піва з Расеі. Для мінімальнай партыі піва аб’ёмам 100 тысяч літраў стала патрэбная ліцэнзія коштам больш за 10 тысяч даляраў. Таксама трэба заплаціць аванс 30% ад кошту тары, каб гарантаваць яе вываз назад у Расею, і беларускі акцыз — 4 эўрацэнты за кожны літар піва, прычым расейскі акцыз ня ўлічваецца.

У сваёй заяве півавары Расеі нагадваюць, што пры канцы студзеня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным абмяркоўвалася пытаньне скасаваньня забароны на ўвоз расейскага піва ў Беларусь, пасьля чаго 31 студзеня расейскі віцэ-прэм’ер Віктар Хрыстэнка накіраваў беларускаму прэм’ер-міністру Генадзю Навіцкаму ліст з прапановай скасаваць гэтую забарону. “Па сутнасьці прыняцьце новай пастановы ёсьць адказам ураду Расейскай Фэдэрацыі й найвышэйшаму кіраўніцтву краіны на высунутыя пытаньні адносна наяўных парушэньняў беларускім бокам міжнародных пагадненьняў”, — гаворыцца ў заяве Саюзу расейскіх півавараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG