Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМУНАЛЬНІКІ НЯ ТОЛЬКІ ПАЧАЛІ АДКЛЮЧАЦЬ ВАДУ І ЭЛЕКТРЫЧНАСЬЦЬ, АЛЕ НАМЕРВАЮЦЦА ВЫСЯЛЯЦЬ НЕПЛАЦЕЛЬШЧЫКАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Каб спагнаць запазыкі, камунальныя службы Менску пачалі адключаць сьвятло і ваду тым, хто нясвоечасова разьлічваецца за паслугі. Прычым зрабіць гэта няцяжка, — кажа дырэктар жыльлёвай службы Маскоўскага раёну сталіцы Алег Воранаў:

(Воранаў: ) “Электрычнасьць мы адключаем пастаянна: прыходзіць электрык з майстрам, галоўны інжынэр і адключаюць лічыльнік, бо ў нас да іх ёсьць доступ. І ваду мы адключым — няма пытаньняў: можна заглушку паставіць, можна перакрыць вэнтыль, і ня будзе вады. Тэхнічна гэта магчыма, але ёсьць праблема патрапіць у кватэру. Чалавек не адкрые дзьверы й усё: я ж не зламлю”.

Толькі ў Маскоўскім раёне сталіцы за мінулы год гэткім чынам былі адключаныя 16 тысяч катэраў. Прычым, камунальнікі ведаюць, што сярод даўжнікоў мізэрная колькасьць нядобранадзейных грамадзянаў. А ў асноўным гэта рабочыя й пэнсіянэры. Гаворыць бухгальтарка Валянціна Чаплінская:

(Чаплінская: ) “Ёсьць няўладкаваныя сем’і, але, як правіла, абсалютна нармалёвыя, але тыя людзі якія працуюць на заводах: нясвоечасова выплацілі заробак — нясвоечасова разьлічыліся. Пасьля таго, як падняліся тарыфы, многія прыходзяць на прыём і кажуць, што пэнсія нашая, да прыкладу, 70 тысяч, таму ня будзем плаціць. Хоць пэнсіянэры, да сёньняшніх дзён, заўсёды плацілі своечасова”.

Тым ня менш, камунальнікі намерваюцца перайсьці да больш жорсткіх мэтадаў спагнаньня грошай. А менавіта — да адсяленьня грамадзянаў у менш камфортнае жытло. Яны кажуць, што камунальныя службы змушае гэта рабіць патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі пра першачарговы разьлік за энэрганосьбіты. Гаворыць Алег Воранаў:

(Воранаў: ) “Пачынаем рыхтаваць судовыя пазовы, каб, да прыкладу, перасяліць гэтага чалавека ў меншую кватэру. У нас іншага выйсьця нама: калі чалавек ня зможа заплаціць 70 тысяч, то няхай ідзе ў горшае жытло, якое больш таннае. Да гэтага, паступова ўсё і прыйдзе. Таму, што грошы, якія жыхар плаціць, мы транзытам пералічваем прадпрыемствам энэргетыкі. Цяпер паводле ўсіх пастановаў пазыкаў па энэргетыцы не павінна быць”.

На сёньня колькасьць неплацельшчыкаў у краіне складае больш за 10% ад усіх карыстальнікаў камунальных паслугаў. Гэта прыкладна 300 тысяч сем’яў. Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што пасьля апошняга падвышэньня тарыфаў гэтая лічба істотна падвысіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG