Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УПЕРШЫНЮ ЗА ВОСЕМ ГАДОЎ ВІЦЕБСКІ СУД АПРАЎДАЎ АПАЗЫЦЫЯНЭРА БАРЫСА ХАМАЙДУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Рашэньне пра тое, ці ёсьць палітычным плякатам цытата зь верша Янкі Купалы, судзьдзя Чыгуначнага раённага суду Віцебску Сьвятлана Туфан прымала цягам цэлага тыдня — суд тройчы пераносіўся, пакуль нарэшце сёньня ня стаў вядомы вырак. Не пагадзіўшыся з фармулёўкамі міліцэйскіх пратаколаў, судзьдзя не прызнала Барыса Хамайду вінаватым у несанкцыянаваным пікетаваньні.

На думку спадара Хамайды, цяпер усе апазыцыянэры карыстаючыся гэтым судовым прэцэдэнтам, могуць скарыстаць ягоную ідэю прапагандаваць беларускую незалежнасьць, апэлюючы да творчасьці клясыкаў беларускае літаратуры.

(Хамайда: ) “Я лічу, што гэта гістарычнае рашэньне. Цяпер, паводле майго меркаваньня, апазыцыянэрам па ўсёй Беларусі трэба выходзіць на вуліцы з цытатамі вершаў беларускіх песьняроў. Мы абавязкова ўратуем Беларусь зь іх дапамогай.

Паўстаньце! Край наш стогне родны!
Заве збаўляць, як зваў ня раз.

Гэта ж заклік да вызваленьня нашай Бацькаўшчыны! Апазыцыі ўвогуле тут ня трэба дадаваць нічога ад сябе: бярыце вершы Купалы, Коласа, Багдановіча ды выходзьце на вуліцы!”

Сёньняшняе рашэньне судзьдзі сталася ў пэўным сэнсе гістарычным і для самога Барыса Хамайды: упершыню за апошнія восем год ягоны выхад да “Сіняга дому” ня быў прызнаны правапарушэньнем ды не пацягнуў арышту або штрафу.

На жаль, спадарыня Туфан адмовілася якім-небудзь чынам пракамэнтаваць гэтую падзею, хіба толькі зазначыла, што кожны цывілізаваны чалавек мусіць паважна ставіцца да творчасьці клясыкаў роднае літаратуры, і ў дачыненьні да акцыі спадара Хамайды яна імкнулася прыняць адзіна справядлівае рашэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG