Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕВЯДОМАЯ БНР: КОНСУЛ НЕКРАШЭВІЧ


Сяргей Шупа, Прага

Разважыўшы, ён усё ж зьвярнуў на Дзерыбасаўскую – там было лягчэй згубіцца ў натоўпе. Нават неспрактыкаваны назіральнік мог здагадацца, што чалавек гэты ад некага хаваецца. Даўшы круга дзеля пэўнасьці, ён праз чорны двор увайшоў у кватэрку, якую апошнія два месяцы здымаў у мадам Розы. Мадам Роза сустрэла яго ў дзьвярах:

- Господин консул, уже снимите з глаз ваши очки, они вам портят фигуру. Большевики ушли. У нас, кажется, обратно новая власть.

* * *
І сапраўды, у горадзе відавочна паспакайнела, бальшавіцкія патрулі зьніклі, а неўзабаве зьявіліся новыя гаспадары - вайскоўцы Добраахвотніцкай арміі Дзянікіна. За няпоўны год, што беларускі консул Сьцяпан Некрашэвіч правёў у Адэсе, гэта была ўжо шостая ўлада. Лішне казаць, гэтыя частыя зьмены не спрыялі пашырэньню палітычна-грамадзкай дзейнасьці такой сумнеўнай з гледзішча ўсіх гэтых уладаў установы, як Кансулят Беларускай Народнай Рэспублікі.

Лёс занёс Некрашэвіча ў Адэсу ў верасьні 1918-га – калі Ўрад БНР адкрыў новы дыпляматычны фронт ва Ўкраіне. У Кіеве працавала Надзвычайная Дэлегацыя ўраду пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча. У Адэсе дзейнічаў кансулят, які пераважна займаўся справамі вайскоўцаў колішніх беларускіх частак Румынскага Фронту ды шматлікіх уцекачоў. Першыя два месяцы працы консул Некрашэвіч займаўся рэгістрацыяй беларускіх жыхароў Адэсы і выдачай прапускоў тым, хто меў жаданьне выехаць на Бацькаўшчыну.

Аднак ужо ў лістападзе нетрывалае зацішша, якое панавала ў гетманскай Украіне пад нямецкай акупацыяй, было парушанае выбухам паўстаньня ўкраінскіх сацыялістаў. Паўстаньне дакацілася і да Адэсы, і 12 сьнежня яна была занятая войскам Дырэкторыі атамана Грэкава. Беларускі консул сам прымаў непасрэдны ўдзел у адэскіх падзеях. Украінскі аддзел, які заняў Адэсу, на чвэрць быў укамплектаваны зь беларусаў, таемна дасыланых зь ведама Некрашэвіча ва ўкраінскі штаб.

* * *
Аднак сілы ў Дырэкторыі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі былі заслабыя. Небясьпечную канкурэнцыю ў барацьбе за ўладу ёй складалі бальшавікі, добраахвотнікі Дзянікіна і інтэрвэнцыйныя войскі саюзьнікаў, якія ад канца лістапада пачалі прыбываць у Адэсу для барацьбы з бальшавізмам. Не прайшло і тыдня, як горад перайшоў пад кантроль войскаў добраахвотніцкага генэрала Грышына-Алмазава і французаў пад кіраўніцтвам генэрала Борыюса. Войска Дырэкторыі здало зброю і пакінула Адэсу. Бальшавікі сыйшлі ў падпольле.

У гэтым часе ў Адэсуі прыехаў францускі консул Энно. Дзеючы паводле наказу прэм’ера Луцкевіча, Некрашэвіч пабываў у яго і ў сваёй прамове прывітаў яго як прадстаўніка дзяржаваў Антанты і пекнай Францыі, выклаў яму нарыс беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня і ў канцы запэўніў, што беларусы маюць моцнае жаданьне як найхутчэй скінуць зь сябе ярмо бальшавізму. На сваё вялікае зьдзіўленьне, Некрашэвіч заўважыў, што консул Энно быў абсалютна не паінфармаваны ў беларускім пытаньні.

* * *
Тым часам як беларускі консул паступова разьвіваў заходні вэктар палітычнай дзейнасьці, у Адэсе нечакана адкрыўся ўнутраны беларускі фронт, змаганьне на якім на некалькі месяцаў прымусіла адкласьці ўсе астатнія дзяржаўныя справы. З пачаткам зімы ў Адэсу пачалі прыяжджаць удзельнікі гэтак званай Кіеўскай нарады беларускіх грамадзка-палітычных дзеячоў – створанай увосень 1918-га арганізацыі расейскіх афіцэраў манархічнага кірунку. Гэтыя дзеячы, рэй сярод якіх вёў генэрал Аляксандар Бахановіч, заявілі прэтэнзіі на сваю галоўную ролю ў беларускім пытаньні. Беларуская Нацыянальная Рада Адэсы – каб пазьбегнуць лішніх канфрантацыяў – пайшла на кампраміс, утварыўшы супольна на парытэтных пачатках ”Беларускі Нацыянальны Цэнтар”, куды ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх суперных сілаў.

Спачатку праца ў Цэнтры йшла згодна. Была выпрацаваная дэклярацыя на Парыскую мірную канфэрэнцыю, яшчэ адна дэклярацыя была пасланая Дзянікіну. Праблемы пачаліся, калі ўзьнікла прапанова паслаць дэлегацыю ад Цэнтру на канфэрэнцыю ў Парыж. Дэлегатамі абралі Некрашэвіча, Бахановіча і былога консула БНР у Кіеве Рыгора Базарэвіча. І тады Бахановіч выступіў зь ідэяй – ехаць ад нейкага Цэнтру несалідна. Пакуль Беларусь занятая бальшавікамі і палякамі, а пра законную ўладу нічога не чуваць - трэба ўзяць уладу, якая проста валяецца на вуліцы, і арганізаваць свой Беларускі Краёвы Ўрад, з паўнамоцтвамі якога ня сорамна будзе паказацца і ў Парыжы.

* * *
Сьцяпан Некрашэвіч, верны законнаму ўраду БНР, рашуча запярэчыў самазванаму кіраўніку Беларусі, і з падтрымкай большасьці Цэнтру дэлегацыя ў Парыж была пераабраная, а Бахановіч ”за неблаговідные поступкі” быў выключаны з усіх беларускіх арганізацыяў. Дэлегацыя ад Цэнтру тут жа наведала камандуючага францускімі інтэрвэнцыйнымі аддзеламі ў Адэсе генэрала Д’Ансэльма, той прыняў дэлегацыю вельмі прыязна і заявіў, што ва ўсіх беларускіх пытаньнях будзе лічыцца толькі з Цэнтрам. Дарэчы, беларусы мелі ў францускіх калідорах і сваё лобі - у складзе францускай вайсковай місіі на той час працаваў Аўген Ладноў, якому яшчэ будзе наканавана адыграць сваю ролю ў беларускай палітычнай драме.

Тым часам Бахановіч не сядзеў склаўшы рукі. Аднойчы ў канцы студзеня 1919-га ён нечакана наведаў Беларускі Цэнтар і зачытаў нейкую паперчыну, у якой казалася, што ў Слоніме зьезд прадстаўнікоў усіх губэрняў Беларусі даручыў Гарадзенскаму Камітэту аб’яднаных грамадзянскіх арганізацыяў (а Бахановіч быў старшынём гэтага камітэту) сфармаваць Урад і згодна з воляю зьезду гарадзенскі камітэт утварыў дырэкторыю зь 5 асобаў на чале з Бахановічам.

Консул Некрашэвіч прыняў выклік. Найперш ён даслаў рэзкі ліст у адэскія газэты, дзе заявіў, што адзінай законнай уладай у Беларусі застаецца ўлада Беларускае Рады, абранай Усебеларускім зьездам ў 1917 годзе. Падобныя заявы былі пададзеныя французам, украінскай місіі, кубанскай дэлегацыі, грузінскаму консулу ды іншым замежным прадстаўнікам нацыянальнасьцяў, у выніку чаго перад Бахановічам паступова пазачыняліся ўсе дзьверы. Тым часам у Адэсу прыехаў сябра Рады БНР Яўхім Бялевіч і прывёз доўгачаканыя весткі пра дзейнасьць Рады і ўраду, якія, як і спадзяваўся консул Некрашэвіч, хоць і раскіданыя па Эўропе, працягвалі сваё гераічнае існаваньне. Правакацыя Бахановіча правалілася.


* * *
Спакойнае існаваньне працягнулася нядоўга. 20 лютага 1919 году баявікі адэскага аддзелу Саюзу Рускага Народу – ”чорнай сотні” – разграмілі за ”нярускасьць” сядзібу беларускай культурнай арганізацыі ”Гай”, бежанскі камітэт і беларускі каапэратыў. Маёмасьць каапэратыву была падзеленая паміж салдатамі, бібліятэка спаленая, а супрацоўнікі Камітэту былі арыштаваныя і перапраўленыя ў дзянікінскую контарвыведку на падставе падозраньня ў бальшавізьме. Аднак неўзабаве ўлады навялі парадак і расфармавалі чарнасотніцкі аддзел, арыштаваўшы галоўных завадатараў.

Гэты інцыдэнт навёў беларускага консула на думку, што трэба мець сваю вайсковую сілу, каб у будучыні здолець абараніцца ад варожых нападаў. Было пастаноўлена зьвярнуцца ў гэтай справе да французаў. Галоўнакамандуючы францускімі войскамі на Ўсходзе генэрал Бэртэлё прыняў Некрашэвіча і палкоўніка Паўла Вэнта, тыя прасьвяцілі яго ў беларускім пытаньні, далі яму карту Беларусі, за якую ён шчыра дзякаваў, і прасілі яго даць дазвол на фармаваньне беларускіх частак. Бэртэлё, насуперак пратэстам дзянікінскага камандаваньня, даў сваю згоду і прызначыў галоўным інспэктарам у справе фармаваньня ўкраінскага генэрала Сакіра-Яхантава. Так пачала фармавацца першая беларуская дывізія. Непасрэдна фармаваньнем займаўся Вэнт, які зьнекуль меў ад Ураду паперу, што ён - начальнік штабу арміі БНР.

* * *
Далей падзеі пачалі разгортвацца не раўнуючы як у вэстэрне. Калі ў дывізіі набралося ўжо каля 1000 чалавек, французы і добраахвотнікі пачалі пакідаць Адэсу перад наступам бальшавікоў. Мелася адступіць і беларуская дывізія, але палкоўнік Вэнт, скарыстаўшы момант, перайшоў на бок бальшавікоў і застаўся ў Адэсе. Пры дапамозе беларускай камуністычнай партыі Вэнт легалізаваў сваё войска і пачаў фармаваньне 1-ай беларускай савецкай брыгады. Дзякуючы таму, што за брыгадаю зацьвердзілася слава прыхавана контаррэвалюцыйнай часткі, у яе паваліла белае афіцэрства, і неўзабаве брыгада ўжо налічвала да 10 000 байцоў. Ідэйныя беларусы надумалі скарыстаць гэтую сілу, каб вызваліць Менск ад маскоўскіх камісараў, дзеля гэтае патрэбы ў бальшавіцкі Менск быў адмыслова пасланы Антон Баліцкі. Аднак менскія ўлады на перавод брыгады ў Беларусь не наважыліся. Тым часам у брыгадзе адбыўся прыкры інцыдэнт: Вэнт без суду застрэліў аднаго чырвонаармейца, за што вайсковы рэвалюцыйны трыбунал прысудзіў яму адпраўку на фронт. Аб гэтай пары як раз распачалося паўстаньне атамана Грыгор’ева. Вэнт далучыўся да яго, але нічога добрага з гэтага ня выйшла. Паўстаньне скончылася пагромам і стралянінай у горадзе. Галоўных завадатараў паўстаньня арыштавалі і расстралялі, брыгаду пераназвалі ў брыгаду імя таварышча Леніна і выправілі на фронт, а палкоўнік Вэнт зьнік немаведама куды.

* * *
Пры разборы ў вайсковым трыбунале справаў брыгады дакапаліся і да Некрашэвіча як галоўнага арганізатара антысавецкай дывізііі. Давялося доўгі час хавацца. Калі справа брыгады трохі прыціхла, ён пачаў паўлегальна працаваць у беларускіх культурна-прасьветных арганізацыях. Вось тады і давялося хавацца пад цёмнымі акулярамі і асьцярожна азірацца на вуліцах, хаваючыся ад бальшавіцкіх патрулёў. Шкада – нельга было прыклеіць бараду з вусамі – бо яны ўжо былі, а згаліць было шкада. З адыходам бальшавікоў непасрэдная пагроза жыцьцю мінула, аднак новая ўлада – добраахвотніцкая армія Дзянікіна – вырашыла скончыць гульню ў дэмакратыю і самавызначэньне народаў. Галоўнакамандуючы генэрал Шылінг зачыніў грузінскі кансулят, падобная варожасьць была выяўленая і да прадстаўніцтваў ншых краінаў, а Дзянікін нават не прыняў дэлегацыі ад Латвіі, сказаўшы, што сувэрэннае Латвіі ён ня ведае. Болей беларускаму консулу ў Адэсе не было чаго рабіць.

* * *
Сьцяпан Некрашэвіч замкнуў памешканьне кансуляту, сабраў свае сьціплыя валізкі і выправіўся ў дарогу – напачатку ў Кіеў, а адтуль у Камянец, дзе пры ўрадзе Украінскай Народнай Рэспублікі знаходзілася беларускае пасольства. Ад Кіева да Камянца давялося ісьці і ехаць 19 дзён у нялюдзкіх умовах, прабіраючыся праз бальшавіцкі фронт па сьнезе і марозе. Прыехаўшы 13 лістапада ў Камянец, ён захварэў на тыф. Вылечыўся ўжо ў Варшаве, куды й сам ня памятаў, як трапіў. Так скончыўся сон даўжынёю ў год. Займаўся новы, золкі і неспатольны дзень.


Першая перадача цыклю “Невядомая БНР”

“Невядомая БНР”: Аўгіньня Алексючанка

“Невядомая БНР”: Ян Чарапук

“Невядомая БНР”: Беларускія палітыкі і міжнародныя змовы

“Невядомая БНР”: Дыпляматы і тэрарысты

“Невядомая БНР”: “Будучы паводле нараджэньня беларусам...”

“Невядомая БНР”: Габрэі ў БНР

“Невядомая БНР”: БНР і савецкая Расея

“Невядомая БНР”: Атаман Хмара
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG