Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХОЧАШ ПАСКАРДЗІЦЦА — ПЛАЦІ


Галіна Абакунчык, Менск

Паводле новага прэзыдэнцкага дэкрэту, дзяржпошліну будзе плаціць кожны, хто пажадае абскардзіць у судзе рашэньні дзяржаўных органаў, судоў альбо асобных чыноўнікоў, прынятых у выніку разгляду справаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Пракамэнтаваць, зь якой мэтай прымаўся гэты дакумэнт, прэсавая служба Лукашэнкі адмовілася.

Правабаронцы ж называюць дэкрэт спробай вырашыць фінансавае становішча судоў за кошт шараговых грамадзянаў, а таксама чарговым наступам на палітычна-актыўных грамадзянаў краіны. Гаворыць каардынатар праваабарончага цэнтру “Хартыя-97” Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “Нашая дзяржава ня мае грошай, судовая сыстэма не атрымлівае належных сродкаў, і таму яны зарабляюць. А як зарабляць — узяць з грамадзянаў. А яшчэ — прыціснуць палітычных дзеячоў, палітычна-актыўную апазыцыю. Каб яны сядзелі, каб маўчалі й нічога не парушалі. А законы пішуцца такія, што крок улева — крок управа, і ты ўжо парушальнік”.

Міністэрства юстыцыі адмаўляецца назваць агульную колькасьць адміністрацыйных справаў, якія штогод разглядаюць дзяржаўныя органы. Аднак незалежныя экспэрты сьцьвярджаюць, што гэтая лічба блізкая чвэрці мільёну. І толькі дзясятую частку іх складаюць справы грамадзка-палітычнага характару. Такім чынам, ад прэзыдэнцкага дэкрэту найперш пацерпяць шараговыя грамадзяне, якія й дагэтуль часьцей шукалі дапамогі не ў дзяржаўных органах, а ў незалежных грамадзкіх арганізацыях. Гаворыць юрыст Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “Гэты дэкрэт відавочна парушае правы грамадзянаў. Гэта парушае права на судовую абарону, а любое ўмяшальніцтва ў праве доступу да суду пярэчыць Канстытуцыі. Натуральна, што пацерпяць шырокія колы грамадзянаў, таму што большасьць зь іх зьвяртаецца не паводле палітычна-матываваных справаў, а паводле звычайных адміністрацыйных пакараньняў. Гэта кіроўцы аўтамабіляў, хатнія гаспадыні, бацькі непаўнагадовых дзяцей і іншыя. БГК намерваецца зьвярнуцца й у Палату прадстаўнікоў, і ў Канстутыцыйны суд, каб вызваліць усіх грамадзянаў ад аплаты дзяржпошліны пры абскарджваньні дзеяньняў дзяржаўных чыноўнікаў і ўладных структураў. Бо шырокае прымяненьне дзяржпошліны пазбаўляе грамадзянаў права на абарону”.

Паводле дэкрэту, памер пошліны за падачу скаргі на дзеяньні дзяржаўных органаў і чыноўнікаў мусіць вызначыць Савет Міністраў. Прававую моц гэты дакумэнт набудзе з 1 лютага 2003 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG