Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЎДЗІНСК


Галіна Абакунчык, Праўдзінск

Спачатку было прадпрыемства. У 1962 годзе на асушаным балоце ў ваколіцах Пухавічаў збудавалі торфабрыкетны завод “Сяргеевіцкае”. Паволі гэтая сушылка чорнай глебы стала абрастаць цаглянымі дамамі з кватэрамі-камуналкамі для наёмных працаўнікоў з навакольных вёсак. Так узьнік Праўдзінск — штучны пасёлак гарадзкога тыпу: зь бязьлікім назовам, безь вясковых хатаў і грамадзкага транспарту. Паселішча за гадзіну можна нясьпешна абысьці пехатою, але ўсё, што тут збудаванае, зьявілася дзякуючы заводу.

Летась зь цяжкасьцю ўдалося ўратаваць прадпрыемства ад закрыцьця, бо вяскоўцы амаль перасталі купляць торфабрыкет, — кажа дырэктар заводу Анатоль Мерзьлік.

(Мерзьлік: ) “Калі людзі маглі зарабляць грошы, у нас не было праблемаў са збытам брыкету. Мы выпрацоўвалі па 117 тысяч, а цяпер толькі 25 тысяч тонаў. І мы не адны такія. Дурдом быў са ста далярамі, выкручвалі нам рукі — плаці. Заробак падвысілі ў 2,5 разу, а цяпер пайшоў адкат назад. Заяўляюць мне нашыя “пэрпэндыкуляры” мясцовыя — у нас у першую чаргу бюджэтнікі, а вы — пасьля. Значыць, альбо заробак зьніжай, альбо людзей скарачай. А куды ім, бедным, падзецца? Сьпівацца, як тое ў нашым пасёлку ўжо адбываецца?”

Папоўніць мясцовы бюджэт коштам новых падаткаў, а таксама стварыць дадатковыя працоўныя месцы ў Праўдзінску прапаноўвалі менскія прадпрымальнікі. Яны пажадалі выкупіць будынкі дзьвюх зачыненых крамаў, каб стварыць у іх цэхі па вытворчасьці кетчупаў ды сокаў. Аднак іхныя грошы за зношаныя пабудовы для раённых уладаў падаліся малымі, і таму будынкі працягваюць пуставаць ды разбурацца й надалей.

Зачыненыя тут і дзьве былыя пасялковыя сталоўкі. Ад беспрацоўя ды безграшоўя больш адукаваныя й кемлівыя месьцічы для сябе паратунак знайшлі: адшукваюць у Менску зьбяднелых кватэраўладальнікаў, каб памяняцца зь імі жытлом за пэўную суму наяўных. Так у мястэчку пачалі зьяўляцца нязвыклыя для тутэйшых мясьцінаў праблемы, якія прынесьлі са сталіцы людзі іншага гатунку. Кажуць працаўнікі прадпрыемства:

(Спадар: ) “П’яніцы й алькаголікі”.

(Спадар: ) “Анаша расьце адразу каля брыкетнага. Раней завезьлі — плянтацыі расьлі, а цяпер сама сеецца й памнажаецца. Прыяжджаюць па яе і з Дружнага, і адусюль”.

(Карэспандэнтка: ) “А што мясцовыя ўлады: яны што, ня бачаць?”

(Спадар: ) “Бачаць. А толку? Што яны зробяць? Ловяць, ловяць і ня зловяць”.

(Карэспандэнтка: ) “Людзі жывуць нармалёва ці цяжка жывуць?”

(Спадар: ) “Цяжка жывуць. Няма працы. Быў сэзон торфу — не было саляркі, салярка зьявілася — сапсавалася надвор’е, торф сушыць ня будзеш. А зімой увогуле на голым тарыфе, з рыдлёўкай ходзіш і ўсё. І тое тры месяцы заробку не даюць”.

(Спадар: ) “Уцякаюць людзі з пасёлку. Прадаюць кватэры і зьяжджаюць”.

Цяпер у Праўдзінску жывуць усяго каля трох тысяч чалавек, і многія між сабой добрыя знаёмцы. Усім тут жыць цяжка, але тутэйшы люд намагаецца хоць неяк падтрымаць адзін аднага. Прыкладам, гандляры на мясцовым рынку, адпускаюць харчы напавер.

(Гандлярка: ) “Мы гандлюем у пазыку. Вы можа й не зразумееце такую форму гандлю, бо ў той жа Мар’інай горцы, нашым райцэнтры, такога няма. Даем людзям у пазыку, бо яны ня могуць з намі разьлічыцца”.

(Гандлярка: ) “Заробкі звычайна затрымліваюць, і людзі, бывае, паўгоду-год ня могуць нам вярнуць грошы. Проста таму, што паважаеш людзей, што шкадуеш усіх”.

У Праўдзінску акрамя звыклага Дому культуры з платнай дыскатэкай ды бібліятэкі са састарэлым кніжным фондам, іншых месцаў адпачынку няма, хаця моладзі тут шмат. Ад пачатку працы торфазаводу перапоўненымі былі аж два дзіцячыя садкі, але сёньня ў адным ужо закратаваныя вокны. Выхаванцы тых садкоў даўно дарослыя людзі, але не сьпяшаюцца ствараць уласныя сем’і, каб не туліцца ў адных кутах са сваімі бацькамі. Віктару Царкевічу, як былому старшыні пасялковага савету, а цяпер школьнаму настаўніку, больш за іншых крыўдна, што ўлады не зважаюць на патрэбы моладзі.

(Царкевіч: ) “Улады не выдаткоўваюць фінансавай падтрымкі для моладзі, каб можна было ствараць працоўныя месцы. Праблемамі моладзі ніхто не займаецца. У раёне створаны моладзевы камітэт пры Пухавіцкім райвыканкаме, які фінансуецца за грошы падаткаплатнікаў. Але й я, і нашая моладзь нікога ў вочы ня бачылі. Справы моладзі пасёлку іх не цікавяць. Калі нашая краіна й надалей будзе весьці такую моладзевую палітыку, то ў недалёкай будучыні нас, пэўна, захлісьне гэтая хваля наркаманіі й павальнага п’янства. Я думаю, што калі ўсе людзі будуць баяцца й будуць маўчаць, то ў нас ніколі ня можна будзе нічога зьмяніць у лепшы бок”.

На мясцовую ўладу, асабліва пасялковы савет, праўдзінцы ўвогуле наракаюць вельмі шмат: за сваю побытавую неўладкаванасьць, за чыноўніцкую ўсёдазволенасьць і беспакаранасьць. Але на якія-небудзь зьмены да лепшага ў зьвязку з будучымі выбарамі ў мясцовыя ўладныя структуры яны амаль не спадзяюцца.

(Спадарыня: ) “На першы погляд, дык у нашым пасёлку ўвогуле ніякай улады няма”.

(Спадарыня: ) “Сьвятла нідзе няма ў пасёлку, адзін лекар на ўсю лякарню”.

(Спадар: ) “Самы брудны пасёлак”.

(Спадарыня: ) “Ваду адключаць, калі ўздумаецца — ніхто не папярэдзіць, нічога, а грошы бяруць. Адно толькі што зрабілі, раздулі штаты, што ходзіць зондэр- каманда водаканалу й зондэр-каманда дворнікаў. Як вываляць, дык, каб у калгас гэтую гвардыю, дык яны рыдлёўкамі ўскапалі б гэтае поле калгаснае. У канторы таксама: слухайце, гэта ж сьмеху варта — адзін электрык і на яго майстар!”

(Спадар: ) “Вунь там стаяць катэджы, дык там кран стаяў два гады! А рабочаму далі б кран на два гады?”

(Карэспандэнтка: ) “Якое вы бачыце выйсьце з гэтага становішча?”

(Спадар: ) “Трэба перабіраць мясцовую ўладу, абавязкова. Трэба ставіць сумленнага чалавека”.

(Спадар: ) “Для рабочых людзей. Тут адны рабочыя жывуць, тут міністры не жывуць”.

(Спадарыня: ) “Але ў людзей ніхто не пытаецца. Тут яго выберуць так, што паходзяць па хатах і прыгрозяць. Я ў мінулым годзе за старшыню не галасавала, але ж яго выбралі ўсё роўна”.

Актывісты нешматлікіх у пэрыфэрыі апазыцыйных дэмакратычных партыяў жадаюць усё-такі зварушыць уладу. А таму вылучаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, хоць чыноўнікі гэтаму й чыняць перашкоды. Гаворыць лідэр філіі БНФ Пухавіцкага раёну Канстанцін Шпунтоў:

(Шпунтоў: ) “Партыя БНФ і грамадзкі рух “Адраджэньне” бяруць актыўны ўдзел у выбарах. Я ня ведаю, што з гэтага атрымаецца, бо старшыня нашага райвыканкаму заявіў адкрытым тэкстам: мы будзем супрацоўнічаць толькі з тымі палітычнымі партыямі й грамадзкімі арганізацыямі, якія з разуменьнем ставяцца да таго становішча, якое ёсьць у краіне, і падтрымліваюць яго. Я думаю, што ўдзельнічаць у мясцовых выбарах трэба хаця бы ўжо з адной гэтай прычыны”.

Тут, у Праўдзінску, ізноў давялося пачуць, што дэмакратычныя сілы безвынікова губляюць шмат высілкаў з-за блякады ўладамі свабоднага слова. Гэтую загану ў сваім рэгіёне пухавіцкія апазыцыянэры распачалі выпраўляць, стварыўшы тут дзьве незалежныя газэты — “Павятовая” й “Рэгіён”. Адзін з заснавальнікаў “Рэгіёну” Вадзім Баганік кажа, што робіць гэта зь перакананьня, што пэрспэктыва й будучыня Беларусі за яе малымі месцамі й гарадамі.

(Баганік: ) “Усе праблемы будуць вырашацца на мясцовым узроўні, мясцовым грамадзтвам. Стварэньне гэтага грамадзтва, зацікаўленьне людзей жыць інфармавана, не глядзець за тыя 60 кілямэтраў у Менск, а жыць сваім жыцьцём — гэта галоўнае. Вось зараз у нас ёсьць магчымасьць праз газэту стварыць для людзей такі асяродак. Пра іх больш ніхто не паклапоціцца, пра гэтыя 70 тысяч жыхароў раёну, акрамя іх саміх. У адрозьненьне ад афіцыйнай газэты “Пухавіцкія навіны”, дзе фотаздымкі — гэта нібыта ўзнагарода чалавеку, у нас на здымках — мінакі, людзі, якія могуць нам сустрэцца проста на вуліцы. Іхнае меркаваньне нам цікавае, цікавае астатнім, яны проста жывуць. Яны таксама складаюць гісторыю нашага раёну”.

Мясцовую грамадзкую супольнасьць тутэйшыя апазыцыянэры зьбіраюцца гуртаваць ужо цяпер: незалежна ад вынікаў мясцовых выбараў яны намерваюцца распачаць збор подпісаў за адкліканьне вылучэнца гэтага рэгіёну ў Палату прадстаўнікоў Ігара Катлярова. У свой час былы камуніст шмат абяцаў тутэйшаму люду палепшыць іхнае штодзённае цяжкае жыцьцё. Чакаць тры гады выкананьня гэтых абяцанкаў людзі не жадаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG